Чыянгмай[3] — найбуйнейшы горад на поўначы Тайланда, сталіца аднайменнай правінцыі, за 700 км на поўнач ад Бангкока. Размешчаны сярод гор на рацэ Пінг, прытоку ракі Менам-Чао-Прая, а за 90 км на паўднёвы захад ад горада знаходзіцца самая высокая горная вяршыня Тайланда Інтханон, у ваколіцах горада размешчана гара Дойсутхеп, частка нацыянальнага парку Дойсутхеп-Дайпуй. Чыянгмай вядомы як старажытны культурны цэнтр краіны, турыстычны цэнтр. У горадзе размешчана адна з найбуйнейшых тайскіх вышэйшых устаноў — Чыянгмайскі ўніверсітэт. Тут знаходзіцца таксама адзін з рэгіянальных цэнтраў Французскага інстытута Далёкага Усходу.