Перайсці да зместу

Язэп Мацеевіч Белагаловы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Язэп Белагаловы)
Язэп Мацеевіч Белагаловы
Дата нараджэння 11 лютага 1883(1883-02-11)
Месца нараджэння
Дата смерці 1928
Веравызнанне Каталіцкая Царква
Альма-матар

Язэп Мацеевіч Белагаловы (11 лютага 1883, Санкт-Пецярбург — 1928 ?, Масква ?, АДПУ) — рымска-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, педагог.

Вучыўся ў Пецярбургу ў прыватнай каталіцкай гімназіі пры касцёле Св. Кацярыны і ў 6-й гімназіі. Скончыў Пецярбургу Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1903) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію (1907). Кандыдат тэалогіі і магістр кананічнага права. Пасвечаны ў святары ў 1906 годзе.

У 1907—1910 гадах працаваў настаўнікам рэлігіі ў Смаленску ў мужчынскай гімназіі і ў рэальным вучылішчы. 14 жніўня 1910 года прызначаны выкладчыкам Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Адмовіўся праспяваць «многие лета» расійскаму цару і быў высланы за мяжу, жыў у Рыме, Інсбруку.

У 19131918 гадах — зноў у Пецярбургу, намеснік прафесара грамадзянскага і кананічнага права ў духоўнай акадэміі. Адначасова выкладаў Закон Божы ў Інстытуце архітэктуры, у Мікалаеўскай школе кавалерыі і ў Канстанцінаўскай школе артылерыі.

У 1918 годзе прызначаны пробашчам і дэканам у Магілёў. Выконваў абавязкі афіцыяла біскупскай курыі ў Мінску. Арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і інтэрніраваны ў Смаленску. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілёў. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця, адраджэнне ўніяцтва ў Беларусі.

Знявольваўся Надзвычайнай камісіяй БССР у 1921 годзе. У 1926 годзе схоплены АДПУ, асуджаны на 5 гадоў лагераў без права на амністыю. У 1928 годзе з Салаўкоў дастаўлены ў Маскву ў турму на Лубянцы, дзе, верагодна, і быў закатаваны.