Адам Міцкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Адам Міцкевіч

Адам–Бернард МІЦКЕВІЧ (польск.: Adam Mickiewicz; 24 снежня 1798, фальварак Завоссе Навагрудскага пав. Літоўскай губ. (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) — 26 лістапада 1855, Стамбул, Турцыя) — польскі паэт, публіцыст, асветнік.

Змест

[правіць] Паходжанне

Бацька пісьменніка выводзіў сябе з шляхецкага роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба "Порай", заснавальнікам якога нібыта быў літоўскі баярын Рымвід. Сам Міцкевіч пісаў аб баярыне Рымвідзе ў сваёй "Гражыне". Аднак шляхецтва Рымвідаў-Міцкевічаў не было прызнана і зацверджана ў Расійскай імперыі, бо яму не было слушных доказаў.[1][2] Магчыма, што Міцкевічы паходзілі з хрышчоных і набілітаваных яўрэяў.

[правіць] Жыццяпіс

У 1815 скончыў Навагрудскую дамініканскую школу; у 1819 Віленскі універсітэт. Падчас вучобы ва універсітэце быў адным з лідэраў тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў. У 1819 накіраваны на выкладчыцкую працу ў Коўна. У 1823 тайныя таварыствы былі выкрытыя; арыштавалі таксама і Міцкевіча, які правёў у зняволенні некалькі месяцаў. У кастрычніку 1824 Міцкевічу было загадана пакінуць родныя мясціны. Пад тайным наглядам паліцыі жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. У маі 1829 пакінуў Расію раней, чым быў падпісаны загад цара пра забарону выезду. Жыў у Рыме, Швейцарыі. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне, спрабаваў выехаць на радзіму. Ужо ў Познані даведаўся пра паражэнне паўстання. З 1832 у Парыжы. Разам з І. Лялевелем адзін з лідэраў дэмакратычнага крыла эміграцыі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Рэдагаваў часопіс «Pielgrzym Polski». У 1839 прафесар Лазанскага універсітэта; з 1840 узначальваў кафедру славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс у Парыжы. У лекцыях даў высокую ацэнку беларускай мове і фальклору, на якія стала абапіраўся ў мастацкай творчасці. У 1848 падчас рэвалюцыі стварыў у Італіі польскі легіён. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў газету «La Tribune des Peuples». З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855, пасля пачатку Крымскай вайны, выехаў у Турцыю, дзе ствараў атрады з ураджэнцаў Рэчы Паспалітай для барацьбы з Расіяй. Памёр у Стамбуле падчас эпідэміі халеры. Многія біёграфы мяркуюць, што смерць Міцкевіча з'явілася вынікам палітычных інтрыг. Пахаваны ў Кракаве. Многія творы Міцкевіча сталі агульнапрынятымі сімваламі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, «Ода да маладосці» была ўспрынята як маніфест паўстання 1830—1831. Пасля напісання ў віленска-ковенскі перыяд паэмаў «Гражына» і «Дзяды» постаць Міцкевіча выйшла на першы план у польскамоўнай літаратуры.

[правіць] Творчасць

«Ода да маладосці», рукапіс (1820)
Тытульная старонка першага выдання паэмы «Пан Тадэвуш» (1834)

Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці Адама Міцкевіча знайшлі адлюстраванне яго грамадска-палітычныя погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нацыянальна-вызвольнай барацьбы ў гістарычным працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамантычны вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асноўнай тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыятычнага абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нацыянальна-вызвольны пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва.

Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» Адама Міцкевіча, у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з'яўленнем гэтых твораў постаць Міцкевіча ў польскай літаратуры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літаратурнага жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму, асноўныя прынцыпы народнасці і нацыянальнай самабытнасці якога Адам Міцкевіч сфармуляваў у літаратурным маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на беларускім гістарычным і фальклорным матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыятычным пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» старажытна-беларускі язычніцкі абрад памінання продкаў.

У перыяд расійскай ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыятычных пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусветнай літаратуры. У іх паэтычнае майстэрства Адама Міцкевіча дасягаула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гістарычнага змагання старажытных ліцвінаў супраць крыжакоў.

У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне Адам Міцкевіч пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драматычнай паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнііі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрапейскіх народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны мастацкі твор А. Міцкевіча, вялікая нацыянальная эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясцовай шляхты, дадзены шырокая панарама народнага жыцця на Беларусі пач. ХІХ ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы.

Мастацкая спадчына Адама Міцкевіча завяршаецца невялікім цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы насталыічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі славянскіх літаратур.

[правіць] Ушанаванне памяці

Вуліца Адама Міцкевіча ў Рыме

У Навагрудку створаны Дом-музей Адама Міцкевіча; яго імем названы вуліцы ў Навагрудку, Гродне, Брэсце. Помнікі і бюсты Міцкевічу ўстаноўлены ў шмат якіх гарадах Польшчы, Беларусі і іншых краін.

Зноскі

  1. Рыбчонак С.А. ...
  2. Syrokomla-Bułhak A. ... S.185.

[правіць] Бібліяграфія

Adam Mickievič stamp.jpg
  • Dzieła. T. 1-16. Warszawa, 1955;

[правіць] Беларускія пераклады

  • Выбраныя творы. Мн., 1955;
  • "Зямля навагрудская, краю мой родны..." Мн., 1969;
  • Пан Тадэвуш. Мн., 1985;
  • Да Нёмна. Мн., 1998;
  • Санеты = Sonety. Мн., 1998;
  • Дзяды = Dziady. Т. 1-2. Мн., 1999.
  • Свiцязь

[правіць] Літаратура

  • Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
  • Мірачыцкі Л. Светлым ценем Адама Міцкевіча: Эміграцыя з Наваградчыны. Мн., 1994;
  • Брага С. Міцкевіч і беларуская плынь польскае літаратуры // З гісторыяй на "Вы". Вып. 3. Мн., 1994;
  • Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
  • Адам Міцкевіч і нацыянальная культура: матеріалы Міжнар. навук. канф. Мн., 1997;
  • Мархель У.І. "Ты як здароўе...": А.Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры. Мн., 1998;
  • ЭГБ, т. 5.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Syrokomla-Bułhak A. Gustaw i Peri: Ich kraj rodzinny. Zielona Góra, 1998;
  • Witkowska A. Mickiewicz: słowo і czyn. Warszawa, 1998.

[правіць] У Сеціве

Commons

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах