Другая Пунічная вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Другая Пунічная вайна (218 год да н.э.- 201 год да н.э.) — узброены канфлікт, пачаўся з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам горада Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2 жніўня 216 года да н.э. пры Канах адбылася бітва, у якой рымская армія была акружана і знішчана. Каб працягнуць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 годзе да н.э. рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г.Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 годзе да н.э. Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 года да н.э. Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыі, страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе іспанскія ўладанні перайшлі да Рыма.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]