Дом Мудрасці
Дом Мудрасці (араб. بيت الحكمة) — ісламская акадэмія, заснаваная ў 20-я гады IX стагоддзя халіфам ал-Мамунам у Багдадзе. Ал-Мамун сімпатызаваў вучэнню мутазілітаў, і па задуме халіфа Дом Мудрасці павінен быў забяспечыць прыхільнікаў гэтага вучэння багатым фактычным матэрыялам, карысным пры вядзенні тэалагічных спрэчак, у першую чаргу працамі па філасофіі. У Багдад з усіх абласцей халіфата былі сабраны выдатныя вучоныя, многія з якіх з'яўляліся выхадцамі Сярэдняй Азіі і Ірана. Узначальваў Дом Мудрасці Сахль ібн Харун.
Пры Доме Мудрасці існавала бібліятэка «Хізанат аль-хікма». Адной з найважнейшых задач акадэміі быў пераклад на арабскую мову індыйскіх і старажытнагрэчаскіх прац па астраноміі, матэматыцы, медыцыне, алхіміі, філасофіі. Па ініцыятыве аль-Мамуна ў Візантыю было адпраўлена спецыяльнае пасольства з мэтай атрымаць каштоўныя грэчаскія рукапісы. Главой перакладчыкаў Дому Мудрасці быў прызначаны нестарыянін Хунайн ібн Ісхак ал-Ібадзі, які валодаў чатырма мовамі і атрымліўваў узнагароду золатам, прычым паводле падання вага ўзнагароды залежала ад вагі перакладзеных прац. Ён пераклаў на арабскую мову Платона, Арыстоцеля і іх каментатараў, а таксама працы трох заснавальнікаў грэчаскай медыцыны: Гіпакрата, Галена і Дыяскарыда.
Вялікая ўвага надавалася астранамічным назіранням, мэтай якіх была праверка і ўдакладненне даных, атрыманых са старажытнагрэчаскіх і індыйскіх сачыненняў. Пры ал-Мамуне (829) была пабудавана абсерваторыя ў багдадскім прыгарадзе Шамасія. Па яго ж ініцыятыве ў 827 годзе на раўніне каля Сінджара былі праведзены геадэзічныя працы, у выніку якіх была непасрэдна вымерана даўжыня дугі 1° зямнога мерыдыяна. Яны ставілі мэтай удакладніць памеры Зямлі, вылічаныя Эратасфенам, з прычыны таго, што апынуліся невядомымі суадносіны паміж старажытнагрэчаскімі і арабскімі адзінкамі даўжыні. Атрыманы арабскімі астраномамі вынік толькі на 1 % адхіляецца ад сучаснага.
Супрацоўнікамі Дому Мудрасці ў розны час былі такія выдатныя вучоныя, як аль-Харэзмі, Ібн Турк, ал-Фаргані, ал-Джаўхары, Хабаш аль-Хасіб, аль-Кіндзі, браты Бану Муса, ал-Махані, Сабіт ібн Кура, Куста ібн Лука, ан-Насрані, ал-Ахвазі, Абу-л-Вафа, ал-Кухі.
12 лютага 1258 года пасля захопу Багдада войскамі мангольскага хана Хулагу Дом Мудрасці быў разбураны, а кнігі, якія захоўваліся ў ім, былі скінуты ў раку Тыгр.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Матвиевская Г. П.Учение о числе на средневековом Ближнем и Среднем Востоке. — Ташкент: Фан, 1967.