Геня Жытамірскі
Геня Жытамірскі | |
---|---|
польск.: Henio Żytomirski | |
| |
Імя пры нараджэнні | польск.: Henryk Żytomirski |
Род дзейнасці | вучань |
Дата нараджэння | 25 сакавіка 1933 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 лістапада 1942 (9 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | іўдаізм |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геня Жытамірскі (польск.: Henio Żytomirski, іўр.: הניו ז'יטומירסקי; 25 сакавіка 1933, Люблін — 9 лістапада 1942, канцэнтрацыйны лагер Майданак ) — яўрэйскі хлопчык з Любліна, ахвяра Халакосту. Паходзіў з асіміляванай яўрэйскай сям’і. Калі пачалася Другая сусветная вайна яму было 6 гадоў. У 1941 г. яму і ўсёй яго сям’і давялося пераехаць у Люблінскае гета. У 1942 г. гета было ліквідавана, а некалькі тысяч люблінскіх яўрэяў, уключаючы Геню, былі забітыя. Дзякуючы мерапрыемствам, прысвечаным памяці люблінскіх яўрэяў, яго постаць стала адным з сімвалаў Халакосту ў Польшчы[1][2].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя сям’і Жытамірскіх адноўлена не цалкам. Вядома, што дзед Гені Жытамірскага, Фраім (Эфраім) Жытамірскі, нарадзіўся ў 1880 г. у Меджыбіжы на Падоллі (Украіна). У канцы XIX стагоддзя ў Варшаве ён сустрэў сваю будучую жонку Хаю (у дзявоцтве Меламед) з Рыгі (Латвія). У іх было пяцёра дзяцей. Ёсць звесткі, што Фраім удзельнічаў у рэлігійным жыцці варшаўскага кагалу , але невядома, чым ён займаўся прафесійна.
Пасля Першай сусветнай вайны сям’я Жытамірскіх пераехала ў Люблін і пасялілася на вуліцы Любартоўскай, 22. Сям’я Хаі засталася ў Варшаве, а стрыечная сястра Фраіма Лена Хехтман эмігравала ў ЗША. У Любліне Фраім Жытамірскі быў уладальнікам канцылярскай крамы[3].
Яго сын, Самуэль (Шмуэль), ажаніўся з Сарай (дзявочае прозвішча Оксман) і атрымаў педагагічную адукацыю. Спачатку працаваў настаўнікам у яўрэйскай школе ў Варшаве, а потым у пачатковай школе ў Быхаве. Быў яе заснавальнікам і, верагодна, дырэктарам. Выкладаў гісторыю і літаратуру. Шмуэль быў прыхільнікам новых адукацыйных тэндэнцый у яўрэйскай адукацыі (яўрэйскія свецкія школы Тарбут мелі навучальную праграму ў польскіх школах, але з акцэнтам на іўрыт). Верагодна, што акрамя працы ў Быхаве ён выкладаў і ў Любліне. Сара кіравала крамай. У 1933 годзе ў іх нарадзіўся сын Геня[3].
Дачка Фраіма Соня выйшла замуж за Юзафа Корнберга, а потым яны пасяліліся ў Казімежы Дольным. У 1936 годзе ў іх нарадзіўся сын Абрагам. Эстэр і Рахель — дзве іншыя дачкі Фраіма замуж не выйшлі [3]. Другі сын, Лявон (Іегуда), іміграваў у Палесціну ў 1937 годзе. Падобна як і яго бацька Фраім і брат Самуэль, Лявон быў прыхільнікам сіянісцкіх ідэй. Падчас эміграцыі ажаніўся з Ханай (дзявочае прозвішча Хохберг). Уся сям’я Жытамірскіх спрабавала выехаць у Палесціну, але безвынікова. 1 верасня 1939 г. пачалася вайна. З усёй сям’і выжыў толькі Лявон Жытамірскі[3].
Падрабязнасці жыцця Гені Жытамірскага і яго сям’і сталі вядомыя, дзякуючы дачцэ Лявона Нэтце Жытамірскай-Авідар, мастачцы з Ізраіля. У 2001 годзе яна прыехала ў Люблін і прывезла з сабой некалькі лістоў і фотаздымкаў з сямейнага альбома. У Любліне яна пазнаёмілася з супрацоўнікамі Цэнтра «Брама Гродска — Тэатр NN» , якія імкнуцца захаваць памяць аб яўрэйскім мінулым горада. Пасля размовы з імі яна вырашыла накіраваць у Люблін і іншыя дакументы з сямейнага архіву[4].
