Перайсці да зместу

Пуэбліта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пуэбліта ў каньёне Фрэнсіс

Пуэблі́та (ад ісп.: pueblito «малая вёска») — мураваныя абарончыя збудаванні на паўночным захадзе амерыканскага штата Нью-Мексіка канца XVII — першай паловы XVIII ст. Іх стваральнікамі лічацца індзейцы-наваха.

Назва пуэблітас была дадзена збудаванням іспанцамі, якія ўпершыню іх убачылі і апісалі ў пачатку XVIII ст. З пачатку XX ст. даследуюцца археолагамі. Першыя даследчыкі меркавалі, што пуэблітас узводзіліся індзейцамі-пуэбла, уцекачамі ад іспанцаў. Аднак пазней зацвердзілася версія, што іх будавалі наваха з апошняга дзесяцігоддзя XVII ст. для абароны ад нападаў каманчаў і ютаў. Да нашага часу захавалася каля 12 помнікаў.

Найчасцей пуэбліта ўзводзіліся на скальных узвышшах для лепшага агляду мясцовасці. Архітэктурныя элементы ўключалі дах, закрыты агмень, фундамент па тыпу хогана, адтуліны ў сценах для ўваходу і назірання. Пуэбліта былі прыстасаваны для адносна доўгатэрміновага пражывання.