Перайсці да зместу

Зора

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зора
ісп.: Zorro
Выява
Постар фільма «Знак Зора» (1920)
Стваральнік: народная творчасць; Джонстан Мак-Калі
Першае згадванне: у народных аповедах — з XVII стагоддзя; у літаратуры — аповесць «Праклён Капістрана»
Пол: мужчынскі
Нацыянальнасць: мексіканец
Ролю выконвае: Дуглас Фэрбенкс,
Гай Уільямс,
Ален Дэлон,
Энтані Хопкінс,
Антоніа Бандэрас
і іншыя

Зо́ра (ад ісп.: Zorro — «ліс»[1] або сеньёр Зо́ра ісп.: Señor Zorro) — выдуманы персанаж, варыяцыя на тэму Робін Гуда, «герой у масцы», які прыходзіць на дапамогу абяздоленым жыхарам Новай Іспаніі.

Зора з’яўляецца персанажам народных апавяданняў жыхароў Новай Іспаніі, вядомы з пачатку XVII стагоддзя. Паводле паданняў пад маскай Зора быў не адзін канкрэтны чалавек, а розныя людзі. Калі надыходзілі цяжкія часы і народу патрабавалася дапамога, кожны ахвочы мог апрануць самаробны касцюм Зора і ананімна прыйсці на выручку. Вядомыя выпадкі, калі асобу Зора прыпісвалі розным авантурыстам, злачынцам і лідарам партызанскага руху часоў амерыкана-мексіканскай вайны. Славу літаратурнага персанажа ён атрымаў значна пазней у прыгодніцкіх кнігах пісьменніка Джонстана Мак-Калі[en]. Упершыню ў друкаванай літаратуры ён з’яўляецца ў аповесці «Праклён Капістрана[en]», апублікаванай у 1919 годзе. На наступны год з’явіўся першы фільм «Знак Зора» з Дугласам Фэрбенксам у галоўнай ролі. Пазней пра Зора было знята мноства фільмаў як у Амерыцы, так і за яе межамі.

Паводле народных легенд першым, хто апрануў касцюм Зора, быў багаты дваранін дон Дыега дэ ла Вега (ісп.: Don Diego de la Vega) — майстэрскі фехтавальшчык, які жыў у Каліфорніі ў гады іспанскага валадарання, хоць вызначыць, ці існаваў такі чалавек насамрэч, не ўяўляецца магчымым. Іншым вядомым прататыпам быў ірландскі авантурыст Уільям Лэмпарт[en] (1615—1659), спалены на вогнішчы[en] ў Мехіка па абвінавачанні ў ерасі, бурным прыгодам якога прысвяціў свой раман «Мемуары самазванца: дон Гільен дэ Лампарт, кароль Мексікі» (ісп.: Memorias de un impostor, don Guillén de Lampart, rey de México, 1872) мексіканскі пісьменнік-белетрыст Вісэнтэ Рыва Паласіа[en]. Персанаж з часам зведаў змены, аднак нязменнай застаецца выява высакароднага і адважнага героя, які апрануты ва ўсё чорнае і хавае твар пад чорнай маскай. Ён абараняе людзей ад самаўпраўнасці ўладаў і злачынцаў.

Любімая зброя Зора — рапіра, якую ён часта выкарыстоўвае, каб пакінуць свой адметны знак — літару Z, якую наносіць трыма хуткімі рухамі. Ён таксама выкарыстоўвае пугу[en]. У яго ёсць верны сябар — чорны конь па мянушцы «Тарнада»[2][3].

Зноскі

  1. Илья Стогoff[ru]. Глава V. Роман «Зорро» и рождение супергероев // Эра супергероев. История мира в 5 журналах и 3 комиксах (руск.). — М.: Астрель: АСТ, 2010. — С. 121. — 256 с. — ISBN 978-5-17-067679-8.
  2. The Legacy of the Fox:A Chronology of Zorro. Архівавана з першакрыніцы 30 ліпеня 2017. Праверана 27 ліпеня 2013.
  3. Los orígenes de El Zorro