Фраім Жытамірскі | Хая (Меламед) | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Шмуэль | Сара (Оксман) | Соня | Юзаф Корнберг | Эстэр | Лявон | Хана (Хохберг) | Рахель | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Генрых | Абрагам | Нэтта | Нахум Авідар | Якаў | Эрэль | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Юваль | Шмуэль | Якаў | Дганіт | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Геня Жытамірскі нарадзіўся 25 сакавіка 1933 г. у Любліне. Быў адзіным дзіцём сваіх бацькоў. У верасні 1937 г. пачаў наведваць дзіцячы садок. У ліпені 1938 года адпачываў у вёсцы Руды каля Пулаваў. Стрыечны брат пісаў пра яго як пра жывое і рухлівае дзіця[5]. Ёсць здымкі практычна з кожнага года жыцця Гені (да шасці гадоў). Апошні яго здымак быў зроблены 5 ліпеня 1939 г. на прыступках аднаго з банкаў у Любліне. На фотакартцы сарамліва ўсміхаецца маленькі Геня, апрануты ў белую кашульку, клятчастыя шорты і паласатыя шкарпэткі[6].
Улетку 1939 г. хлопчык вучыўся ездзіць на новым веласіпедзе, а таксама рыхтаваўся пайсці ў школу[7]. Яго бацька хацеў, каб Геня вывучыў іўрыт, а потым паехаў у Палесціну[5]. Гэтым планам не было суджана спраўдзіцца з пачаткам Другой сусветнай вайны.
У пачатку вайны бацька Гені — Шмуэль ненадоўга паехаў у Львоў, спрабуючы атрымаць дазвол на выезд яго сям’і за мяжу. Справа была няўдалай, і ён вярнуўся ў Люблін. 24 сакавіка 1941 г. Жытамірскі атрымаў загад пакінуць кватэру па адрасе вул. Шэўская д. 3 і пераехаць у гета па адрасе вул. Кавальская д. 11. Шмуэль стаў супрацоўнікам юдэнрата і паштовым работнікам у гета. Яго цёткі, Рахель і Эстэр таксама працавалі ў гета, а маці — дома. Дзед Фраім памёр 10 лістапада 1941 г. ад тыфу[3]. Перад смерцю дзед папрасіў пахаваць яго каля брамы на могілках, каб «першым убачыць вызваленне Любліна». Аднак у 1943 г. падчас ліквідацыі могілак магіла і надмагілле Фраіма Жытамірскага былі знішчаны[8].
У ноч з 16 на 17 сакавіка 1942 г. немцы пачалі ліквідацыю Люблінскага гета. Хутчэй за ўсё да 20 красавіка 1942 г. усе жанчыны сям’і Жытамірскіх былі дэпартаваны ў лагер смерці ў Бэлжцы ў рамках аперацыі «Рэйнхард» . Геня і яго бацька былі пераведзены ў гета ў Майдан Татарскі (адзін з раёнаў Любліна) [3].
Апошні ліст Шмуэля Жытамірскага, дзе ўзгадваецца пра Геня, быў дастаўлены ў штаб-кватэру Чырвонага Крыжа 8 студзеня 1943 г. (дата напісання ліста невядомая, напэўна, ён быў напісаны значна раней)[9]:
Дарагі Лявон! Я атрымаў прывітанне. Незвычайна крануты. Бацька памёр 10 лістапада 1941 г. Мы з Генюсям разам. Перадайце прывітанне Хане і ўсёй маёй сям’і[10]. [Самуэль]
|
Пасля ліквідацыі гета ў Майдане Татарскім, 9 лістапада 1942 г., зняволеныя былі перавезены ў канцлагер у Майданку. Хутчэй за ўсё, у той жа дзень Геня быў закатаваны ў газавай камеры разам з іншымі дзецьмі і састарэлымі, няздольнымі працаваць.
