Перайсці да зместу

Георгій Сцяпанавіч Міхайловіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Георгій Сцяпанавіч Міхайловіч
Род дзейнасці пракурор
Дата нараджэння 20 красавіка (2 мая) 1890
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1939

Георгій Сцяпанавіч Міхайловіч (20 красавіка 1890, в. Карэбы, цяпер Дрыбінскі раён — пасля 1939) — пракурор Карэльскай АССР (1938—1939)[1]. Адзін з кіраўнікоў «вялікага тэрору» 1937—1938 гадоў у СССР, таксама ўдзельнік ранейшых савецкіх рэпрэсій.

Працаваў разнарабочым у 1908—1915 гадах у Кіеве. Падчас 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў расійскую армію, у 1915—1917 гадах ваяваў на Заходнім фронце.[1]

Член УКП(б) з 1917 года, адукацыя ніжэйшая[2]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) выбраны ў палкавы камітэт, затым у абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронта. Служыў у штабе Заходняга фронта ў Мінску як старшыня камісіі арганізацыі Чырвонай гвардыі. У 1918—1919 гадах памочнік ваеннага кіраўніка Смаленскага губернскага ваенкамата, старшыня камісіі барацьбы з дэзерцірствам. Затым прызначаны членам Ваенна-рэвалюцыйнага трыбунала 16-й арміі.[1]

У 1919—1921 гадах камісар 463-га і 465-га стралковых палкоў, памочнік камісара брыгады на Заходнім і Паўднёвым франтах. Браў непаспрэдны ўдзел у баях на Заходнім фронце ў раёнах Мінска і Лепеля, на Паўднёвым — у раёне Кахоўкі і пры ўзяцці Перакопа.[1]

У 1921—1922 гадах загадчык інспектарскага аддзела Смаленскага губхарчкама. У 1922 годзе прызначаны памочнікам пракурора Смаленскай губерні, з 1925 — намеснік пракурора Смаленскай губерні.[1]

У верасні 1926 года выконваў абавязкі пракурора Чарапавецкі губерні, пасля арганізацыі акруг прызначаны пракурорам Чарапавецкай акругі. У 1929 годзе прызначаны старшым памочнікам пракурора Ленінградскай вобласці, у кастрычніку 1932 — намеснікам пракурора Ленінградскай вобласці. У 1933 годзе намеснік пракурора Карэльскай АССР.[3]

У 1935—1936 гадах вучыўся на Вышэйшых юрыдычных курсах пры акадэміі права.[3]

З 10.7.1937 года член «тройкі» праверкі антысавецкага элемента ў Карэльскай АССР[2]. У 1938 годзе загадам пракурора СССР ад 7.2.1938 № 141 прызначаны пракурорам Карэльскай АССР. Дэпутат ВС КАССР з 1938 года[2]. Характаразаваўся як малапісьменны і безпрынцыпны супрацоўнік. З пратаколаў партыйных сходаў, бачна, што пракурор КАССР разумеў законнасць вельмі па свойму: «Трэба паставіць справу так, каб наш супрацоўнік не прапускаў ніводнай непартыйнай рысы і даводзіў гэтую рысу да канца… Час вымагае аператыўнасці, пільнасці, і дзе праходзіць класавы вораг, трэба справу заканчваць за тры-чатыры дні, і класавага ворага трэба пакончыць»[2]. Подпіс Г. С. Міхайловіча стаіць пад смяротнымі прысудамі не менш за 7222 жыхароў Карэліі ў 1937—1938 гадах[2].

У 1939 годзе загадам пракурора РСФСР ад 3.1.1939 № 3 выключаны са штатаў органаў пракуратуры. Далейшы лёс невядомы.[3]

Зноскі

  1. а б в г д Лившиц 2017, с. 14.
  2. а б в г д Чухин 1999.
  3. а б в Лившиц 2017, с. 15.