Навічок (хімічная зброя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мал. 1. Прыклады хімічных злучэнняў, якія, як кажуць, належаць да сямейства «Навічок»

Навічок (руск.: Новичок) — сямейства фосфарарганічных (галагеніды карбанімідаў фосфару) таксічных рэчываў нервова-паралітычнага дзеяння. Праца па іх стварэнні пачалася ў Савецкім Саюзе ў сярэдзіне 1960-х і працягвалася да пачатку 1990-х гадоў у Расійскай Федэрацыі. Асноўную частку даследаванняў правялі Дзяржаўны навукова-даследчы інстытут арганічнай хіміі і тэхналогій (Масква) і філіял інстытута ў Вольску (Саратаўская вобласць). Першы прадстаўнік гэтага сямейства быў сінтэзаваны Пятром Кірпічовым у 1972 годзе[1].

Сямейства складаецца з больш чым шасцідзесяці падобных злучэнняў. Самыя вядомыя з іх:

  • A-230: N-(метылфторфасфаніл)-N',N'-дыэтыл-ацэтамідзін (малюнак 1 злева) — замярзае ў халоднае надвор’е;
  • A-232: N-(O-Метылфторфосфаніл)-N',N'-дыэтыл-ацэтамідзін (малюнак 1 справа) — быў распрацаваны і выпрабаваны для выкарыстання ў якасці баявой атруты;
  • A-234: N-(O-Этылфторфосфаніл)-N',N'-дыэтыл-ацэтамідзін — падобны на глейкую мазь і не распаўсюджваецца па паветры, уздзейнічае на арганізм пры кантакце са скурай, стабільны і ўстойлівы да пагодных умоў.

14 студзеня 2019 года на 62-й сесіі Выканаўчага камітэта Арганізацыі па забароне хімічнай зброі было прапанавана ўключыць групы рэчываў, у тым ліку А-230, А-232, А-234, у спіс 1 таксічных рэчываў, якія падпадаюць пад дзеянне Канвенцыі аб хімічнай зброі. Дакументы гэтай сесіі дакладна вызначаюць два сямействы хімічных рэчываў (у адпаведнасці з наяўнасцю пэўных фрагментаў у іх структурных формулах, але без выкарыстання тэрміна «Навічок» альбо якіх-небудзь іншых спасылак на савецкае, рускае ці іншае паходжанне) як небяспечныя яды. Артыкул грунтуецца на апісанні таго, што вядома пра гэтыя дакладна апісаныя групы рэчываў, а не на ненадзейнай інфармацыі аб рэчывах, адвольна аб’яднаных тэрмінам «Навічок», апісаным у шэрагу крыніц (напрыклад, у кнізе Хёніга) на аснове здагадак.

Атручванне Навальнага[правіць | правіць зыходнік]

20 жніўня 2020 года расійскі палітык Аляксей Навальны быў атручаны. Яму стала дрэнна ў самалёце, які ляцеў з Томска ў Маскву. У далейшым Навальны ўпаў у кому, і 24 жніўня ён быў дастаўлены на лячэнне ў берлінскую клініку «Шарытэ».

Сляды атрутнага рэчыва з групы «Навічок» былі знойдзены лабараторыяй узброеных сіл Германіі. Даследаванне праводзілася па запыце клінікі «Шарытэ». 2 верасня 2020 года вынікі аналізаў былі афіцыйна абвешчаны ўрадам Германіі[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]