Яго бацька быў накіраваны ў працоўны лагер у Вяняве , дзе на месцы разбураных яўрэйскіх могілак будаваўся спартыўны стадыён[3]. У сваім апошнім лісце да сваякоў, адпраўленым 19 сакавіка 1943 г., Шмуэль Жытамірскі пісаў толькі пра сябе, а гэта значыць, што ў той час іншых членаў сям’і ўжо не было ў жывых [5]. Падрабязнасці смерці Шмуэля невядомыя. Хутчэй за ўсё ён быў застрэлены падчас акцыі Эрнтэфест[3].
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]На аснове рэканструкцыі гісторыі жыцця Гені Люблінскі цэнтр «Брама Гродска — Тэатр NN» рэалізаваў шэраг праектаў, прысвечаных захаванню памяці аб яўрэйскай абшчыне Любліна.
У рамках праекта «Лісты ў гета» з 2001 года моладзь з Любліна рассылала лісты на выпадкова выбраныя адрасы дамоў, якія існавалі ў Люблінскім гета (большасць з іх былі знішчаны ў 1942 годзе нацыстамі)[11]. Потым лісты былі накіраваны адпраўшчыкам з анатацыямі «такога адраса няма» альбо «невядомы адрасат»[12]. У 2002 годзе сярод атрымальнікаў гэтых лістоў упершыню з’явіўся Геня Жытамірскі[12]. З 2005 года дадзены праект ужо пад назвай «Лісты да Гені» сканцэнтраваўся на гісторыі жыцця хлопчыка і праводзіцца ў рамках святкавання Дня Памяці ахвяр Халакосту[13].
Немагчыма ўзгадаць 40 000 твараў люблінскіх ахвяр Халакосту. Памятайце хаця б адзін[6] |
Пачынаючы з 2005 года, 19 красавіка, на прыступках банка Pekao па адрасе Krakowskie Przedmieście, 64 (да вайны тут знаходзілася сядзіба банка Народнай Гаспадаркі) была ўстаноўлена рэпрадукцыя апошняй фатаграфіі Гені — гэта тое самае месца, дзе хлопчык быў сфатаграфаваны ў 1939 годзе за два месяцы да пачатку вайны. Таксама была ўсталявана спецыяльная паштовая скрыня, у якую ўсе госці — навучэнцы люблінскіх школ і іншыя выпадковыя жадаючыя маглі ўкінуць ліст адрасаваны хлопчыку[14]. У межах мерапыемства праводзяцца семінары для студэнтаў, накіраваныя на азнаямленне ўдзельнікаў з тэмай Халакосту праз прызму лёсу аднаго дзіцяці[15].
У 2003 г. у рамках праграмы ЕС «Нацысцкія канцэнтрацыйныя лагеры ў гістарычнай памяці» Цэнтр «Брама Гродска — Тэатр NN» у супрацоўніцтве з Дзяржаўным музеем на Майданку падрыхтаваў выстаўку «Азбука — дзеці ў лагеры Майданак». Выстаўка знаходзіцца ў лагернай казарме № 53 і прысвечана чацвярым дзецям, якія былі зняволенымі лагера: яўрэям Гені Жытамірскаму і Галіне Грынштэйн, польцы Яніне Бучэк і беларусу Пятру Кірышчэнка[16]. Прастора казармы сімвалічна падзелена на дзве часткі — «свет школы і азбукі» і «свет лагера». На выставе паказаны лёс дзяцей у канцлагеры, якіх гвалтоўна выкінулі з простага і наіўнага свету буквара і кінулі ў свет лагера[17]. Выстаўка на дадзены момант зачынена для наведвальнікаў[18].
Створаны два вэб-фотаальбомы: адзін прысвечаны выключна хлопчыку, другі — яго сям’і. Нягледзячы на параўнальна невялікую колькасць матэрыялаў, альбомы маюць значную гістарычную каштоўнасць і адкрываюць вобразы жыцця яўрэяў у Любліне да вайны. Фотаздымкі прадстаўляюць цёплыя і сардэчныя адносіны ў сям’і Жытамірскіх і паказваюць сувязь паміж пакаленнямі (прагулка дзеда Фраіма з унукамі, развітанне з Лявонам у Палестыне, сямейныя сустрэчы і г.д.)[19]. Гэтыя інтэрнэт-альбомы суправаджаюцца папяровай брашурай «Геня. Гісторыя аднаго жыцця»[20]. Па словах Эвы Станчык, кніга нагадвае яўрэйскія Кнігі памяці », дзе запісваліся імёны памерлых, але ў адрозненне ад іх яна створаная не яўрэямі [19].
