Перайсці да зместу

Ганаровая гвардыя Вялікага Княства Літоўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ганаровая гвардыя Вялікага Княства Літоўскага — атрад кавалерыі, створаны ў 1812 годзе з прадстаўнікоў найбунейшых радоў літоўскай шляхты на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Магчымы выгляд ганаровых гвардзейцаў (гіды Панятоўскага). Мал. Я.Хельмінскага

Пасля заняцця французамі Вільні, па ініцыятыве Часовага ўрада ВКЛ быў сфарміраваны асаблівы падроздзел Ганаровай гвардыі з мэтай аховы асобы Імператара. Туды, адразу ж пасля ўступлення Напалеона ў Вільню, былі адабраны 20 юнакоў з самых шляхетных літвінскіх арыстакратычных сем’яў: Валовічаў, Ромэраў, Плятэраў, Забела і некаторых іншых. Камандзірам гэтага добраахвотніцкага падраздзялення (афіцыйна ў структуру імператарскай Гвардыі не ўваходзіў) стаў князь Габрыэль Агінскі. Да нясення ганаровай варты пры Напалеоне наваяўленыя гвардзейцы прыступілі ў жніўні.

Падраздзяленне пакрысе папаўнялася новымі добраахвотнікамі. У сярэдзіне ліпеня «Кур’ер Літоўскі» паведамляў сваім чытачам:

«Натхнёная моладзь са ўсіх бакоў сцякаецца пад баявыя сцягі. Справядлівым будзе пералічыць імёны гэтых руплівых сыноў Літвы, першымі якія ўзяліся за зброю і абмундзіраваных за свой рахунак. У Ганаровай Гвардыі бачым мы князя начальніка, Пілсудскага, Брыёта, Плятэра, Рэна, Рамэра, Хлявінскага, Стравінскага, двух Валовічаў, Пузыну, Ласковіча, Забела, Лянкевіча, Чарноцкага, Насажэўскага, Яленскага, Памарнацкага».

Імператар, адправіўшыся з Вільні далей на ўсход, пакінуў гэтае падраздзяленне ў сталіцы ВКЛ для даўкамплектавання, але не забыўся пра яго. 29-га ліпеня з Віцебска ён пісаў герцагу Басано:

«Высветліце ўсё адносна стваранай Ганаровай Гвардыі. Трэба пераканацца, перш чым паставіцца сур’ёзна да гэтага фарміравання, што ў ім складаецца ад пяцідзесяці да шасцідзесяці асоб».

Трэба меркаваць, такую колькасць усё ж сабралі, і ўжо 8-га жніўня часопіс «Кур’ер Літоўскі» апавяшчаў:

«Першыя прозвішчы нашага краю маюць з дазволу Імператара і Караля Вялікага Напалеона адкрытае поле служэння ў Ганаровай Гвардыі, колькасць якой памнажаецца».

На зыходзе лета літвінскія гвардзейцы прыбылі з Вільні ў Смаленск, дзе з іх склалі некалькі ганаровых варт для аховы імператара. Напалеон быў адкрыта расчараваны малалікасцю Ганаровай Гвардыі Вялікага Княства. 1-га верасня са сваёй стаўкі ў Веліхава ён пісаў у Вільню герцагу Басано:

«Пакуль адзіная дапамога, якую я атрымаў ад Літвы, абмяжоўваецца дванаццаццю ганаровымі вартамі».

Вядома, што пасля свайго ўступлення ў Маскву Імператар адаслаў іх на папаўненне 3-га палка шавалежаў-лансьераў генерала Я. Канопкі.

Адтуль, пасля расфарміравання палка вясной 1813 года «залатая моладзь» улілася ў полк В. Красінскага, але далёка не ўсе: некаторыя да таго патрапілі ў рускі палон пры Слоніме, іншыя, дзякуючы роднасным сувязям, сталі ад’ютантамі польскіх і французскіх генералаў. У ліку такіх быў дваццацідвухгадовы К. Забела, прызначаны 11 красавіка 1813 года падпаручнікам у 1-й полк шавалежаў-лансьераў. Ён, аднак, не прыняў намінацыю і перайшоў з чынам паручніка на пасаду старэйшага ад’ютанта 2-га ўланскага палка Княства Варшаўскага.

Паслужныя спісы гвардзейскіх шэвалежэр-лансьераў утрымліваюць звесткі толькі аб некалькіх былых ганаровых гвардзейцах, якія працягнулі службу ў палку В. Красінскага. П. Магільніцкі выслужыў у красавіку 1814 года чын падпаручыка. Ф. Стравінскі, К. Нарбут і Ф. Ласковіч служылі да канца вайны вахмістрамі. Ф. Чарнецкі быў брыгадзірам, «застаўся ў тыле» напярэдадні Лейпцыгскай бітвы, а шэвалежэр К. Абрамовіч тады ж трапіў у палон.

Самым адважным з гэтай кагорты, як падаецца, быў васемнаццацігадовы Іосіф Нарбут, малодшы брат Казіміра. Першае са сваіх 13 раненняў ён атрымаў пры Слоніме, але здолеў тады выратавацца. Удача адвярнулася ад адважнага літвіна 6 кастрычніка 1813 года пры Альтэнбургу, дзе ён быў ізноў паранены і запалонены. Аднак, крыху паправіўшыся, ужо праз 8 дзён збег, прыбыў у полк і доблесна ваяваў у чыне вахмістра, а затым падпаручыка да канца вайны.

Пра баявыя страты Ганаровай Гвардыі ВКЛ звестак няма. Ніхто з іх пасля пісьмовых успамінаў аб баявой маладосці не пакінуў. Яно і зразумела: былыя гвардзейцы Напалеона занялі з часам вядомыя пасады ў іерархіі Расійскай імперыі і нават пры царскім двары.

  • Andrzej Tomaszewicz. Wojsko Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas.- 2006.-№ 18.
  • Bronislaw Gembarzewski. Wojsko Polskie, Ksiestwo Warszawskie 1807—1814. Warszawa, 1905, reprint wyd. Kurpisz, Poznan, 2003.
  • Historia 17 pulku ulanow na tle wojsk litewskich 1812—1814 / Jozef Tyszkiewicz w opracowaniu Dariusza Nawrota i Andrzeja Nieuwaznego.- Gdynia: Wydawnictwo «Armagedon Books», 2004.
  • Nawrot D. Litwa I Napoleon w 1812 roku. Katowice, 2008.
  • Акты Виленской археографической комиссии. Т. XXXVII. Вильно, 1912.
  • Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Составил Ф. А. Кудринский. С факсимиле Императора Александра I, Наполеона и некоторых русских генералов. Вильна: Издание Управления Виленскаго Учебнаго Округа Типография А. Г. Сыркина, 1912.
  • Часовая мінская газета. 1812 год. — Мн.: Выд. В.Хурсік, 2008.
  • За падающей звездой. Лякин В. А. Изд. «Архив Великого Княжества Литовского», Минск, 2015