Віцебскі абласны краязнаўчы музей

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Віцебскі абласны краязнаўчы музей
Vitebsk cityhall oct 2005.jpg
Дата заснавання 1918
Месцазнаходжанне г. Віцебск, вул. Леніна, д.36
Тэлефон (+0212) 36-47-12, 36-05-45
http://ratusha.by
Лагатып ВікіСховішча Віцебскі абласны краязнаўчы музей на ВікіСховішчы

Віцебскі абласны краязнаўчы музей заснаваны 12 лістапада 1918 г. загадам № 3407 Віцебскага губернскага аддзела народнай асветы. Адчынены для наведвальнікаў у маі 1919 г. у будынку былой духоўнай семінарыі[1]

19 лістапада 1924 г. Саўнаркомам БССР была прынята пастанова аб стварэнні Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музею. Музей размясціўся ў будынку былой гарадской ратушы, дзе першыя экспазіціі адчыніліся для наведвальнікаў 27 красавіка 1925 г.

Музей шматразова змяняў назвы: 19181924 гг. — Віцебскі губернскі музей; 19241929 гг. — Віцебскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага музея (ВАБДМ); 19291932 гг. — Віцебскі культурна-гістарычны музей (ВКГМ); 19321937 гг. — Віцебскі сацыяльна-гістарычны музей (ВСГМ); 1939—1941 гг. — Віцебскі абласны дзяржаўны гістарычны музей (ВАДГМ); 1947—1951 гг. — Віцебскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей (ВАГКМ); з 1951 г. — Віцебскі абласны краязнаўчы музей (ВАКМ).

А. Брадоўскі ў сценах Віцебскага губернскага музея

У фондах: матэрыялы археалагічных раскопак на Віцебшчыне (вырабы з крэмяню, косці, рога, скураны абутак 12-13 ст., берасцяная грамата 13-14 ст., пісалы, упрыгожванні з шкла, сердаліка, бурштыну, кераміка ляпная і ганчарная), калекцыі натуральна-навуковыя, нумізматыкі, сфрагістыкі, парцаляну, зброі, старадрукаваныя кнігі 17-18 ст., прылады працы і прадметы побыту 18-20 ст., асабістыя фонды гісторыкаў і краязнаўцаў Антона Брадоўскага, Аляксея Сапунова і Вацлава Федаровіча. Матэрыялы аб дзейнасці палітычных партый на Віцебшчыне, падзей рэвалюцыі 1905-07, Лютаўскай і Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцый, савецкіх дзеячах Міхаіле Еўсцігнеяве, Сямёне Крылове, Аўгусце Бітэ і інш. Адмысловае месца займаюць матэрыялы аб Вялікай Айчыннай вайне: экспанаты аб дзейнасці Віцебскага падп. абкама КПБ, Віцебскага, Аршанскага, Лепельскага падполля, Обальскай, Прошкаўскай, Асінторфскай падпольных арганізацый, аб вызваленні вобласці ад нямецка.-фаш. захопнікаў у 1944 г., аб партызанскім руху на Віцебшчыне — партызанскія ўлёткі, газеты, зброя, узнагароды і асабістыя рэчы Міная Шмырова, Уладзіміра Лабанка, Данілы Райцева, Аляксея Данукалава.

Філіялы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея[правіць | правіць зыходнік]

Літаратурны музей[правіць | правіць зыходнік]

вул. Фрунзэ, д.13.

Створаны 26.10.1988 г. па пастанове Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта № 430. Экспазіцыйная плошча 250 кв.м. Экспазіцыя грунтуецца на трох асноўных пластах: гістарычная эпоха, асоба пісьменніка, літаратурны вобраз. На стэндах музейных залаў акрэслены Полацк, калыска гісторыі і культуры Беларусі, які даў свету імёны выдатных асветнікаў: Ефрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Сімяона Полацкага. На фоне арыгіналаў старадрукаваных кніг прадстаўлены муляжы страчаных рэліквій нацыянальнай культуры: Друцкае Евангелле, Евангелле Цяпінскага і інш. Экспазіцыя музея знаёміць з творчасцю беларуска-польскіх пісьменнікаў 18-19 ст.: Францышка Князьніна, Яна Баршчэўскага, Аляксандра Рыпінскага, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і інш.; рускіх пісьменнікаў, шляхі якіх праляглі праз Віцебшчыну: Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Івана Лажэчнікава, Івана Буніна, Глеба Успенскага.

Рэдкія дакументы і фотаздымкі расказваюць пра Віцебскую філію «Маладняка», пра пісьменнікаў 1920-х — 1930-х гг., якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій: Вацлава Ластоўскага, Міхася Зарэцкага, Уладзіміра Дубоўку, Івана Батрака (Казлоўскага); пра пісьменнікаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Аркадзя Гейнэ, Алеся Дубровіча, Рыгора Жалязняка, Алеся Жаўрука і інш. У экспазіцыі, прысвечанай сучасным пісьменнікам, значнае месца адведзена творчасці Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

Музей прыватных калекцый[правіць | правіць зыходнік]

вул. 1-ая Даватара, д.26

Створаны 09.09.1992 г. па загаду Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкома № 67 на аснове збору віцебскага калекцыянера Івана Данілавіча Галькевіча (1895—1976), перададзенага Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею пасля яго смерці. Экспазіцыйная плошча 104 кв.м.

Фонды музея прыватных калекцый неаднаразова папаўняліся дарамі іншых віцебскіх калекцыянераў. Яны налічваюць болыш 7 тыс. музейных рэчаў (калекцыі баністыкі, нумізматыкі, сфрагістыкі, фалерыстыкі, скульптуры). Экспануюцца калекцыі: манет, якімі карысталіся на тэрыторыі Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён; расійскіх медалёў 18 — пачатку 20 ст.; памятных медалёў СССР і БССР; памятных медалёў і ўзнагарод краін свету; узнагарод СССР. Музей арганізуе выстаўкі з фондаў дзяржаўных музеяў, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб, сустрэчы з калекцыянерамі.

Музей-сядзіба І. Я. Рэпіна «Здраўнёва»[правіць | правіць зыходнік]

Музей-сядзіба І. Я. Рэпіна «Здраўнёва».

Створаны 11.08.1988 г. па загаду Міністра культуры БССР № 64. Знаходзіцца за 16 км на поўнач ад Віцебска на месцы былой сядзібы мастака Іллі Яфімавіча Рэпіна (1844—1930). На працягу 1892—1902 гг. Рэпін стварыў тут карціны «Восеньскі букет», «Паляўнічы», «Беларус», «На Заходняй Дзвіне. Усход Сонца», «Месячная ноч» і «Паненкі на прагулцы сярод статка кароў», «На сонцы» і інш. Комплекс музея-сядзібы ўключае: галоўны сядзібны дом, у якім працуе мемарыяльная экспазіцыя; дом упраўляючага (размясцілася адміністрацыя музея і выставачная зала), склеп, сажалка, частка ліпавай алеі. Плошча экспазіцыі музея 242 кв.м.

Мастацкі музей[правіць | правіць зыходнік]

вул. Леніна, д. 32

Створаны 27.02.1992 г. па загаду Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкома № 19. Экспазіцыйная плошча 700 кв.м. У экспазіцыі прадстаўлены калекцыі рускага і еўрапейскага фарфора і фаянса 18 — пачатку 20 ст., вышыўкі беларускіх майстроў 1-й палавіны 19 ст.; посуд Налібоцкай і Урэцкай мануфактур 18 ст. Экспануюцца творы вядомых рускіх мастакоў: Івана Айвазоўскага, Мікалая Свярчкова, Івана Крамскога, Архіпа Куінджы, Ісака Левітана, Васілія Пярова, Івана Шышкіна, Іллі Рэпіна і інш.; карціны беларускіх мастакоў і мастакоў, якія працавалі на Беларусі: Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Сяргея Заранкі, Івана Хруцкага і іншых; прадстаўнікоў Віцебскай мастацкай школы: Юрыя Пэна, Заіра Азгура, Абрама Бразера, Саламона Гершова, Льва Лейтмана, Ефіма Мініна, Аляксандра Ромма, Лазара Рана, Саламона Юдовіна, Давіда Якерсона; сучасных мастакоў Віцебшчыны, Беларусі, Расіі і іншых краін. Музей арганізуе выстаўкі, сустрэчы з мастакамі, скульптарамі, майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пры музеі працуе дзіцячая мастацкая студыя. Створана рэстаўрацыйная майстэрня.

Самастойная экспазіцыя «Памяці патрыётаў Віцебшчыны». 1941—1944 гг.[правіць | правіць зыходнік]

вул. Камісара Сямёна Крылова, д.7

Экспазіцыя размешчана ў скляпах будынка Віцебскай духоўнай вучэльні, у якім падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Віцебска размяшчалася аператыўная каманда службы бяспекі (СД-9) (з жніўня 1941 па снежань 1943 г.). У верхніх паверхах будынка размяшчаліся кабінеты, дзе вяліся допыты, скляпы служылі турэмнымі камерамі. Па няпоўных дадзеных толькі за перыяд з 18 ліпеня па 18 снежня 1942 г. праз катавальні СД прайшло 3026 чал.

У адрэстаўраваных камерах прадстаўлены фотодакументальныя матэрыялы аб закатаваных тут героях віцебскага падполля: Веры Харужей, Соф'і Панковай, Еўдакіі Суранавай, Антаніне Ярмаковіч, Раісе Шэраковай, Эдуардзе Грэбянькове, Лідзіі Бярозкінай і інш.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Цяпер размяшчаецца па адрасе: 210026, г. Віцебск, вул. Леніна, д.36. т.(+0212) 36-47-12, 36-05-45, vokm2006@rambler.ru

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • 90 год Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею: матэрыялы навук канф., Віцебск, 30-31 кастр. 2008 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі [і інш.]. — Мінск: Медысонт, 2009.