Пальмавыя
Пальмавыя | ||||||||||||||||
Какосавая пальма (Cocos nucifera) | ||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||||
Arecaceae | ||||||||||||||||
Падсямействы | ||||||||||||||||
|
Пальмавыя, або Пальмы, або Арэкавыя (лац.: Palmáceae, Pálmae, Arecáceae) — сямейства аднадольных раслін. Прадстаўлена пераважна дрэвамі з неразгалінаванымі стваламі.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Сямейства прадстаўлена дрэвамі з калонападобнымі неразгалінаванымі стваламі (у афрыканскіх пальм роду Hyphaene ствалы галінуюцца) і кронамі буйных з чаранкамі лістоў з перыста- ці пальчатарассечанымі пласцінкамі. Сустракаюцца пальмы з настолькі кароткімі стваламі, што здаецца, быццам лісты, якія утвараюць разетку, бессцябловыя і выходзяць непасрэдна з зямлі. Такімі пальмамі з'яўляюцца паўднёваамерыканскія пальмы Astrocaryum aculeatum i Attalea spectabilis. У многіх ёсць падземныя парасткі, і на паверхню выходзяць разам некалькі збліжаных ствалоў ці разетак. Вядомы пальмы-ліяны, на якіх лісты размяшчаюцца недалёка адзін ад аднаго. Такія пальмы прымацоўваюцца да апоры рознымі прышчэпкамі, часта перакідаюцца з аднаго дрэва-апоры на другое. Гэта адносіцца да паўднёваазіяцкіх ратангаў роду Сalamus. Даўжыня іх сцёблаў пры таўшчыні ў 3 см дасягае 300 м. Гэта найбольш доўгія сцёблы ў раслін нашай планеты. У цэлым жыццёвыя формы пальмавых вельмі разнастайныя.
Буйныя лісты пальм дасягаюць іншы раз рэкордных памераў. Так, у рафіі факельнай (Raphia taedigera) чаранок ліста дасягае 4-5 м даўжынёй, а пласцінка ліста — 19-22 м даўжынёй і 10-12 м шырынёй. Лісты пальм, акрамя чаранкоў і пласцінак, маюць добра выражаныя похвы. Пласцінка ў пупышцы развіваецца як суцэльная, і яе перыстае, пальчатае ці веернае расчляненне адбываецца пазней.
Кветкі пальм сабраны ў моцна разгалінаваныя мяцёлкавыя суквецці, апранутыя адным ці некалькімі шчыльнымі крыючымі лістамі простай (похвавай) формы — з пакрывалам. На галінах суквеццяў кветкі сядзяць, як у каласах, ці ў многіх відаў пальм — як у пачатках, або больш ці менш пагружаныя ў мясістую вось.
Суквецці пазушныя, толькі ў нямногіх відаў верхавінныя; у апошнім выпадку расліны монакарпічныя, гінуць пасля цвіцення (у сагавай пальмы (Metroxylon), таліпотавай пальмы (Corypha umbraculifera)). Суквецці пальм буйныя. Найвялікшага памеру яны дасягаюць у таліпотавай пальмы — 14 м вышынёй і 12 м шырынёй; кветак у суквецці каля 50000. Кветкі двухполыя ці ў выніку рэдукцыі аднаполыя, расліны аднадомныя, радзей двухдомныя. Калякветнік у двух кругах; чашалісцікі і пялёсткі падобныя, але драбнейшыя за пялёсткі; жоўты, радзей бураваты, зеленаваты. Гінецэй у найбольш прымітыўных пальм апакарпны. У большасці родаў ён сінкарпны, з трох пладалісцікаў. Гінецэй псеўдаманамерны з адным семязачаткам у адным гняздзе.
Плод — касцянка (пірэнарый), у некаторых ягада.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]У сямейства ўваходзяць да 240 родаў і 3,5 тысяч відаў.
Вобласць натуральнага распаўсюдання пальмавых — тропікі і субтропікі.
Значэнне для чалавека
[правіць | правіць зыходнік]Па значэнні ў жыцці чалавека пальмы ўступаюць, верагодна, злакам, а па разнастайнасці выкарыстання яны займаюць першае месца сярод усіх раслін. Для насельніцтва трапічных абласцей Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, астравоў Акіяніі іх значэнне выключна вялікае. Пальмы даюць шмат каштоўных прадуктаў. Усе надземныя часткі пальм знаходзяць тое ці іншае прымяненне.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6