Жыронскі беатус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жыронскі беатус

Жыронскі беатус — іспанскі беатус, створаны прыкладна ў 975 годзе на тэрыторыі сучаснай Каталоніі, Іспанія.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле нататак у канцы манускрыпта, рукапіс быў заказаны нейкім абатам і быў завершаны прыкладна ў 975 годзе, хутчэй за ўсё, у манастыры каля Жыроны. Пісец ідэнтыфікаваны як старэйшы прэзбітэр, і, што незвычайна, уключаны імёны двух мастакоў-ілюмінатараў: Ende pintrix et dei aiutrix — «Эндэ, мастачка і слуга Бога» і «Эметэрый, манах і прэзбітэр». Згодна з выкладзеным тэкстам, майстрам-ілюмінатарам з’яўляецца жанчына, што для сярэднявечнай Еўропы даволі незвычайна. Гісторыя ведае не шмат падобных прыкладаў, адным з якіх з’яўляецца нямецкая манашка з Вестфаліі Гуда.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Рукапіс складаецца з 284 аркушаў і 184 захаваных мініяцюр, хоць існуе меркаванне, што мініяцюр магло быць і больш. Яна ўключае два тэксты: «Каментар на Апакаліпсіс» Беата Ліебанскага і каментар Ераніма Стрыдонскага да Кнігі прарока Данііла.

Кніга аформлена паводле традыцый ранняга сярэднявечча, аднак некаторыя выявы рукапісу паказваюць на шырокія спазнанні мастака-ілюмінатара ў галіне ісламскага мастацтва таго часу, нягледзячы на ​​тое, што агульны стыль манускрыпта адлюстроўвае развіццё мастацтва ў Паўночнай Еўропе ў перыяд Ранняга Сярэднявечча.