Слова пра паход Ігараў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Слова пра паход Ігараў, Слово о плъку Игоревѣ, Слова пра паход Ігараў, Ігара, сына Святаславава, унука Алегава — найвыдатны помнік старажытнарускай літаратуры кан. XII ст. Сюжэт СПІ аснованы на няўдалым паходзе 1185 года некаторых паўднёварускіх князёў на чале з Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў.

СПІ ўваходзіла ў склад зборніка з некалькіх літаратурных тэкстаў і выяўлена ў Яраслаўскім Спаса-Праабражэнскім манастыры А. І. Мусіным-Пушкіным. Арыгінал СПІ загінуў у 1812 падчас маскоўскага пажару, што дало падставу сумнявацца ў сапраўднасці рукапісу.

Усе сённешнія тэксты СПІ грунтуюцца на выданні 1800 падрыхтаваным Мусіным-Пушкіным, копіі знятай для Кацярыны II у 1795, выпісках зробленых А. Ф. Маліноўскім і М. М. Карамзіным. Значэнне таксама мае зроблены для Кацярыны II пераклад СПІ, які рабіўся не з копіі а з арыгіналу рукапісу.

Аўтар СПІ[правіць | правіць зыходнік]

Гіпотэзы рознай ступені слушнасці пра тое, хто мог бы быць аўтарам СПІ высоўваюцца практычна на працягу ўсіх двух стагоддзяў з часу публікацыі твора. Практычна ўсё вядомыя з летапісаў дзеячы канца XII ст. залічваліся ў магчымыя аўтары. Са сваімі версіямі выступалі не толькі філолагі і гісторыкі, але і шматлікія аматары, пісьменнікі, публіцысты. СПІ, як усё вялікае, прыцягвае ўвагу разнастайных маргіналаў, былі спробы чытаць яго нават па-хазарску.

СПІ занадта кароткі, незвычайны і складаны тэкст, каб па ім можна было ўпэўнена судзіць аб тых або іншых уласцівасцях яго аўтара або параўноўваць яго з іншымі тэкстамі той эпохі. Адны даследчыкі лічылі, што тон зваротаў аўтара да князёў паказваюць на тое, што ён сам быў князем, у прыватнасці, называліся імёны самога Ігара, Яраслаўны, Уладзіміра Ігаравіча і шэрагу іншых князёў, уключаючы вельмі малавядомых. Іншыя, наадварот, сцвярджалі, што князь не мог зваць князя «гаспадзінам». Па-рознаму ацэньваліся і палітычныя сімпатыі аўтара — адны лічаць, што ён апявае Ігара і таму належыць да лагеру Ольгавічаў, іншыя — што ён асуджае яго авантуру і сімпатызуе Манамахавічам. Высоўвалася нават малаверагодная версія, што частка тэксту напісаная адным аўтарам, іншая частка — іншым. Высоўваліся версіі, што аўтар быў пскавічом — на падставе пскоўскіх элементаў у мове СПІ, ці палачанінам — шмат месца ў СПІ прысвечана полацкай гісторыі і Усяславу Брачыславічу. Асобную галіну складаюць спробы пошуку прама названага або зашыфраванага імя аўтара ў тэксце, вылучэнне акравершаў, але з-за згубы першапачатковага рукапісу падобныя рэканструкцыі вельмі сумнеўныя.

Б. А. Рыбакоў, атрыбутаваўшы як аўтара большай часткі Кіеўскага летапісу XII ст. фігуруючага ў ім кіеўскага баярына Пятра Барыславіча, і, улічваючы даўно вядомыя лінгвістам нетрывіяльныя падабенствы паміж Кіеўскім летапісам і СПІ, дапусціў, што СПІ напісаў таксама Пётр Барыславіч. Гэтую гіпотэзу ён падмацаваў аналізам палітычнай канцэпцыі абодвух тэкстаў. Аднак атрыбуцыя летапісання паказанага перыяду баярыну Пятру сама па сабе гіпатэтычная, а падабенствы паміж творамі свецка-княжацкай культуры аднаго часу не абавязкова гавораць аб адзіным аўтарстве.

