Сімяон Полацкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сімяон Полацкі
Simeon of Polotsk.jpg
Імя пры нараджэнні: Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч
Дата нараджэння: 12 снежня 1629({{padleft:1629|4|0}}-{{padleft:12|2|0}}-{{padleft:12|2|0}})
Месца нараджэння: Полацк[1]
Дата смерці: 25 жніўня 1680({{padleft:1680|4|0}}-{{padleft:8|2|0}}-{{padleft:25|2|0}}) (50 гадоў)
Месца смерці: Масква[1]
Лагатып ВікіСховішча Сімяон Полацкі на Вікісховішчы

Сімяон Полацкі, Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч, Samuel Piotrowski-Sitnianowicz (12 снежня 1629, Полацк25 жніўня 1680, Масква) — праваслаўны і грэка-каталіцкі дзеяч[2][3], духоўны пісьменнік. Аўтар твораў «Рыфмалагіён», «Вертаград» і інш.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў заможнай купецкай сям'і. Узгадаваны ў Полацку, атрымаў бліскучую пачатковую адукацыю. Пачаў спасціжэнне навукі ў брацкай школе полацкага Богаяўленскага манастыра. Пасля яе заканчэння выкладаў у брацкай школе ў Полацку. У 1656 стаў манахам у Полацку. Каля 1650 скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію з дыпломам «дыдаскала», а затым, каля 1653, студыяваў у Віленскай акадэміі.

У чэрвені 1656 года Сімяон Полацкі прыняў лёсавызначальнае рашэнне, — пастрыгся ў манахі Полацкага Богаяўленскага манастыра, дзе на працягу васьмі год выкладаў у брацкай школе. Падпісваўся як «Simeonis Piotrowskj Sitnianowicz hieromonachi Polocensis Ordinis Sancti Basilii Magni», што паказвае на прыналежнасць С. Полацкага да ордэна базыльянаў.

Як філосаф і майстар мастацкага слова С. Полацкі сфармаваўся ў культурнай і інтэлектуальнай атмасферы Вялікага Княства Літоўскага. Першыя літаратурныя спробы палачанін здзейсніў у часе навучання ў Кіеве і Вільні. У архівах знойдзены раннія творы С. Полацкага, напісаныя пераважна на старабеларускай і польскай мовах, прычым ён карыстаўся як кірыліцай, гэтак і лацінкай.

Пазней ён паведамляў у прадмове да «Рыфмалагіёна»:

"

Писах в начале по языку тому,
   Иже свойственный бе моему дому.
Таже увидев многу пользу быти
   Славенску ся чистому учити.
Взях грамматику, прилежох читати,
   Бог же удобно даде ю ми знати.

"

У пачатковы перыяд творчасці С. Полацкі стварыў цыкл вершаваных твораў дыдактычнага і панегірычнага характару, напісаў драматургічныя творы, філасофскія казанні і дэкламацыі.

Першыя значныя паэтычныя «Метры» ў гонар расійскага цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1656 праязджаў праз Полацк, з'явіліся мастацкім адказам на паланізацыю Беларусі, рэзкім палітыка-ідэалагічным пратэстам супраць кампрамісу шляхты і магнатаў ВКЛ перад польскай культурнай экспансіяй.

Неўзабаве Сімяон Полацкі пакідае радзіму, у 1664 ён пераязджае ў Маскву. Ён сустрэў цёплы прыём пры царскім двары, атрымаў магчымасць займацца педагагічнай і асветніцкай дзейнасцю. С. Полацкі прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі.

Становішча паэта ўзмацнілася з 1667, пасля таго, як ён быў афіцыйна прызначаны выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Быў настаўнікам Фёдара Аляксеевіча, які дзякуючы яму атрымаў добрую адукацыю, ведаў лацінскую і польскую мовы, пісаў вершы. Да шлюбу цара Фёдара Аляксеевіча на Агафіі Сямёнаўне Грушэцкай склаў, разам з новым прыдворным піітам i вучаням беларуса, манахам Сільвестарам Мядзведзеевым, шырокавяшчальные оды на гэту «вялікую i радасную для ўсёй зямлі Рускай урачыстасць»[1]. Яго выхаванцам быў і будучы расійскі імператар Пётр І.

