Вінданіса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вінданіса (лац. Vindonissa, ад кельц. *uindo — белы) — рымскі ваенны лагер на тэрыторыі сучаснага горада Віндзіш у швейцарскім кантоне Ааргау.

Ляжаў пры зліцці рэк Аарэ і Рэус, ён быў павінны кантраляваць важныя гандлёвыя і ваенныя дарогі ў рымскай правінцыі Рэцыя. З 14 па 101 гг. н.э. у ім былі па чарзе раскватараваны 3 розныя легіёны, і затым, пасля працяглай паўзы, выкліканай алеманскім уварваннем, з 270 г. нанова адбудаваны каструм Вінданіса быў часткай Дунай-Ілер-Рэйнскага лімеса.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да прыбыцця рымлян на гэтым месцы размяшчаўся кельцкі апідум, пабудаваны, відаць, пасля паражэння гельветаў у бітве пры Бібракце ў 58 г. да н.э. Рымская армія заняла паселішча ў 15 г. да н.э. у выніку альпійскага паходу Друза і Тыберыя, пераняўшы старую сістэму равоў і валаў. Пасля ўсталявання мяжы на Рэйне ў 14 г. н.э. у Вінданісу з каструма Аўгуста Віндэлікорум (сучасны Аўгсбург) быў пераведзены XIII Парны легіён (Legio XIII Gemina), які пабудаваў першыя драўляныя жылыя баракі і новыя ўмацаванні вакол лагера. Каля 21 года лагер быў пашыраны ў заходнім кірунку; каля 30 года — пашыраны паўторна, і неўзабаве перанесены ў паўночна-ўсходнім кірунку.

У 44/45 г. XIII легіён быў заменены на пераведзены з ніжненямецкага каструма Ветэра XXI Імклівы легіён (Legio XXI Rapax), які пачаў масавую перабудову лагера ў камені. Паводле археалагічных даных, ваеннае паселішча займала цяпер амаль 21 га і мела форму няправільнага сямівугольніка, акружанага валам і равамі. З гэтага часу вядомыя руіны тэрмаў, валетудынарыума (ваенны лазарэт) і казармы. На поўдзень і ўсход ад лагера размяшчалася грамадзянскае паселішча (vicus); ны паўднёвы захад — форум і амфітэатр. XXI легіён, які ўдзельнічаў у жорсткім прыгнечанні паўстання гельветаў 68/69 г., быў заменены на XI Клаўдзіяў легіён (Legio XI Claudia), які заставаўся ў Вінданісе аж да страты ёю свайго ваеннага значэння.

Пры імператары Даміцыяне Вінданіса ўвайшла ў склад новай правінцыі Германія Суперыяр; у той жа час з набыццём Рымскай імперыяй Дэкумацкіх палёў мяжа значна адсунулася на поўнач, і неабходнасць у буйным ваенным лагеры на Аарэ адпала, што пры імператары Траяне стала прычынай перадыслакацыі XI легіёна на Дунай для супрацьстаяння дакам. Да сярэдзіны II ст. лагер заставаўся пад кіраваннем VIII Аўгустава легіёна (Legio VIII Augusta), раскватараванага ў Аргентаратуме (сучасны Страсбург), і паступова ўсё больш выкарыстоўваўся і засяляўся грамадзянскім насельніцтвам.

У 259/260 г. пасля падзення Верхнегерманска-рэтыйскага лімеса на швейцарскае плато і, у прыватнасці, у раён Вінданісы ўварваліся плямёны алеманаў, якія з вялікімі цяжкасцямі былі выцеснены за Рэйн толькі каля 270 г. З прычыны таго, што мяжа зноў праходзіла па Рэйне, Вінданіса вярнула сваё стратэгічнае значэнне, аднак цяпер ужо як складовая частка Дунай-Ілер-Рэйнскага лімеса. Каля 300 г. было выбудавана новае ўмацаванне — Castrum Vindonissense, якое праіснавала прынамсі да 406 г.

Збудаванні[правіць | правіць зыходнік]

Руіны амфітэатра

Вінданіса з'яўляецца адным з найважнейшых месцаў раскопак рымскіх ваенных паселішчаў на поўнач ад Альпаў: гісторыя археалагічных пошукаў складае тут больш за 100 гадоў; ёсць таксама сярэднявечныя звесткі пра выяўленне рымскіх манет і статуэтак. З іншага боку, паколькі на тэрыторыі лагера знаходзіцца сучасны горад, то раскопкі ў шэрагу выпадкаў уяўляюцца амаль немагчымымі. На сённяшні дзень нароўні з часткова рэканструяванымі баракамі ў лагеры, захаваліся руіны амфітэатра і вадавод I ст. н.э., які часткова выкарыстоўваецца дагэтуль. Акрамя таго выяўлены і даследаваны свяцілішчы, гавань, месцы пахаванняў, мансіа (заезны двор) і познеантычная выграбная яма. У канцы кастрычніка 2012 г. стала вядома пра выяўленне яшчэ адных рымскіх могілак на паўночным беразе Аарэ.

Музеефікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Уздоўж месцаў раскопак у абшчыне Віндзіш пракладзены турыстычна-інфармацыйны маршрут «Сцежка легіянера» (ням. Legionärspfad), які распавядае пра гісторыю рымскага знаходжання ў Швейцарыі і пра асаблівасці паўсядзённага жыцця ў рымскім ваенным лагеры. Па арыгінальных чарцяжах з выкарыстаннем аўтэнтычных інструментаў адноўлены будынак казармы. Галоўным атракцыёнам з'яўляецца, мабыць, рэканструяваны кантуберній, у якім ёсць магчымасць пераначаваць «як легіянеры».

З восені 2010 г. маршрут «Сцежка легіянера» падпарадкоўваецца Музею Ааргау.[1]

Большасць археалагічных знаходак выстаўлена ў Музеі Вінданісы[2] у горадзе Бруг.

Civitas Vindoninsis[правіць | правіць зыходнік]

Пра значэнне грамадзянскага паселішча Вінданісы, як важнага рэгіянальнага цэнтра, у тым ліку ў перыяд і пасля падзення Рымскай імперыі, гаворыць той факт, што прыкладна да 600 г. Вінданіса была месцазнаходжаннем біскупа. Пазней біскупская кафедра была перанесена ў Канстанц (гл. таксама Канстанцкае біскупства), што абумовіла далейшы лёс горада. Дакументальна пацверджана два імі епіскапаў: Бубульк (Bubulcus) за 517 год, і Граматый (Grammatius) за 541—549 гг. Акрамя таго, у гэты ж час (V—VI стст.) у горадзе дзейнічаў манетны двор.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • M.Hartmann, H.Weber, Die Römer in Aargau. Sauerländer Verlag, Aarau 1985. ISBN 3-7941-2539-8.
  • M.Hartmann, Vindonissa: oppidum — Legionslager — castrum. Druckerei Effingerhof AG, Brugg 1986.
  • Chr.Unz, E.Deschler-Erb, Katalog der Militaria aus Vindonissa. Gesellschaft Pro Vindonissa, Brugg 1997. ISBN 3-907549-04-X.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Таварыства Pro Vindonissa