18 жніўня 2009 г. створаны профіль Гені ў сетцы Facebook. Мадэратарам выступіў Пётр Брожэк, супрацоўнік «Брама Гродска», які апублікаваў фатаграфіі і паведамленні на польскай мове ад імя хлопчыка. Калі замежнікі пачалі далучацца да інтэрнэт-сяброў Гені, яны самі пераклалі паведамленні хлопчыка на іншыя мовы. У Цэнтры сабрана шмат інфармацыі пра Геню (у тым ліку фотаздымкі і лісты, дасланыя сваякамі з сям’і Жытамірскіх). На падставе гэтых матэрыялаў былі прапанаваныя тэксты, якія маглі б з’явіцца ў якасці аўтарскіх запісаў дзіцяці. Геня «апублікаваў» досыць простыя тэксты пра паўсядзённае жыццё, напрыклад:
Мне сем гадоў. У мяне ёсць мама і тата. У мяне ёсць маё любімае месца. Не ва ўсіх ёсць мама і тата, але ў кожнага ёсць сваё любімае месца. Сёння я вырашыў, што ніколі не з'еду з Любліна. Я застануся тут назаўсёды. У маім улюбёным месцы. З мамай і татам. У Любліне. |
Гэты праект выклікаў гучную дыскусію аб этычным аспекце стварэння вэб-сайта ад імя забітага дзіцяці. Адам Капцоўскі, гісторык з Любліна, быў асабліва супраць гэтай формы ўшанавання памяці ахвяр Халакосту. Аднак стрыечная сястра Гені Нэтта Авідар напісала ў пасце ў сваім профілі:
Мы спрабуем узнавіць яго жыццё ў гета са сведчанняў тых, хто выжыў, з дакументаў, з гісторыі Любліна падчас нацысцкай акупацыі. На падставе ўсіх крыніц мы спрабуем здагадацца, якім магло б быць яго сведчанне. Геня — гэта прадстаўнік, сімвал, вобраз. Яго фігура ўяўляе знішчэнне гістарычнай яўрэйскай супольнасці Любліна. |
Як лічыць выданне Deutsche Welle, профіль Гені — прыклад таго, як сайты сацыяльных сетак могуць быць паспяхова выкарыстаны ў адукацыйных мэтах [21][22]. Геня сабраў максімальную колькасць сяброў для індывідуальнага профілю. У ліпені 2010 года профіль быў закрыты з-за правіла, якое забараняе ствараць запісы Facebook ад імя трэціх асоб[23].
У 2012 годзе, праз 70 гадоў пасля ліквідацыі Люблінскага гета, гісторыя Гені Жытамірскага была прадстаўлена ў выглядзе чорна-белага комікса «Прагулка». Гэты асаблівы фармат быў абраны дзеля таго, каб дасягнуць мэтавай аўдыторыі — дзяцей і моладзі. У коміксе Геня шпацыруе з бацькам па Любліне. Шмуэль хоча пайсці да краўца, каб забраць школьную форму хлопчыка, але Геня аддае перавагу марожанаму. Па дарозе яны сустракаюцца з сябрамі, з якімі размаўляюць пра будучы выезд у Палесціну. У гэтай гісторыі няма гаворкі пра надыходзячую трагедыю. Толькі ў канцы кнігі з’яўляецца апошні фотаздымак хлопчыка з наступным каментарыем[24]:
Месца, паказанае на фотаздымку на папярэдняй старонцы, знаходзіцца ў самым цэнтры Любліна. Яно нічым асаблівым не вылучаецца і не прыцягвае да сябе ніякай увагі. У ліпені 1939 года тут некалькі хвілін стаяў маленькі яўрэйскі хлопчык, Геня Жытамірскі. Бацька сфатаграфаваў яго. Здымак захаваўся. Геня быў забіты падчас акупацыі [25]. |
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ „Letters to Henio” Photo Report (англ.)(недаступная спасылка). Centre for Holocaust Studies at The Jagiellonian University (10 снежня 2010). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2015. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Jolanta Ambrosewicz-Jacobs. The Holocaust and Coming to Terms with the Past in Post-Communist Poland (англ.). Center for Advanced Holocaust Studies. United States Holocaust Memorial Museum (21 красавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2015. Праверана 8 красавіка 2015.