Росту аўтарытэту Сімяона сярод высокіх прадстаўнікоў маскоўскай адміністрацыі садзейнічала яго актыўная барацьба са стараабрадцамі і дзейсны ўдзел у Вялікім маскоўскім саборы (1666—67). У кан. 1670-х арганізаваў і ўзначаліў друкарню ў Крамлі. У гэтай друкарні выйшлі кнігі «Буквар языка славенска» (1679), «Псалтыр рыфматворная» (1680), якая ўяўляла сабой вершаваны пераклад Псалтыра. Па ініцыятыве С. Полацкага была заснавана першая ў Маскве вышэйшая агульнаадукацыйная навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацінская акадэмія, статут якой складаў Сімяон. Быў адным з першых расійскіх царкоўных дзеячаў заходняга кірунку; значна паўплываў на працэсы расійскіх царкоўных рэформ.

У Маскве Сімяон Полацкі апублікаваў «Жэзл праўлення» (1667), два аб'ёмныя зборнікі твораў: «Сад шматколерны» (1678) і «Рыфмалагіён» (1680). Ён напісаў і паставіў дзве п'есы: «Прыпавесць пра аблуднага сына» і «Пра Наўхаданосара-цара». Пасля смерці асветніка быў апублікаваны корпус яго казанняў у дзвюх кнігах: «Абед душэўны» (1681) і «Вячэра душэўная» (1683).

Сімяон Полацкі памёр раптоўна, на пяцьдзясят першым годзе жыцця. Сваю вялікую бібліятэку пісьменнік завяшчаў размеркаваць у асноўным паміж чатырма манастырамі, да якіх меў непасрэднае дачыненне, — Маскоўскім Заіканаспаскім, Полацкім Багаяўленскім, Кіеўскім Пячорскім і Брацкім. Частка буйных грашовых зберажэнняў адпісвалася ім у іншыя ўкраінскія і беларускія манастыры, астатняя ж частка прызначалася сваякам і блізкім: родным братам Івану і Луку, пляменніку Міхаілу Сільвестравічу і яго маці, айцу духоўнаму Іпаліту, «возлюбленному ўченику».

Паэзія[правіць | правіць зыходнік]

Вызначальная рыса творчага почырку Сімяона Полацкага — энцыклапедызм, гістарычная абазнанасць і інтэлектуальная вытанчанасць. Яго вершы — гэта, пераважна, яркія філасофскія сентэнцыі, мудраслоўі, дыдактычныя павучанні. Творчасць Сімяона Полацкага — арганічны сінтэз літаратуры, філасофіі і тэалогіі, умелае спалучэнне заходняй і ўсходняй патрыстыкі, антычнай і хрысціянскай эстэтыкі.

Сімяон Полацкі — выдатны майстар мастацкага слова. Ён апрацоўвае яркія народныя прыказкі і прымаўкі, шырока выкарыстоўвае вусна-паэтычныя вобразы. Паэт шматкроць прыгадвае сентэнцыі старадаўніх філосафаў і красамоўцаў — Арыстоцеля, Платона, Фалеса Мілескага, Арыстыпа, Дыягена, Дыянісія, ацэньваючы іх выключна з станоўчага боку. На старонках сваіх твораў аўтар дае сюжэты з антычнай і сярэднявечнай гісторыі, якія ён чэрпаў з сусветных хронік, выдадзеных у XV—XVI ст. у Заходняй Еўропе.

У тэкстах шчодра прадстаўлены эпітэты, метафары, параўнанні і сімвалы, што надае яго творам семантычную шматзначнасць і барочную квяцістасць.

Светапогляд[правіць | правіць зыходнік]

На старонках сваіх твораў Сімяон Полацкі ўзняў шырокае кола філасофскіх, сацыяльных, этычных і анталагічных пытанняў.

Паэт апявае кніжныя веды, стварае культ філасофіі, мудрасці, навукі і пазнання, аб чым выразна сведчаць яго вершы з красамоўнымі назвамі: «Філасофія», «Розум», «Слова», «Маўленне», «Акадэмія», «Час». У філасофскім вершы «Думка» С. Полацкі паказвае стваральную ролю канструктыўных ідэй, раскрывае іх асноватворную функцыю ў грамадскай практыцы. Паводле канцэпцыі С. Полацкага, менавіта філасофія і навукі дазваляюць дасягнуць дасканалага жыцця, робяць людзей мудрымі, разважлівымі, таленавітымі творцамі, роўнымі да анёлаў.

