Земства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Будынак земскай управы ў Сянне, узведзены ў 1913 годзе.

Зе́мствы (руск.: земства), таксама зе́мскія ўстано́вы (руск.: земские учреждения) — выбарныя органы мясцовага самакіравання (земскія сходы, земскія ўправы) у Расійскай імперыі і Расійскай рэспубліцы ў 1864—1919 гадах на ўзроўні губерні, павета і (з 1917 года) воласці. Былі ўведзены паводле земскай рэформы 1864 года. У 1914 годзе земствы існавалі ў 43 губернях еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Былі скасаваны бальшавіцкімі ўладамі ў 1918—1919 гадах.

Выбарчая сістэма была заснавана на маёмасным і саслоўным цэнзах. Выбаршчыкі падзяляліся на курыі: павятовыя землеўладальнікі, гарадскія выбаршчыкі і выбарныя ад сельскіх грамад. Такое палажэнне забяспечвала перавагу ў земстве памеснага дваранства. Да канца 1870-х гадоў земскія ўстановы былі створаны ў 34 губернях Расійскай імперыі.

На Беларусь і некаторыя іншыя нацыянальныя рэгіёны палажэнне аб земствах не распаўсюджвалася. Гэта было выклікана тым, што ў заходніх губернях Расійскай імперыі землеўласнікамі былі пераважна «палякі» (каталікі). Расійскі ўрад не мог дапусціць перавагу «польскіх» памешчыкаў у земскіх установах. Пасля задушэння паўстання 1863 года расійскі ўрад праводзіў палітыку дэпаланізацыі і русіфікацыі краю, займаўся падрывам эканамічнага ўплыву «польскага» землеўладання, утваралася сацыяльная апора ў выглядзе памешчыкаў расійскага паходжання. У красавіку 1903 года ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях былі ўведзены ўстановы адміністрацыйнага тыпу для вядзення земскай гаспадаркі, але яны ствараліся па прызначэнні адміністрацыі і толькі ў губернях. Пасля трэццячэрвеньскага перавароту 1907 года расійскі царскі рэжым перайшоў да адкрытай шавіністычнай палітыкі, накіраванай супраць «іншародцаў» і «іншаверцаў»[1]. У траўні 1908 года ў III Думу быў унесены законапраект аб земствах у 9 заходніх губернях «пры ўмовах уліку справядлівых інтарэсаў расійскага насельніцтва краю». Прадугледжвалася ўвядзенне земстваў ва ўсіх 9 заходніх губернях, але паколькі абсалютная бальшыня землеўладальнікаў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў была «палякамі» (каталікамі)[2], было вырашана ўвесці земствы толькі ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях. Каб абмежаваць уплыў каталікоў, у заходніх губернях саслоўныя курыі (сялянская і памешчыцкая) былі заменены на курыі нацыянальныя — «рускую» (праваслаўную) і «польскую» (каталіцкую). Для забеспячэння перавагі ў земстве за праваслаўнымі памешчыкамі пры размеркаванні выбаршчыкаў бралася сярэдняе арыфметычнае колькасці «рускага» і «польскага» насельніцтва і кошт іх нерухомай маёмасці (у працэнтах»)[3]. Увядзенне выбарных земскіх органах у заходніх губернях было зацверджана 14 сакавіка 1911 года.

Расійскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-буржуазных элементаў у земствах, перадаў ім толькі мясцовыя гаспадарскія справы, што датычыліся адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гаспадарчых спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясцовае кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбілася на ўсім ходзе мясцовай дзейнасці. Земствы не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы. Асновай земскага бюджэту было абкладанне падаткамі нерухомасці: зямель, дамоў, фабрык і заводаў, прадпрыемстваў і гандлёвых устаноў. Расходы земстваў падзяляліся на «абавязковыя» (дарожная, кватэрная і падводная павіннасці, якія выконвалі пераважна сяляне, утрыманне адміністрацыйна-судовых і земскіх устаноў) і «неабавязковыя» (на ахову здароўя і народную асвету). Губернатар і міністр унутраных спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, земствы садзейнічалі развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў утрыманні царкоўна-прыходскіх школ, арганізоўвалі ветэрынарнае абследаванне і санітарны нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады сельскагаспадарчых машын, насенныя і насеннеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым будаўніцтвам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў[4].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]