Секрэтэр
Секрэтэр, нар. сакрэтнік[1] (ням.: Schreibschrank (Sekretär), англ.: Secretaire) — шафа з адкідной дзверкай альбо з высоўнай дошкай для пісьмовых работ.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гэты тып мэблі з’явіўся ў Францыі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, а затым атрымаў распаўсюджанне ў Англіі, Германіі, Расіі і іншых краінах. У секрэтэры злучаюцца адкідная дошка, накшталт бюро, якая служыла пісьмовым сталом, і мініяцюрная шафа тыпу кабінета з мноствам патаемных скрынь і сакрэтных механізмаў для захоўвання таемных лістоў, каштоўнасцяў і важных дзелавых папер.
Першыя секрэтэры лічылі «жаночай мэбляй», яны ўяўлялі сабой столікі з шафкай для папер і адкідной дошкай для напісання лістоў. Пазней секрэтэры павялічыліся ў памерах, атрымалі большую колькасць скрыначак і сталі выкарыстоўвацца ў асноўным для захоўвання дзелавых папер. Вялікая колькасць скрыначак дазваляла зручна сістэматызаваць паперы, а мудрагелістыя замкі, складаныя сістэмы замыкання, патаемныя аддзяленні забяспечвалі дастатковую надзейнасць секрэтэра. Асобай папулярнасцю карысталіся секрэтэры з рознымі сакрэтнымі замкамі і механізмамі, якія выконваў механік і гадзіннікавы майстар Петэр Кінцынг (1745—1816).
Секрэтэры бываюць буйнымі і мініяцюрнымі. У прыватнасці, захаваліся згадкі пра дарожны секрэтэр Напалеона Банапарта. Невялікі секрэтэр у складзеным выглядзе мог лёгка разгортвацца, а дзякуючы вялікай колькасці высоўных скрыначак быў вельмі ёмісты і зручны — па ўспамінах, нават у паходным возе імператар працаваў за ім амаль з такім жа камфортам, як у сваім парыжскім кабінеце.
Зноскі
- ↑ Этнаграфія Беларусі, Мн., 1989.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Секрэтэр