Апалон на калядаванні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Апалон на калядаванні
Apollo po kolędze
Жанр драма
Аўтар Ян Чачот
Мова арыгінала польская
Дата напісання 1819

«Апалон на калядаванні» (польск.: Apollo po kolędze) — двухактавы драматычны абразок[1] Яна Чачота, напісаны ў канцы 1819 з нагоды імянінаў Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Першы акт[правіць | правіць зыходнік]

У першым акце дзеянне адбываецца на плошчы перад ратушай.

Першая сцэна адкрываецца гутаркай багоў, якія чакаюць Эрату. У Апалона і музаў узнікаюць розныя прапановы пра месца яе знаходжання. Апалон выказвае думку аб тым, што Эрата ў манаскай келлі спакушае божых служак.

Другая сцэна, якая пачынаецца з прыходу Эраты, поўніцца развагамі пра тагачасны стан краснага пісьменства: лірычнай і эпічнай паэзіі. Затым, з ініцыятывы Апалона багі вырашаюць пераапрануцца і пайсці калядаваць. За дапамогай у арганізацыі сваёй прыгоды Апалон і музы звяртаюцца да Меркурыя. Затым Апалон і музы, разважаючы над паступовай заменай адных ідалаў іншымі, бачаць усю недасканаласць грамадства.

Другі акт[правіць | правіць зыходнік]

У другім акце дзеянне адбываецца ў доме, дзе звычайна праходзілі пасяджэнні філаматаў. Дзейнымі асобамі першае сцэны з'яўляюцца: Адам (Адам Міцкевіч), Тамаш (Тамаш Зан), Ян (Ян Чачот), Божыдар (Тэадор Ладзінскі), Ануфр (Ануфрый Петрашкевіч), Юзаф (Юзаф Яжоўскі), Яраш (Францішак Малеўскі), Эразм (Эразм Палюшынскі). Сцэна распачынаецца спрэчкай Адама і Тамаша.

Другая сцэна з'яўляецца кульмінацыйнаю. У ёй філаматы сустракаюцца з багамі і чытаюць свае паэтычныя творы. Найвышэйшую ацэнку аўтара атрымлівае Адам Міцкевіч за чытанне верша «Няхай радасць з вачэй нашых блісне». Апалон і хор муз двойчы прамаўляюць свае віншаванні да Адама Міцкевіча і Тамаша Зана, услаўляюць іх род, продкаў, гавораць пра абранасць філаматаў, пра іх служэнне Айчыне, а таксама ўхваляюць іх літаратарскую дзейнасць. Затым слова даецца хору філаматаў, якія таксама віншуюць сяброў..

Рэцэпцыі антычнасці[правіць | правіць зыходнік]

Апалон, бог сонечнага святла, у творы паказаны як жартаўлівы, няўрымслівы шукальнік прыгодаў. Яго спадарожніцы — музы, прычым з традыцыйных дзевяці муз у творы фігуруе толькі пяць — усе яны апякункі пісьменніцкай дзейнасці: Эрата і Талія, Каліёпа, Мельпамена і Эўтэрпа. Па-за ўвага паэта засталася Палігімнія, што звязана з прыярытэтамі літаратарскай дзейнасці філаматаў. У Чачотавай інтэрпрэтацыі багі губляюць сваю велічнасць і становяцца звычайнымі асобамі з жарсцямі і недахопамі.

У творы назіраецца сінкрэтызм язычніцтва і хрысціянства: антычныя багі ў якасці калядоўнікаў удзельнічаюць у свяце Божага Раства.

У гэтым сцэнічным творы яскрава выяўляецца матыў антыклерыкалізму, уласцівы і іншым філаматам. У даным творы вуснамі музы Каліёпы аўтар гаворыць наступнае: «Я ўжо абміну крыжовыя паходы, да якіх намаўлялі манахі, наварачванне бяздольных інкаў цаною праліцця крыві.. Цэлы свет, як студэнт пад паказкаю Лаёлы, стагнаў, бядак... шмат вякоў пражыў свет, пакуль даведаўся аб мэце рэлігіі» (радкі 111—116)[2].

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Паводле жанравага вызначэння К. Цвіркі, «вадэвіль у двух актах... напісаны ў форме народнай каляднай містэрыі»
  2. Цьвяткоў, Л. Таварыства філёматаў (Некаторыя цікавыя рысы аб’яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю) // Маладняк. — 1927. — № 1. — С. 64

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кохан Т. С. Вобразы антычных багоў у драматычным абразку «Апалон на калядаванні» Яна Чачота // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: матэрыялы IX Міжнар. навук. канф., прысвеч. 70-годдзю філал. фак. Беларус. дзярж. ун-та, Мінск, 15—17 кастр. 2009 г. У 2 ч. Ч. 1 / пад рэд. В. П. Рагойшы; рэдкал.: В. П. Рагойша (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2010. — С.177—182. — 295 с.