Пры сучасным стане пытання і цяперашнім корпусе вядомых нам крыніц магчыма меркаваць, што імя аўтара СПІ не будзе вядома ніколі.

Скептычны пункт погляду на СПІ[правіць | правіць зыходнік]

Неўзабаве пасля публікацыі помніка шматлікія крытыкі выказвалі сумненне ў яго сапраўднасці, сцвярджаючы, што гэта не аўтэнтычны твор, а подробка XVIII ст. Пасля публікацыі ў сяр. XIX ст. «Задоншчыны» — якая захавалася ў шасці копіях XV ст., несумненна звязанай са СПІ, сапраўднасць СПІ доўгі час нікім не аспрэчвалася.

Аднак у кан. XIX ст. французскім славістам Луі Лежэ, а ў 1920—1950-я гг. Андрэ Мазонам былі высунуты новыя скептычныя гіпотэзы адносна паходжання СПІ. Па меркаванні Мазона і шэрага іншых французскіх даследчыкаў, СПІ было створана ў канцы XVIII стагоддзі па ўзоры «Задоншчыны», прычым у якасці сюжэту было скарыстана пераказванне падзей XII ст., зробленае В. М. Тацішчавым па незахаваўшымся летапісам. Аўтарства тэксту Мазон прыпісваў А. І. Мусіну-Пушкіну, Бантышу-Каменскаму або архімандрыту Іаілю Быкоўскаму. Іаіля Быкоўскага таксама лічыў аўтарам СПІ савецкі гісторык А. А. Зімін у 1960-х, прычым ва ўмовах савецкага часу, калі адкрытая дыскусія вакол дадзенай праблемы была немагчымая, пярэчанні афіцыйнай навукі Зіміну часта зводзіліся да ідэалагічных нападкаў — поўнасцю асноўная праца Зіміна выдадзена толькі ў 2006. Найноўшую версію высунуў амерыканскі славіст Эдвард Кінан у 2003, згодна з яго меркаваннем, СПІ складзенае чэшскім філолагам і асветнікам Ёзэфам Даброўскім.

Скептыкам неаднаразова пярэчылі як гісторыкі, так і літаратуразнаўцы, аднак найбольш пераканаўчыя аргументы ў карысць сапраўднасці СПІ прапануюць лінгвісты. Р. В. Якабсон у 1948 падрабязна аспрэчыў усе асноўныя аргументы прац Мазона, даказаўшы поўную адпаведнасць моўных рыс СПІ да сапраўднага помніка XII ст., загінуўшы рукапіс якога быў копіяй XV—XVI стст.

У 2004 А. А. Залізняк, усебакова даследаваўшы праблему, паказаў, што фальсіфікатар XVIII ст. ніяк не мог валодаць лінгвістычнымі ведамі, неабходнымі для стварэння тэкста СПІ. Кандыдатура Даброўскага таксама на гэту ролю не падыходзіць, бо звесткі аб старажытнай славянскай граматыцы, выкладзеныя ў яго працах, адрозніваюцца ад фактаў граматыкі СПІ. У прыватнасці, Залізняк паказаў, што характар ужывання так званых клітык у тэксце СПІ адпавядае параметрам апавядальных тэкстаў XII ст., а ведаў аб гэтых параметрах у меркаваных фальсіфікатараў XVIII ст. не магло быць. Аналагічныя назіранні былі зроблены і над іншымі кампанентамі граматыкі. Акрамя таго, шэраг параметраў дэманструе несумненную залежнасць тэксту «Задоншчыны» ад тэксту СПІ, а не наадварот.

