Восіп Кавалеўскі
Восіп (Юзаф) Міхайлавіч Кавалеўскі (28 снежня 1800 (9 студзеня 1801), мяст. Вялікая Бераставіца Гродзенскага пав., цяпер цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9(21) кастрычніка 1878, Варшава), беларускі філолаг, гісторык, арыенталіст.
Паходзіў з сям'і уніяцкага святара. У 1808—1817 вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, удзельнічаў у тайнай арганізацыі «Таварыства аматараў навукі і айчыннай славеснасці». У 1821 скончыў факультэт літаратуры і вольных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта. Выкладаў польскую, лацінскую і грэчаскую мовы ў Віленскай гімназіі. Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі ў 1823. У 1825 высланы ў Казань, дзе ва ўніверсітэце вывучаў усходнія мовы. У 1827 выехаў у Іркуцк, дзе ўдасканальваў веданне мангольскай мовы. У 1829 накіраваўся ў падарожжа па Манголіі і Кітаі. У 1833 вярнуўся ў Казанскі ўніверсітэт, дзе быў прызначаны спачатку ад'юнктам, а потым прафесарам. Прывёз вельмі багатую калекцыю матэрыялаў і рукапісаў на мангольскай, тыбецкай, кітайскай, маньчжурскай мовах. У 1835 выдаў «Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы»; у 1836—1837 «Мангольскую хрэстаматыю» (т. 1—2); у 1844—1849 «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3), за які атрымаў ад Пецярбургскай АН Дзямідаўскую прэмію. У 1847 абраны акадэмікам Пецярбургскай АН. Выступаў у друку з артыкуламі на філалагічныя тэмы, перакладаў на польскую мову антычную класіку. У 1855—1860 рэктар Казанскага ўніверсітэта. З 1862 прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта.
Літ. з даведн. Л.У.Маракова: Kotwicz W. Józef Kowalewski — orientalista (1801—1878). Wrocław, 1948; • Фролов Е. Вильнюсский период жизни и деятельности О.М.Ковалевского // Учёные записки Вильнюсского университета. Серия историко-филологическая. 1958, т. 4; • Шамов Г.Ф. Профессор О.М.Ковалевский: Очерк жизни и научной деятельности. Казань, 1983; • Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1985, № 5; • ЭГБ, т. 3; • АЗБ.
[правіць] Крыніца
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
