Герметычныя кнігі
Герметы́чныя кні́гі — тэасофскія тэксты, якія прыпісваюцца аўтарству Гермеса Трысмегіста.
Напісаныя верагодна не раней за сярэдзіну 3 ст., некаторыя фрагменты пазней. Г.к. пісаліся на грэчаскай мове, а не перакладзеныя з егіпецкай. Егіпецкія ўплывы заўважныя ў некаторых асноўных ідэях і імёнах багоў. Сярод Г.к., якія захаваліся, чатырнаццаць трактатаў аб'ядноўваюцца пад назвай «Паймандр» (Ποιμανδρις — пастыр мужоў, гэтым імем завецца боскі Розум, чые словы запісвае Гермес Трысмегіст). Акрамя таго, ёсць кнігі «Прысвячальная прамова» або «Асклепій», тры ўрыўкі з кнігі «Дзева Свету» (або «Зрэнка свету» — κόρν κόσμου), дзесяць урыўкаў размоў Гермеса Трысмегіста з сынам Тотам, восем урыўкаў з лістоў Гермеса да Амона, дзевяць безназоўных урыўкаў і тры тлумачэнні Асклепія для цара Амона: пра сонца і дэманаў, пра цялесныя жарсці і пахвала цару.