Генры Говард Холмс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Генры Говард Холмс
Фотаздымак
Дата нараджэння 16 мая 1861(1861-05-16)[1][2]
Месца нараджэння
Грамадзянства
Дата смерці 7 мая 1896(1896-05-07)[1][2] (34 гады)
Месца смерці
Забойствы
Арышт і пакаранне

Генры Говард Холмс (англ.: Henry Howard Holmes; сапраўднае імя Герман Уэбстэр Маджэт, англ.: Herman Webster Mudgett; 16 мая 1861 года[3] — 7 мая 1896 года[4]) — першы афіцыйна зарэгістраваны амерыканскі серыйны забойца.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Герман Маджэт нарадзіўся 16 мая 1861 года ў невялікай вёсцы ў Нью-Гэмпшыры. Яго бацьку клікалі Леві Хортан Маджэт (англ.: Levi Horton Mudgett), а маці — Тэадэйт Пэйдж Прайс (англ.: Theodate Page Price). Сям’я Маджэтаў была нашчадкамі першых пасяленцаў на тэрыторыі Нью-Гэмпшыра. Бацька быў заступнікам строгай дысцыпліны, таму Герман часта падвяргаўся хатняму гвалту. Герман заяўляў, што ў дзяцінстве аднакласнікі здзекаваліся над ім, а калі даведаліся пра яго страх перад нябожчыкамі (а ён сапраўды іх баяўся), вымусілі яго дакрануцца да чалавечага шкілета ў кабінеце лекара. Яны прывялі яго туды, каб напалохаць, але замест гэтага Герман быў вар’яцка захоплены ўбачаным.

У 1871 годзе здарыўся Вялікі чыкагскі пажар, які знішчыў 30 % горада Чыкага. Даведаўшыся пра пажар, хлопчык доўгія гадзіны праводзіў у фантазіях, ён уяўляў, як агонь пажару паглынае яго бацькоў. Паталагічныя рысы характару, такім чынам, выявіліся ўжо ў 11-гадовым узросце. Падобная схільнасць да фантазіявання таксама тлумачыцца бояззю хлопчыка асяроддзя аднагодкаў, якія ўсяляк здзекаваліся над ім.

Пажар у Чыкага 1871 года.

У дзяцінстве з ім абыходзіліся жорстка ў сям’і, а сам ён любіў ставіць эксперыменты на жывёлах. Вучыўся ў каледжы ў Вермонце адзін год, затым паступіў у Мічыганскі ўніверсітэт у Ан-Арбары, па заканчэнні якога ў 1884 годзе атрымаў дыплом лекара.

Падчас вучобы ён выкрадаў трупы з універсітэцкай лабараторыі, абязвечваў іх і інсцэніраваў смяротныя няшчасныя выпадкі з іх удзелам. Пасля чаго, выдаючы іх за асоб (выдуманых ім), на якіх ім папярэдне былі аформленыя дагаворы страхавання, Маджэт атрымліваў страхавыя выплаты[5][6]. Па заканчэнні універсітэта ён пераехаў у Чыкага і стаў фармацэўтам. У яго таксама быў шэраг сумніўных спраў: афера з нерухомасцю, прамоўтэрская справа пад назвай «H. H. Holmes».

4 ліпеня 1878 года ён ажаніўся на сваёй прыяцельцы Клары А. Лаўрынг (англ.: Clara A. Lovering) родам з штата Нью-Гэмпшыр. Пазней ён заключыць шлюбы з яшчэ некалькімі жанчынамі, не скасоўваючы папярэдніх. Праз некалькі гадоў ён сышоў ад сваёй першай жонкі.

28 студзеня 1887 года ён ажаніўся на Мірце З. Белкнап (англ.: Myrta Z. Belknap) з штата Мінесота, але на той момант ён усё яшчэ быў жанаты на Клары Лаўрынг, што зрабіла яго дваяжэнцам. У іх з Белкнап была дачка Люсі Тэадэйт Холмс (англ.: Lucy Theodate Holmes), якая нарадзілася 4 ліпеня 1889 года у штаце Ілінойс.

