Авесалом
Авесало́м (іўр.: אַבְשָׁלוֹם) (каля кан. 11 — пач. 10 ст. да н.э.) — трэці сын Давыда[1][2] ад адной з жонак таго, Маахі, дачкі гесурскага цара[1], нададзіўся ў Хеўроне[2].
Герой аднаго з вядомых сюжэтаў Старога Запавету. Паводле аповесці ў другой кнізе «Царствы», быў найпрыгажэйшым мужчынам у царстве; асабліва прыгожымі былі яго доўгія валасы. Як сын паланянкі, відаць, не меў права на царскі сталец. Брат яго па бацьку, царскі першынец і наследнік, Амнон, падманам згвалціў Фамар, сваю і Авесалома сястру па бацьку, а пасля адмовіўся ажаніцца з ёю і прагнаў. Цар Давыд не пакараў Амнона, бо слепа яго любіў. Авесалом узяў сястру ў свой дом, і задумаў адпомсціць Амнону за яе ганьбу.[1]
Праз два гады Авесалом падманам забіў Амнона ў сябе ў гасцях і ўцёк з невялікай дружынай да гесурскага цара, свайго дзеда, а цар Давыд не помсціў яму. Праз тры гады Авесалому дазволілі вярнуцца ў Іудзею, а пазней яму ўдалося прымірыцца з бацькам[1]. Неўзабаве Авесалом пачаў гуртаваць вакол сябе незадаволеных пры двары і, урэшце, схіліў на свой бок значную частку суайчыннікаў і ўзняў мяцеж супраць Давыда[1][2]; той з малой колькасцю верных людзей мусіў уцякаць у пустыню[1]. Авесалом адкрыта абвясціў сябе царом у Хеўроне[2]. Паводле Бібліі, у час свайго кароткага царавання Авесалом паставіў сабе помнік у царскай даліне Кедронскай, што на беразе ракі Іардан[2], кажучы, што няма ў яго сыноў, якія б захавалі памяць аб ім[1]. Мяцеж раскалоў царства, бо адныя войскі прысягнулі Авесалому, а іншыя засталіся вернымі Давыду[1].
Нарэшце, адбылася вырашальная бітва ў лесе за ракою Іардан[1]. Войска Авесалома панесла паразу, а сам ён кінуўся ўцякаць, але заблытаўся валасамі ў карэнне дуба, і быў забіты ваеначальнікам Іовам, насуперак загаду Давыда не ўзнімаць рукі на яго сына[1][2]. Над магілай Авесалома, якую выкапалі ў лесе, была насыпаная вялікая куча камення. Пасля смерці ж Авесалома цар Давыд плакаў ля варот свайго дому і клікаў: «Авесалом, сын мой, сын мой, Авесалом! Чаму ж не наканавана мне памерці замест цябе, Авесалом, сын мой, сын мой!»[1].
Гістарыяграфія[правіць]
Гісторыя Авесалома апісваецца ў 2-й кнізе царстваў, і ўвайшла, напрыклад, у прадмову да выдання Старога Запавета, зробленага Ф. Скарынам у 1518 годзе.[1]
Паводле тлумачэнняў Агады (часткі Талмуда), Авесалом — увасабленне небяспечнага славалюбства, несыноўніх адносін да бацькоў і марных спадзяванняў на прыгажосць. У даўнія часы яўрэйскія равіны загадвалі бацькам прыводзіць непаслухмяных дзяцей на магілу Авесалома і кідаць на яе камяні. Праваслаўныя тэолагі амаль не закранулі гэтай тэмы, у шматтомнай «Талковай Бібліі» (1903—1914) пад рэд. А. П. Лапухіна адпаведных тлумачэнняў няма. Савецкія гісторыкі аднесліся да гісторыі Авесалома як да мастацкай аповесці, не апісваючы яе ў «Исторической энциклопедии». Не ўвайшоў матэрыял пра Авесалома і ў беларускі энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час».[1]
З даўніх часоў, і асабліва з часоў Адраджэння, гісторыя Авесалома прыцягвала ўвагу паэтаў, мастакоў і драматургаў. У перыяд 1960-х—1970-х гг. галівудская кінаіндустрыя выпусціла вядомы кінафільм «Авесалом, Авесалом!».[1]
Зноскі
Конан У. Скарына і яго героі // Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1 / Склад. і навук. рэд. А. П. Грыцкевіч. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1 С.96—98. • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.145. ISBN 5-343-00151-3.