Нягледзячы на ўсе гэтыя сведчанні безгрунтоўнасці версіі аб СПІ як падробцы XVIII ст., дадзеная версія стала выключна карысным стымулам у справе даследавання помніка.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Першы пераклад СПІ, урывак пад назвай «Песня пра князя Ізяслава Полацкага», зрабіў М. Багдановіч у 1910 годзе. Першы поўны празаічны пераклад СПІ зрабіў Я. Купала ў 1911 годзе, ён жа ў 1921 годзе зрабіў і паэтычны пераклад. У 1922 годзе выйшаў празаічны пераклад М. І. Гарэцкага («Хрестоматия белорусской литературы», Вільня). Паэтычныя пераклады СПІ таксама рабілі А. Вялюгін («Плач Яраслаўны», 1969), Р. Барадулін (1985), В. І. Дарашкевіч (1985, апубл. 1989) і І. Г. Чыгрынаў (1991[1]).[2][3]

Беларускія даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Бадай меркаванне У. Сыракомлі, выказанае ў «Гісторыі польскай літаратуры ад пачатку яе да цяперашняга часу» (Масква, 1860), што СПІ напісана «беларускай мовай», трэба лічыць пачаткам вывучэння СПІ беларускімі даследчыкамі. У 1911 годзе, у «Краткой истории белорусской письменности до XV ст.», свае разважанні пра СПІ змясціў М. Багдановіч змясціў, між іншага ён лічыў, што старажытны твор складзены з калісьці асобных песень.

Значны ўклад у вывучэнне СПІ зрабілі беларускія археолагі Э. М. Загарульскі[4][5] і Г. В. Штыхаў[6][7]. В. А. Чамярыцкі выказваў свае разважанні па «цёмныя месцы» СПІ, Л. Д. Побаль выказваў меркаванне пра лакалізацыю Дудутак згаданых СПІ[8]. М. Г. Булахаў апублікаваў агляд славянскіх перакладаў і даследаванняў СПІ, разглядаў фальклорныя матывы ў СПІ і мове помніка. Найбуйным укладам беларускіх вучоных з'яўляецца энцыклапедыя «„Слово о полку Игореве“ в литературе, искусстве, науке»[9], укладзеная М. Г. Булахавым, і бібліяграфія работ пра СПІ на беларускай мове, укладзеная Л. І. Зарэмба[10].

Зноскі

  1. «Спадчына». 1991. № 6. — С. 105—110
  2. Зарэмба Л. І. «Слова аб палку Ігаравым» на Беларусі: 800 год выдатнаму помніку літаратуры Кіеўскай Русі // Нар. асвета. 1985. № 9. — С. 48—51.
  3. Воінаў М. М. «Слова пра паход Ігаравы» у беларускіх перакладах // Беларус. літ-ра: Зб. артыкулаў. Гомельскі ун-т. Мінск, 1986. Вып. 14. — С. 99—109.
  4. Об одном полоцком сюжете в «Слове о полку Игореве» // Весн. Беларус. ун-та. 1985. Сер. 3. № 3. — С. 75—77.
  5. «Слово…» и западные земли Руси // Неман. 1985. № 8. — С. 157—165.
  6. Эпізоды гісторыі Полацка ў «Слове аб палку Ігаравым» // Беларус. літ-ра і літаратуразнаўства. Мінск. 1976. Вып. 4. — С. 111—117.
  7. У вусці Нямігі // Мастацтва Беларусі. 1985. № 9. — С. 14—15.
  8. Наваколле Менеска на старонках «Слова пра паход Ігаравы»
  9. «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке: Краткий энциклопедический словарь. — Мн., 1989.
  10. Слово о полку Игореве: Библиографический указатель (1968—1987) / Сост. Н. Ф. Дробленкова, Л. В. Соколова, Ю. В. Пелешенко и Л. И. Зарембо. — Л., 1991.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Зализняк А. А. «Слово о полку Игореве»: взгляд лингвиста. — М., 2004 (2-е изд., испр. и доп. М., 2007; 3-е изд., доп. М., 2008).
  • Зимин А. А. Слово о полку Игореве. — СПб.: «Дмитрий Буланин», 2006. — 516 с. ISBN 5-86007-471-9
  • История спора о подлинности «Слова о полку Игореве»: Материалы дискуссии 1960-х годов / Вступительная статья, составление, подготовка текстов и комментарии Л. В. Соколовой. — СПб.: Издательство «Пушкинский Дом», 2010. — 792 с. ISВN 978-5-91476-010-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]