Забойства[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што Генры Холмс праводзіў большую частку свайго часу ў горадзе, займаючыся бізнесам, сям’я Холмсаў пасялілася ў рэспектабельным раёне Вілмет на ўскраіне Чыкага. Ён падаў на развод са сваёй першай жонкай пасля другога шлюбу, але справа так і не была даведзена да канца. 9 студзеня 1894 года Холмс ажаніўся ў трэці раз на Джарджыяне Ёўк (англ.: Georgiana Yoke). Ён таксама быў жанаты на сваёй падначаленай Джуліі Смайт (англ.: Julia Smythe), якая пазней знікла ў Чыкага, стаўшы адной з ахвяр Холмса.

У 1886 годзе Маджэт узяў сабе імя «Генры Говард Холмс». Улетку таго ж года ў Чыкага Холмс пазнаёміўся з доктарам Холтанам, у якога была свая аптэка па суседстве з раёнам Інглвуд. Холтан пакутаваў ад рака, і за крамай сачыла жонка. Дзякуючы ўласціваму Холмсу абаянню ён атрымаў працу ў краме, а пазней угаварыў жонку доктара прадаць яму краму. Пры гэтым яны дамовіліся, што місіс Холтан можа жыць на другім паверсе нават пасля смерці мужа. Як толькі доктар Холтан памёр, яго жонка знікла, адбылося гэта пры даволі дзіўных абставінах. Холмс сказаў знаёмым, што яна з’ехала да сваякоў у Каліфорнію. Праз нейкі час людзі сталі цікавіцца вяртаннем місіс Холтан, на што Холмс адказаў, што ёй настолькі спадабалася ў Каліфорніі, што яна вырашыла застацца там. Неўзабаве Холмс стаў працаваць фармацэўтам у прыгарадзе Інглвуда. Пачаўшы працу, Холмс стаў актыўна падманваць кліентаў.

Маджэт быў актыўным ашуканецам — пасля здзяйснення забойстваў ён звяртаўся ў страхавыя кампаніі, адкрываў рахунак на выдуманага чалавека, а потым дастаўляў труп, і пераконваў кампанію, што гэта і ёсць той самы чалавек, у выніку чаго атрымліваў нядрэнныя выплаты.

«Замак забойстваў» Холмса.

Холмс выкупіў нерухомасць вакол аптэкі, аб’яднаў будынкі і зрабіў з гэтага гасцініцу, якую мясцовыя адразу ж ахрысцілі «Замак». Гасцініца была пабудавана да Сусветнай Калумбавай выставы 1893 года. Частка будынка выкарыстоўвалася пад гандлёвыя плошчы. На першым паверсе «Замка» была аптэка і розныя крамы, тады як на верхніх двух паверхах быў яго офіс і лабірынт з некалькіх дзесяткаў пакояў без вокнаў, калідоры, якія вядуць да цагляных сцен, лесвіцы ў нікуды, дзверы, якія можна было адкрыць толькі звонку. Холмс пастаянна мяняў падрадчыкаў падчас будаўніцтва «Замка», такім чынам толькі ён у поўнай меры мог разумець планіроўку будынка, гэтым ён таксама памяншаў верагоднасць быць западозраным паліцыяй.

Як толькі будаўніцтва гатэля было скончана, Холмс ў поўную сілу прыступіў да сваіх злачынных спраў. У асноўным ахвярамі Холмса былі жанчыны, якія працавалі ў яго (большасць якіх прымаліся на працу пры ўмове страхавання жыцця з самавітымі выплатамі ў выпадку смерці), іх палюбоўнікі і госці гатэля, якіх ён мучыў і забіваў. Некаторыя ахвяры былі зачыненыя ў гуканепранікальным пакоі з сістэмай падачы газу, што дазваляла яму ў любы час выклікаць удушша. Іншыя былі зачыненыя ў гуканепранікальнае сховішча, дзе былі пакінутыя паміраць. Целы скідаліся па жолабе да падмурка будынка, дзе яны былі старанна анатаміраваны ў мадэлі шкілетаў і ішлі на продаж у медыцынскія школы, якія нават не цікавіліся паходжаннем набытага. Некаторых ахвяр Холмс крэміраваў або змяшчаў у яму з вапнай да поўнага раскладання. У арсенале Холмса былі дзве гіганцкія печы, рэзервуары з кіслатой, бутэлькі з рознымі ядамі і нават дыба. Выкарыстоўваючы свае універсітэцкія сувязі, яму без адмысловай працы атрымоўвалася збываць шкілеты і органы.

