Паморнік даўгахвосты (Stercorarius longicaudus) — птушка сямейства паморнікавых.
Даўжыня цела 35-61 см, размах крылаў 90-117 см. Ніз цела і шыя белыя, верх галавы чорны. Вельмі доўгія і эластычныя два цэнтральныя рулявыя пёры (часам абламаныя). Палёт манеўраны. Маладыя вельмі падобныя да караткахвостых паморнікаў, але больш шэрыя і страйнейшыя, без белых плям на крылах. Голас — прарэзлівы крык.
Арэал разарваны, у паўночнай частцы Галарктыкі. Насяляе сухую тундру як паблізу мора, так і ў глыбіні кантынента, астравы; далінамі рэк пранікае ў пакрытую дрэвамі тундру, а таксама ў горных раёнах (у Скандынавіі — да 1300 м). Пасля гнездавання адлятае на адкрытыя моры і іх узбярэжжы (у глыбіню кантынентаў залятаюць найбольш рэдка з усіх відаў паморнікаў).
Пералётны і качуючы від. Часам здараюцца інвазіі, звязаныя з рэзкім павелічэннем колькасці лемінгаў. Пералятае і качуе над акіянамі. Залятае у глыбі еўрапейскага кантынента (на Фарэры, у Люксембург, Эстонію, Латвію, Літву, Польшчу, Славакію, Венгрыю, Аўстрыю, Швейцарыю, Іспанію, Партугалію, Італію, на Мальту, у б. Югаславію, Балгарыю, Румынію, Беларусь, Турцыю, на Азорскія, Канарскія і астравы Зялёнага Мыса). На Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны від. Месцы зімовак вядомыя вакол Антарктыды на поўдзень ад Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі і Аўстраліі.
Гняздо ладзіць у сухой ямцы на адкрытым месцы, часцей на сухім пагорку або сухой купіне, сухая высцілка з лішайнікаў з’яўляецца з пачаткам выседжвання.
Яйкі звычайна 2 (часам 1, у выключных выпадках 3), набліжаныя да эліптычных, аліўкава-бежавыя, зеленавата-карычневыя, аліўкава-зялёныя, жоўта-карычневыя, светла-зялёныя або карычневыя з цёмна-карычневымі або цёмна-зялёнымі паверхневымі плямамі, якіх больш на шырокім канцы, і светла-шэрымі глыбокімі.
- S. l. longicaudus — Арктыка і Субарктыка ад Скандынавіі і Расіі на ўсход да дэльты р. Лены;
- S. l. pallascens — арктычная Грэнландыя, паўночная частка Паўночнай Амерыкі, Сібір на ўсход ад р. Лены.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X