- ↑ а б в г д е ё ж Majuk, Dominika. Rodzina Żytomirskich (польск.)(недаступная спасылка). Teatr NN. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2020. Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ Aviva Lori. Letters to a dead Jewish child (англ.) (3 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 18-07-2018. Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ а б в Żytomirska-Avidar, Netta. Henio Żytomirski – życiorys(нявызн.). Teatr NN (21 студзеня 2002). Архівавана з першакрыніцы 30.03.2016. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ а б Dras, Teresa. Henio, Chaim (19 красавіка 2008). Праверана 8 лютага 2015.(недаступная спасылка)
- ↑ Fijałkowska, Magdalena. Tak tęsknię za Heniem (15 czerwca 2007). Праверана 8 лютага 2015.
- ↑ «Listy do Henia» – doświadczenie pustki po Zagładzie (Lublin) . Uczyć się z historii (2006). Архівавана з першакрыніцы 30.10.2020. Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ Henio Żytomirski – kalendarium życia . Teatr NN (2006). Архівавана з першакрыніцы 15 лютага 2015. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Korespondencja Leona Żytomirskiego . Biblioteka Multimedialna Teatrnn.pl (1942/1943). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2015. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Kamińsky, Mariusz. Listy do getta . Radio Lublin (13 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 30.10.2020. Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ а б Tomasz Pietrasiewicz (2008). Kręgi pamięci. Lublin: Ośrodek „Brama Grodzka – Teatr NN”. p. 120. ISBN 978-83-61064-18-3.
- ↑ Krzykała, Monika. «Listy do Henia» – Dzień Pamięci o Holokauście i przeciwdziałaniu zbrodniom przeciw ludzkości(недаступная спасылка). Portal organizacji pozarządowych (13 красавіка 2006). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2015. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Wilkowski, Marcin. Powrót Henia Żytomirskiego(недаступная спасылка) 202-211 (2010). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2015. Праверана 8 лютага 2015.
- ↑ Miłkowska, Małgorzata. Listy do Henia 34-51 (2014). Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ Ziębińska-Witek, Anna. Reprezentacje «Wiedzy trudnej». Elementarz Tomasza Pietrasiewicza 59-71 (2010). Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ Grudzińska, Marta. «Żyła sobie raz Elżunia» . Niecodziennik Biblioteczny (2003). Архівавана з першакрыніцы 04.03.2016. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Elementarz – Dzieci w obozie na Majdanku(недаступная спасылка). Państwowe Muzeum na Majdanku. Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2015. Праверана 21 лютага 2015.
- ↑ а б Stańczyk, Ewa. The Absent Jewish Child: Photography and Holocaust Representation in Poland (англ.) 360-380 (2014). Праверана 8 лютага 2015.
- ↑ Tomasz Pietrasiewicz. Henio. Historia jednego życia 24. Ośrodek „Brama Grodzka – Teatr NN” (2005).(недаступная спасылка)
- ↑ Vierecke, Linda. Young Holocaust victim has over 1,700 friends on Facebook (англ.). Deutsche Welle (19 listopada 2009). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2015. Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ Ehrlich, Brenna. Facebook Profile For Holocaust Victim Brings History to Life (англ.). Mashable (24 lutego 2010). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2015. Праверана 30 кастрычніка 2020.
- ↑ Tomasz Pietrasiewicz (2010). Animacja sieci w programie Ośrodka «Brama Grodzka – Teatr NN». Lublin: Ośrodek „Brama Grodzka – Teatr NN”. p. 35. ISBN 978-83-61064-18-3.
- ↑ Szlachetka, Małgorzata. Przypominać o Zagładzie. Spacer z Heniem po Lublinie (14 marca 2012). Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Pałka, Maciej; Konwerski, Karol (2012). Spacer. Lublin: Dom Słów. p. 13. ISBN 978-83-61064-32-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Геня Жытамірскі
- Listy do Henia // Homo Faber. — 22.04.2008. (польск.)