Перайсці да зместу

Таропецкая ікона Божай Маці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Таропецкая ікона Божай Маці
выява
Таропецкая ікона Божай Маці
Дата з'яўлення: XIV стагоддзе
(магчыма, XII ст.[1])
Іконаграфічны тып: Адзігітрыя
Месца знаходжання: Дзяржаўны Рускі музей.
Часова перададзена ў Царква Аляксандра Неўскага ў Княжым Возеры

Таропецкая ікона Божай Маці (Божая Маці Таропецкая і Мікола) — старажытная ікона Багародзіцы з дзіцем Ісусам, якая паходзіць з Корсунска-Багародзіцкага сабора горада Таропца. Адносіцца да іканапіснага тыпу Адзігітрыя.

Згодна з мясцовым таропецкім паданнем, атаясамліваецца з шанаванай Корсунскай іконай, хаця адрозніваецца ад яе па іканаграфіі. Таксама вядомыя спробы атаясаміць ікону са знакамітым Эфескім абразом Ефрасінні Полацкай.

Памеры іконы — 82,5 х 60,5 х 3,0 см. Хоць жывапіс пацямнеў ад часу, у пачатку 20 стагоддзя колеры фарб можна было распазнаць. Колер верхняй адзежы Багародзіцы — чырвоны, а сподняй — цёмна-сіні. У Дзіцяці адзежа цёмна-зялёная. На адвароце іконы была выява святога Міколы Цудатворца.

Гісторыя Таропецкай іконы вядома з рубяжа XVII—XVIII стагоддзяў, калі ў Таропцы на царскія грошы будаваўся першы Корсунска-Багародзіцкі сабор. Тады ж было напісана першае апавяданне пра яе. «У Таропцы вельмі шануецца, яе выносілі ў час захопніцкіх войн, у перыяды аблогі мястэчка»[2]. У горадзе ікону сталі атаясамліваць са старажытнай Корсунскай іконай.

Тэорыі паходжання

[правіць | правіць зыходнік]

Пра ранейшую гісторыю абраза не існуе адзінага меркавання. Дагэтуль дакладна не высветлена, адкуль ікона паходзіць і калі яна была створана. У большасці публікацый ікону датуюць XIV стагоддзем, аднак доктар мастацтвазнаўства Леў Ліўшыц настойвае на аднясенні яе да XIII стагоддзя[2]. Распраўсюджана таксама меркаванне, што іканапісец спрабаваў прапісаць даўнейшы абраз XII стагоддзя, праўда, у ходзе рэстаўрацыйных работ гэта гіпотэза не была пацверджана[2].

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнарускага мастацтва Рускага музея і аўтар манаграфічнага даследавання па Таропецкай іконе Ірына Шаліна мяркуе, што гэта копія з іконы, упамянутай у жыціі Ефрасінні Полацкай[2]. Паводле жыція, гэту багародзічную ікону прыслаў з Эфеса на Русь грэчаскі цар з дынастыі Камнінаў. Вялізны вынасны абраз скора пачынае псавацца. Мяркуючы па захаваным жывапісе, у XIV стагоддзі яго поўнасцю перапісаў майстар пскоўскае школы. Па гіпотэзе Шалінай, Эфескую ікону маглі перавезці з Полацка ў Таропец у час Лівонскай вайны манахіні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, якія ўцякалі ад наступлення польскага войска[2].

У папулярнай літаратуры сустракаецца і больш рамантычнае апавяданне аб паходжанні іконы. У пачатку XXI стагоддзя абраз трапіў у падмаскоўную царкву Аляксандра Неўскага, дзе побач з ёю вывесілі тлумачэнне, якое звязвае яе паяўленне ў Таропцы з вяселлем Аляксандра Неўскага і дачкі полацкага князя Брачыслава. Ікона нібыта стала бацькоўскім блаславеннем нявесты на шлюб. Звычайна гэту легенду прыводзяць у сувязі з Фёдараўскай цудатворнай іконай з Кастрамы. На думку Шалінай, гэта «антылітургічнае паданне… яўна прыдумана, каб пастаражытніць тарапецкую ікону»[2].

Музейны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Храм у Княжым Возеры, куды ў канцы 2009 года была перададзена ікона

Пасля рэвалюцыі 1917 года таропецкія цэрквы былі закрыты, але духавенства Корсунскага сабора паспела перадаць Эфескую ікону ў Тарапецкі краязнаўчы музей, дзе ікону, якая была ў вельмі занядбаным стане, пачалі рэстаўраваць. У 1936 годзе ікону па просьбе работнікаў музея перавезлі ў Рускі музей у Ленінград. Вынікі даследаванняў і рэстаўрацыі пацвердзілі вельмі складаную і заблытаную гісторыю старажытнай іконы.

Па словах загадчыка аддзела старажытнарускага жывапісу Ірыны Салаўёвай, музейныя рэстаўратары «трохі „захапіліся“ — счышчаючы, як яны думалі, копаць з далоні Багародзіцы і нагі Дзіцяці, яны выдалілі першапачатковы слой фарбы і даскрэблі да першаасновы»[3]. Жывапіс і мастацкія асаблівасці іконы дазваляюць зрабіць вывад, што старажытны абраз XII стагоддзя не захаваўся. У XIV стагоддзі пры невядомых абставінах ён быў заменены новым помнікам, прычым напісаным пскоўскім майстрам[4].

На думку экспертаў Музея імя Андрэя Рублёва, «адставанне па́валакі, грунту і слоя фарбы ад асновы» з’яўляецца элементарным агрэхам рэстаўрацыйнага ўмяшання. Промахі рэстаўрацыйнага ўмяшання 1937 і 1957 гадоў (расчыстка Н. В. Перцава) прызнаюць і супрацоўнікі Рускага музея — І. В. Салаўёва і І. А. Шаліна[5]. Па словах апошняй, «страты слаёў на руцэ і назе дзіцяці… адносяцца да незаменных фрагментаў»[2].

У канцы 2009 года ікона была перададзена ў Царкву Аляксандра Неўскага ў Княжым Возеры[6][7].

  1. Таропецкая ікона Божай Маці на сайце "Иконы.BY".
  2. а б в г д е ё Шергина Н. «Икона — живой организм» // Огонёк. — 2011. — 21 ноября.
  3. Павлова А. Святыне место в подвале? Архівавана 1 ліпеня 2013. // Смена. — 2007. — 20 дек.
  4. Шалина И. Историческая справка о Корсунской-Торопецкой иконе Божьей Матери // ГРМ. — 2009. — 26 ноября.
  5. Дмитрий Абрамов. Возвращение чудотворной Торопецкой иконы Богородицы. Русская линия, 07.12.2009.
  6. Собств. корр. Древнюю икону тайно перевезли из музея в коттеджный поселок // Lenta.Ru. — 2009. — 3 дек.
  7. Торопецкая икона доставлена в подмосковный храм на специальном климатическом микроавтобусе, портал Интерфакс-религия, 3 декабря 2009 года.