Аратарская проза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ара́тарская проза — помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найбольшага росквіту дасягнула ў Грэцыі (VIV стст. да н.э.) і Рыме (I ст. да н.э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтва — рыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд Сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэлігійны характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы.

На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царкоўнага красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае «Слова пра паход Ігараў». У XVIXVII стст. у перыяд рэлігійнай палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-палітычны дзеяч і дыпламат Л. Сапега (прамова на Варшаўскім сойме 1588). Сярод прадстаўнікоў беларускага царкоўнага красамоўства вылучаліся Л. Карповіч, М. Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У XVIIXVIII стст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатырычныя творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыстычныя маналогі, «словы» да чытачоў К. Каліноўскага ў газета «Мужыцкая праўда».

У аратарскай прозе XX ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б. Тарашкевіч, які выступаў у абарону нацыянальных і сацыяльных правоў працоўных Заходняй Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культурнае і гістарычнае мінулае краіны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]