Падчас Чыкагскага кірмашу 1893 года Холмс здаваў пакоі турыстам. У гэты час знікла каля 50 турыстаў.

Арышт[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка перажывала падзенне, крэдыторы атакавалі, і пасля сусветнага кірмашу Холмс пакінуў Чыкага. Ён пасяліўся ў штаце Тэхас. Там ён прысвоіў уласнасць дзвюх дзяўчат-сясцёр, на адной з якіх ён паабяцаў ажаніцца, а пасля забіў абедзвюх. Ён планаваў пабудаваць яшчэ адзін замак, але неўзабаве пакінуў гэтую задуму: як апынулася, строгае выкананне законаў у Тэхасе мала спрыяла развіццю злачыннага праекта Холмса. Ён працягваў калясіць па ЗША і Канадзе, пры гэтым працягваючы забіваць.

У ліпені 1894 года ў Сэнт-Луісе Холмс быў арыштаваны і заключаны ў турму на невялікі тэрмін. Яго абвінавачвалі ў махлярстве з коньмі. Будучы ў турме, ён пазнаёміўся з вядомым рабаўніком цягнікоў Мэрыёнам Хэджпетам (англ.: Marion Hedgepeth), асуджаным на 25 гадоў. Гэта знаёмства адкрыла яму новыя сувязі ў злачынным свеце. Холмс распрацаваў план, як падмануць страхавую кампанію на 20 000 долараў. Хэджпету ён абяцаў 500 даляраў у абмен на тое, што той дасць імя адваката, якому можна давяраць. Холмса накіравалі да палкоўніка Джэпта Хоўі (Jeptha Howe), брата грамадскага абаронцы, які прызнаў план Холмса цудоўным. Але, нягледзячы на гэта, план Холмса праваліўся, і страхавая кампанія не стала выплачваць грошы, западозрыўшы нядобрае ў гэтай справе. Холмс не стаў адстойваць яго, а наадварот, пракруціў аналагічную афёру са сваім сукамернікам Бенжамінам Пітзелам (Benjamin Pitezel).

Пітзел пагадзіўся сімуляваць уласную смерць так, каб яго жонка магла атрымаць выплату ў 10 000 даляраў, якую ён павінен быў падзяліць з Холмсам і адвакатам Хоўі. Справу пракруцілі ў Філадэльфіі. Пасля гэтага Холмс забіў Пітзела. На судзе былі прэзентаваны доказы, што ў крыві Пітзела ўтрымліваўся хлараформ. Верагодна, Холмс спрабаваў стварыць бачнасць самагубства Пітзела (Пітзел быў алкаголікам і пакутаваў ад хранічнай дэпрэсіі). Холмс, па традыцыі, атрымаў апошнюю выгаду з трупа Пітзела, прадаўшы яго шкілет. Затым ён пачаў маніпуляваць жонкай Пітзела, каб тая дазволіла тром з пяці яе дзяцей (Эліс, Нэлі і Говарду) перайсці пад яго апеку. Старэйшая дачка і малодшы дзіця засталіся з маці. Ён падарожнічаў з дзецьмі па паўночнай частцы ЗША і Канадзе. У той жа час ён вёў місіс Пітзел паралельным маршрутам, выкарыстоўваючы розныя выдуманыя імёны і хлусню адносна прычын лёсу яе мужа (напрыклад, што містэр Пітзел хаваецца ў Лондане) і месцазнаходжання яе дзяцей.