Філасофія і кніжныя веды маюць вялікую практычную карысць, яны дазваляюць чалавеку ўпэўнена пачувацца ў грамадстве, годна трымацца перад абліччам цароў і князёў. Філасофія і веды ўзбагачаюць духоўны свет асобы, робяць чалавека моцным, здатным пераадольваць цяжкасці, развязваць складаныя праблемы. Філасофія спрыяе маральнаму аздараўленню грамадства, выкараняе заганы і зло.

У аснове інтэлектуальнай дзейнасці чалавека, паводле меркавання асветніка — старанная праца над словам. У вершы «Слова» ён заклікае ўсіх паважліва і з выключнай пашанай ставіцца да сваіх слоў і выказванняў, зважаючы на іх духоўную моц.

У вершаваных і празаічных творах Сімяон Полацкі сфармуляваў уласную этычую дактрыну, якая ўключала сістэму базавых канцэптаў, што вынесены ў загалоўкі многіх вершаў: «Годнасць», «Сяброўства», «Стрыманасць», «Праца», «Славалюбства», «Паклёп», «П'янства», «Хабарніцтва», «Згода». С. Полацкі выкрываў амаральныя паводзіны і ўчынкі. У вершы «Двурушнасць» паэт асудзіў крывадушнасць і няшчырасць, якія разбураюць асобу.

Як філосаф, Сімяон Полацкі шмат разважаў пра чалавека і грамадства. Яго антрапалагічная канцэпцыя найбольш поўна выкладзена ў казаннях: «Слова пры пахаванні саноўнага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнага чалавека», «Слова пры пахаванні ваяра», «Слова пры пахаванні дабрачыннага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнай жанчыны», «Слова ў дзень найпадобнага Аляксея». У «Слове ў дзень новага лета» пісьменнік падкрэсліваў асаблівую місію чалавека на зямлі, яго выключнае месца сярод іншых жывых істот: «Дзеля каго сонца дзень стварае? Дзеля чалавека! Дзеля каго існуюць усе скарбы зямныя — золата і серабро, каштоўныя камяні ў зямных нетрах і жэмчуг у марскіх глыбінях? Дзеля чалавека!» С. Полацкі таксама адзначаў натуральнае імкненне чалавека да ўзвышанага і прыгожага.

Для творчасці С. Полацкага характэрны анталагізм — імкненне ахапіць і растлумачыць усе з'явы жыцця, прыроды і сусвету, аб чым сведчаць шматлікія вершы: «Чарадзейства», «Старасць», «Жаніцьба», «Жонка», «Удоўства», «Манах», «Леў», «Дзень і ноч», «Пахаванне», «Віно».

Сімяон Полацкі ўздымаў вострыя сацыяльныя і грамадска-палітычныя праблемы, прапаноўваў іх адметнае вырашэнне ў творах: «Начальнік», «Суд», «Грамадзянства», «Справядлівасць», «Адрозненне». Выхаваны на ідэях Рэнесансу, ён адстойваў ідэю пабудовы прававой дзяржавы. У вершы «Закон» паэт акурат указваў на пільную грамадскую неабходнасць адшліфаваных агульнадзяржаўных статутаў, падкрэсліваў велізарную карысць ад іх для кожнай асобы і ўсёй супольнасці.

Сімяон Полацкі адмыслова вырашаў праблему ўлады. У вершы «Адрозненне» паэт, спасылаючыся на Арыстоцеля, піша, што сапраўдны цар той, хто дбае аб грамадзянах, думае пра іх патрэбы. Тыран — рабуе і крыўдзіць падданых. С. Полацкі адстойваў канцэпцыю асвечанай манархіі. У вершы «Улада» ён сцвярджаў, што ўсялякая ўлада — ад Бога. Менавіта Госпад пасылае людзям добрых ці злых уладароў. Грамадзяне павінны шанаваць уладу, дапамагаць манархам рэалізоўваць іх стваральныя задумы. У п'есе «Пра Наўхаданосара-цара» праз мастацкія сродкі драматургіі сцвярджаецца неабходнасць справядлівага і мудрага манарха.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]