Валасны сход

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Валасны сход (руск.: волостной сход) — распарадчы орган саслоўнага сялянскага кіравання воласцю ў Расійскай імперыі. Уведзены ў 1797 годзе для дзяржаўных сялян. У сувязі са скасаваннем валасцей на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве пасля рэформы дзяржаўнай вёскі 1837—1841 гадоў валасныя сходы тут не склікаліся. Пасля сялянскай рэформы 1861 года ўведзены ў еўрапейскай частцы імперыі для былых памешчыцкіх, з другой паловы 1860-х гг. адноўлены для былых дзяржаўных сялян.

Складаўся са службовых асоб і сялян, выбраных на сельскіх сходах па 1 ад 10 двароў; у заходніх губернях удзельнічалі і парабкі. Вырашаў адміністрацыйна-гаспадарчыя справы воласці, выбіраў службовых асоб, валанога старшыну[1], валасное праўленне, у пачатку XX ст. — упаўнаважаных сялян на выбарах у Дзяржаўную думу  (руск.) і інш. 3 чэрвеня 1917 года скасаваны Часовым урадам у сувязі са стварэннем валасных земстваў.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 164.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]