Будынак дзеючага паштовага аддзялення раёна Інглвуд (Чыкага), пабудаваны ў 1939 годзе на месцы знесенага «Замка забойстваў» Холмса.

Дэтэктыў з Філадэльфіі Фрэнк Геер (англ.: Frank Geyer), прызначаны для расследавання справы Холмса і пошуку трох зніклых дзяцей, выявіў раскладзеныя целы дзвюх дачок Пітзела ў падвале дома ў Таронта. Далей ён рушыў услед за Холмсам у Індыянапаліс, дзе Холмс арандаваў дом. Сведкі паведамлялі, што бачылі, як ён купляў у аптэцы лекі, якімі ён забіў Говарда Пітзэла, а ў рамонтнай майстэрні тачыў нажы, якімі раскрыжоўваў трупы перад тым, як спаліць іх. У каміне арандаванага Холмсам дома былі знойдзены зубы, кавалкі костак. У 1894 годзе былы сукамернік Холмса распавёў пра яго паліцыі за тое, што Холмс адмовіўся заплаціць яму за дапамогу ў пошуках адваката Хоўі. Чарада забойстваў Холмса скончылася з яго арыштам у Бостане ў лістападзе 1894 года. Знайшло яго Нацыянальнае дэтэктыўнае агенцтва Пінкертона, якое пераследвала Холмса ад Філадэльфіі.

Яго затрымалі за крадзеж коней у Тэхасе.

Пасля таго, як вартаўнік «Замка» заявіў у паліцыі, што яму ніколі не дазвалялі прыбіраць верхнія паверхі, следчыя заняліся праверкай гэтай інфармацыі, выяўляючы ўсё новыя спосабы забойства і пазбаўлення ад трупаў доктарам Холмсам. У жніўні 1895 года ў «Замку» ўзнік пажар. Неўзабаве на гэтым месцы з’явілася паштовае аддзяленне ЗША.

Колькасць ахвяр ацэньвалася ад 20 да 350 чалавек, за аснову бралі колькасць зніклых людзей у той час і паказанні суседзяў Холмса. Розначытанні ў колькасці ахвяр можна растлумачыць тым, што шмат людзей прыбыло ў Чыкага, каб наведаць сусветны кірмаш, але так ці інакш не вярнуліся дадому. Холмс прызнаўся ў 27 забойствах, хоць, па заяве паліцыі, некаторыя целы былі ў такім жахлівым стане ў склепе, што вызначыць іх фактычную колькасць не ўяўлялася магчымым. У асноўным ахвярамі Холмса былі жанчыны-бландынкі, але былі і мужчыны з дзецьмі.

Суд[правіць | правіць зыходнік]

Пакуль Холмс сядзеў у турме ў Філадэльфіі, не толькі паліцыя Чыкага расследавала яго злачынствы, але і паліцыя Філадэльфіі спрабавала раскрыць справу Пітзела, у прыватнасці лёс трох дзяцей гэтай сям’і. Справу вёў дэтэктыў Фрэнк Геер. Яго пошукі, роўна як і пошукі замка, набылі шырокую грамадскую агалоску. Знойдзеныя парэшткі дзяцей паставілі кропку ў лёсе Холмса, прынамсі, у думках грамадскасці.

Холмса абвінавацілі ў забойстве сям’і Пітзелаў, у якім ён прызнаўся, у 27 забойствах у Чыкага, Індыянапалісе і Таронта і ў 6 спробах забойства. Газета Хёрста выплацілі Холмсу 7500 $ (каля 200 тыс. $ у цяперашні час) за яго прызнанне. Ён даваў супярэчлівыя паказанні аб сваім жыцці, спачатку заяўляючы пра невінаватасць, а затым — што быў вядомы Сатаной. Яго ілжывыя паказанні стваралі праблему ўстанаўлення ісціны на аснове яго заяў.

