Гістарычны горад Сукатаі
Гістарычны горад Сукатаі і суседнія гістарычныя гарады* | |
---|---|
Historic Town of Sukhothai and Assocciated Historic Towns** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Краіна | Тайланд |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | i, iii |
Спасылка | 574 |
Рэгіён*** | азіяцка-ціхаакіянскі |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 1991 (16 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Гістарычны горад Сукатаі (ці Сукхатхай, тайск.: อุฑยามประาสฅร้ลุา์บบทีย) — гістарычны помнік з мноствам храмаў у паўночнай частцы Тайланда, сталіца сярэднявечнага каралеўства Сукатаі XIII—XIV стагоддзяў. Размешчаны ў 12 км ад аднайменнага горада Сукатаі, сталіцы аднайменнай правінцыі.
Горад быў заснаваны ў 1238 годзе як кхмерскае паселішча, яго назва перакладаецца як «Світанак шчасця». Быў сталіцай незалежнага каралеўства, якое праіснавала каля 120 гадоў.
Сукатаі быў абкружаны сценамі, паўночная і паўднёвая сцены маюць 2 км у даўжыню, заходняя і ўсходняя — 1,6 км. На тэрыторыі 70 км² знойдзена каля 200 гістарычных аб’ектаў. У цэнтры кожнага боку сцяны былі вароты, унутры сценаў размяшчаліся каралеўскі палац і 26 храмаў, найвялікшым з якіх быў Ват Махатхат.
Ват Махатхат спалучае ў сабе храм-вежу і ступы. Чатырохвугольная цэнтральная вежа, звужаючыся ўгору, набывае акруглую форму, на вяршыні якой знаходзіцца шпіль. Вакол вежы размешчаны невялікія ступы, а ўнутры яе знаходзіцца статуя Буды. Вакол храма размяшчаюцца магільныя курганы і вялікая статуя Буды, які сядзіць. Раней помнік быў абкружаны вадзяным ровам.
Ват Сан-Да-Пха-Даенг — самае старажытнае збудаванне Сукхатхаі, адносіцца да XII стагоддзя, пранг зроблены з латэрыту.
У Ваце Сі-Чум усталявана велізарная статуя Буды Пхра Ачана, памер далоні якой параўнальны з ростам чалавека.
Кхмерскі храм з трыма прангамі Ват Сі-Саваі першапачаткова быў прысвечаны Шыву, але потым быў перароблены.
Рэшткі гістарычнага горада былі абвешчаны ахоўнай зонай у 1961 годзе, у 1976 годзе быў ухвалены праект рэстаўрацыі, а ў ліпені 1988 года парк быў афіцыйна адкрыты. Цяпер за помнікам глядзіць Дэпартамент прыгожых мастацтваў Тайланда. У 1991 годзе помнік быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА сумесна з суседнімі гістарычнымі гарадамі Сі-Сатчаналай і Кампхэнг-Пхет .
Планіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны храм — Ват Махатат — пабудавалі ў 1345 годзе. Увесь комплекс размяшчаўся ў самым цэнтры горада і складаўся з галоўнага храма ў форме лотаса, зацішных месцаў для прагулак і амаль 200 будынкаў і статуй па баках. Раскошны Ват Махатат быў галоўным храмам Сукатаі. Побач размяшчаўся каралеўскі палац. Тут былі закладзены асновы тайскай дзяржаўнасці і манархіі, а пры трэцім уладары Сукатаі Рамакхамхаенгу быў распрацаваны алфавіт, якім карыстаюцца аж да гэтага часу. У адрозненне ад камбаджыйскіх храмаў, уваходы на тэрыторыю комплекса размяшчаліся не па яго восях — для франтальнага агляду помніка, — а амаль па вуглах, што дазваляла ўбачыць пабудовы ў маляўнічых ракурсах. Яшчэ больш эфектнай карціну рабілі шматлікія вадаёмы, у якіх адлюстроўваліся мудрагелістыя будынкі. Комплекс будавалі ўсім горадам, заклікаўшы лепшых мастакоў і архітэктараў. Вялізная выява Буды, які сядзіць, ля ўвахода ў храм, выканана ў характэрным сукотайскім стылі, — адзін з яскравых прыкладаў таго, што цяпер лічыцца «Тайскай класікай». У класічным стылі выкананы і сучасны помнік уладару Сукатаі Рамакхамхаенгу Вялікаму, які нібыта прыдумаў у XIII стагоддзі тайскі алфавіт. У яго правай руцэ — прылады для пісьма, а злева ад трона — кінжал. Побач стаіць копія пакрытай надпісамі стэлы, якая сведчыць аб заснаванні велічнага горада, якому наканавана стаць сталіцай вялікага царства. Менавіта пры Рамакхамхаенгу будызм стаў галоўнай рэлігіяй Сіама. Адзінаццаціметровая статуя Буды выглядае велічнай у адносна невялікім зале храма. Убачыць яе здалёк немагчыма, глядзець на Прасветленага магчыма толькі блізка і знізу. Згодна з задумай дойлідаў, чалавек павінен быў адчуваць сябе тут маленькім і нікчэмным стварэннем у параўнанні з велізарным Будам, які ўзвышаецца да неба.
У сярэднія вякі кераміка сангхалок была самым вядомым таварам з Сукатаі. Ёю гандлявалі на тэрыторыі В’етнама, Лаоса, М’янмы, Малайзіі, Інданезіі і нават Кітая.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Статуя Буды Пхра Ачана, Ват Сі-Чум
-
Рука Пхра Ачана
-
Ват Махатхат (Храм Вялікай Рэліквіі)
-
Ват Сі-Саваі
-
Ват Са-Сі (Храм ля Пышнай сажалкі)
-
Ват Тапхан-Хін
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычны горад Сукатаі на Вікісховішчы |
- Sukhothai Historical Park(недаступная спасылка) (англ.)
- Северный Тайланд Архівавана 4 лістапада 2016. (руск.)
- Ваты, храмы и другие памятники истории в Королевском городе(недаступная спасылка) (руск.)