Стольнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Стольнік — на Русі — прыдворны, які прыслужваў князю за сталом падчас урачыстых трапез, а таксама суправаджаў князя ў паездках.

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Урад стольніка ў Вялікім Княстве Літоўскім упамінаецца з сярэдзіны XV стагоддзя. Стольнік вялікакняжацкага двара загадваў сервіроўкай стала і парадкам падачы страў пры урачыстых трапезах і афіцыйных прыёмах. Улічваючы вялікую колькасць гасцей на падобных мерапрыемствах, у распараджэнні стольніка былі памочнікі, званыя падстоліямі.

У канцы 1580-х гадоў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт III, які дабіваўся стварэння адзінай сістэмы ўрадаў ва ўсёй дзяржаве, пачаў ўводзіць урады стольніка і падстолія ў паветах і ваяводствах Вялікага Княства Літоўскага (раней гэтыя пасады існавалі толькі ў цэлым па княстве), ствараючы адзіную сістэму ўрадаў ва ўсёй дзяржаве. З гэтага часу ўрад страціў свае функцыі і ператварыўся ў тытул, які даваўся пажыццёва. Наданне тытула стольніка выкарыстоўвалася для адзнакі асабліва вартых прадстаўнікоў павятовай і ваяводскай эліты, а таксама для папаўнення дзяржаўнага скарбу. Першыя прывілеі на гэтыя ўрады былі падпісаныя ў сакавіку 1590 года.

Члены сям’і стольніка мелі права ўжываць тытул у побыце і пры складанні афыіцыйных дакументаў. Жонка стольніка, пажыццёва або да атрымання мужам новага, больш высокага ўрада (пасады, тытула), менавалася стольнікавай. Сын стольніка менаваўся стольнікавічам, што часта прыводзіць даследчыкаў да памылак пры выкарыстанні дакументаў, датычных сына стольніка, бо ў канцылярыях судоў ВКЛ урады рэдка запісваліся поўнасцю і, звычайна, даваліся ў скроце — «стольн.», што магло азначаць і самога стольніка, і яго сына — стольнікавіча адпаведнага ваяводства ці павета. Дачка стольніка менавалася стольнікаўнай. Права на ўжыванне тытула мела і жонка сына стольніка, яна менавалася стольнікавічавай.

Маскоўская дзяржава[правіць | правіць зыходнік]

Палацавы, затым прыдворны чын да XVII стагоддзя, а таксама асоба, якая мела гэты чын. Даволі рана страцілі свае колішнія ўтылітарныя функцыі, прызначаліся на прыказныя, ваяводскія, пасольскія і інш. пасады. Паводле роспісу чыноў XVII стагоддзя стольнікі займалі пятае месца пасля баяраў, акольнічых, думных дваран і думных дзякаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]