Пакаранне[правіць | правіць зыходнік]

7 мая 1896 года Холмс быў прысуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне ў турме «Маяменсінг», таксама вядомай як турма акругі Філадэльфіі. Да самай сваёй смерці Холмс заставаўся спакойным і прыязным, практычна не паказваючы прыкмет страху, трывогі і дэпрэсіі. На пакаранні шыя Холмса зламалася не адразу. Ён паміраў 15 хвілін. Ён завяшчаў, каб яго пахавалі ў бетоне, каб ніхто не змог адкапаць яго і разрэзаць цела, як ён разрэзаў сваіх ахвяр. Яго просьба была задаволена.

У 1909 годзе Мэрыян Хэджпет, які атрымліваў узнагароды ад Холмса за падаванне яму інфармацыі, якая яго цікавіла, быў застрэлены паліцыянтам падчас затрымання ў адным з салуноў Чыкага.

Доўгі час існавала тэорыя, што Генры Говард Холмс пазбег пакарання і застаўся жывы, а ў забетанаванай труне пахаваны іншы чалавек. Але ў 2017 годзе навукоўцы вынялі астанкі з магілы і зрабілі шматлікія тэсты над ацалелымі фрагментамі костак. У выніку інфармацыя пацвердзілася. Астанкі сапраўды належаць Холмсу, а тэорыя аб яго уцёках аспрэчана.

У масавай культуры[правіць | правіць зыходнік]

У кіно[правіць | правіць зыходнік]

  • У лістападзе 2010 года кампанія, якая належыць вядомаму галівудскаму акцёру Леанарда Дзі Капрыа, набыла правы на экранізацыю кнігі Эрыка Ларсана «Д’ябал у Белым горадзе». Дзі Капрыа плануе сыграць доктара Генры Ховарда Холмса. Сцэнар для фільма піша Грэм Мур.
  • У амерыканскім серыяле «Звышнатуральнае» у 6 серыі 2 сезону героі супрацьстаяць прывіду Холмса, які аднавіў свае крывавыя справы ў шматкватэрным доме, пабудаваным на месцы яго пахавання. Яго ролю выканаў акцёр Стывен Аберле.
  • У 5 сезоне серыяла «Амерыканская гісторыя жахаў: Гатэль» ёсць персанаж Джэймс Патрык Марч, прататыпам якога стаў Холмс. Марч пабудаваў у Каліфорніі гатэль Картэз, дзе было шмат патаемных калідораў і пакояў, у якіх ён здзяйсняў жахлівыя забойствы.
  • У 2 серыі 4 сезону серыяла «Шэрлак» імя Генры Холмса згадваецца Калвертанам Смітам, калі той кажа пра свайго любімага серыйнага забойцу. Калвертан пры будаўніцтве бальніцы таксама мяняў падрадчыкаў і ў выніку толькі ён ведаў пра ўсе тыя схаваныя хады, заявіўшы, што можа перамяшчацца па бальніцы і ніхто не будзе ведаць пра гэта.
  • У 11 серыі 1 сезону серыяла «Па-за часам» (Timeless) частка сюжэту адбываецца ў гатэлі Генры Холмса, дзе галоўныя героі губляюць прытомнасць пад дзеяннем газу і трапляюць у гуканепранікальную камеру.
  • Дакументальны фільм «Г. Г. Холмс: першы амерыканскі серыйны забойца».
  • У хорары 2017 года «Хэвенхерст» сюжэт адбываецца ў старадаўнім асабняку, якім кіруе Элеанор Маджэт, сваячка Холмса, а на сцяне ў холе вісіць яго фатаграфія[7].
  • Згадваецца ў 3 серыі 3 сезону серыяла «Сучасны патрашыцель» (Whitechapel) пры расследаванні забойстваў невядомых жанчын.
  • У хорары «Дом пекла» 2: Гатэль «Абадон» згадваецца «Замак» Генры Холмса, які па сюжэце служыў прататыпам гатэля з фільма.
  • У фільме «Віртуознасць» адзін з правобразаў для стварэння SID 6.7 быў Герман Маджэт

У літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

  • Генры Ховард Холмс стаў прататыпам аднаго з галоўных герояў рамана Роберта Блоха «Амерыканская готыка», Г. Гордана Грэга.
  • Генры Ховард Холмс з’яўляўся прататыпам серыйнага забойцы з рамана сумеснага аўтарства Лінкальна Чайлда і Дугласа Прэстана «Кабінет дзікавін» — трэцяга з серыі раманаў пра спецыяльнага агента Алаізы Пендэргаста. Па сюжэце серыйны забойца стварыў кунсткамеру на базе аптэкі ў старым асабняку ў Нью-Ёрку, у склепе якога ў яго было мноства розных прыстасаванняў для забойства, а сам дом меў шмат патаемных хадоў і сакрэтных памяшканняў. Шляхам вывучэння анатоміі і прэпаравання сваіх ахвяр ён таксама адкрыў эліксір вечнай маладосці і жыў каля 150—200 гадоў.
  • Генры Ховард Холмс стаў галоўным антаганістам у серыі кніг аўтара Кэры Маніскалка пра Джэка-Патрашыцеля («Паляванне на Джэка-Патрашыцеля», «Паляванне на князя Дракулу», «Уцёкі ад Гудзіно», «Паляванне на Д’ябла»). Па сюжэце ён здзяйсняў страшныя забойствы прастытутак у кампаніі звар’яцелага ад гора маці брата галоўнай гераіні, які пагадзіўся яму дапамагаць у абмен на органы забітых жанчын (каб пасля ён мог іх ужывіць у цела памерлай маці), але са смерцю свайго кампаньёна Генры Холмс перамясціўся ў Нью-Ёрк, затым у Чыкага, каб ажыццявіць сваю мару ў выглядзе гатэля «Замак» перад сусветнай міжнароднай выставай, дзе ён рэалізоўваў свае вар’яцкія жаданні ўжо не толькі ў дачыненні да «паўшых» жанчын, але і дзяцей. У гатэлі, як і ў рэальным жыцці, Холмс «адключаў» сваіх жыхароў з дапамогай газу, падзяляў іх у падвальным памяшканні, падрыхтоўваў шкілеты ахвяр для далейшага продажу і пазбаўляўся ад доказаў у крэмацыйнай печы. У дадзенай серыі кніг часта згадваецца пра цемру, якая жыве ў душы Генры Холмса, і пра яго паралелі з Д’яблам. Ён быў злоўлены галоўнай гераіняй і змешчаны ў турму, дзе ён прызнаўся толькі ў забойствах у Чыкага, не ўзяўшы, пры гэтым, віну за забойства ў Лондане.

Відэагульні[правіць | правіць зыходнік]

  • «The Dark Pictures Anthology: The Devil in Me», дзе групе журналістаў трэба будзе супрацьстаяць пераймальніку Г. гГ Холмса ў копіі Замка Забойстваў. А ў пралогу гульні, дзеянне якога адбываецца ў 1893 годзе, пратаганістамі выступаюць дзве ахвяры самога Холмса.
  • «Time Princess» — адна з гісторый гульні была прысвечана Генры Холмсу. «Вы бачылі Клаўдыю?», дзе галоўнай гераіні трэба будзе знайсці сваю зніклую сяброўку.

Зноскі

  1. а б Herman Mudgett // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б H.h. Holmes // GeneaStar
  3. New Hampshire. Registrar of Vital Statistics. «Index to births, early to 1900», Registrar of Vital Statistics, Concord, New Hampshire. FHL Microfilms: film number 1001018
  4. Philadelphia (Pennsylvania). Board of Health. «Death registers, 1860—1903». Salt Lake City: Filmed by the Genealogical Society of Utah, 1962.
  5. Brown J., Hickey E., Harris B. H. H. Holmes — One of America’s First Recorded Serial Murderers(англ.) // Forensic Scholars Today. — Concordia University (Saint Paul). Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2016.
  6. The story of one of America's first known serial killers will haunt your nightmares (англ.). AOL (30 жніўня 2016). Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2017. Праверана 16 лістапада 2016.
  7. Фильм ужасов «Хэвенхёрст» выходит в прокат(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 верасня 2017. Праверана 4 верасня 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]