Жарлянка чырванабрухая

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Жарлянка чырванабрухая
Bombina bombina 1 (Marek Szczepanek).jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bombina bombina Linnaeus, 1761

Арэал
выява
Ахоўны статус
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   661413
NCBI   30312
EOL   333308

Чырванабрухая жарлянка (Bombina bombina) — від земнаводных, які раней адносілі да сямейства круглаязычных, а ў сучаснай таксанаміі ўключаюць у сямейства Bombinatoridae.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Невялікае земнаводнае, даўжыня цела не перавышае 50-60 мм, а звычайна каля 40 мм; маса 3-10 г. Цела авальнае, пляскатае. Морда круглаватая. Канечнасці адносна кароткія, плавальныя перапонкі не даходзяць да канцоў пальцаў. Скура на спіне і на брушку гузаватая. Афарбоўка верхняй часткі цела бывае светла-шэрага, бураватага ці чорнага колеру з цёмнымі, часам з брудна-зялёнымі плямамі. Кончыкі пальцаў, калі глядзець зверху, цёмныя. Ніжняя частка цела, уключаючы і ніжнюю (унутраную) частку канечнасцей: ярка-аранжавы ці чырвоны фон з сінявата-чорнымі плямамі. Барабаннай перапонкі, якая вельмі прыкметная ў жаб і рапух, у жарлянкі няма. Язык тоўсты, дыскападобнай формы, прымацаваны ўсёй ніжняй паверхняй, таму не здольны ўдзельнічаць у хапанні здабычы.

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Жыве чырванабрухая жарлянка ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе: на поўдні — да Дуная і Чорнага мора, на поўначы — да паўднёвай Швецыі, на ўсход — да Урала, на поўнач мяжа пашырэння дасягае 58° пн.ш. На Беларусі сустракаецца ў паўднёвых і цэнтральных раёнах, а ў Беларускім Паазер'і жарлянкі чырванабрухай няма[1]

Від водны, жыве ў вадаёмах увесь вяснова-летні перыяд.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Жарлянкі любяць не вельмі глыбокія вадаёмы, якія добра праграюцца, пакрытыя раскай, у забалочаных мясцінах. Звычайна гэта старыя рэчышчы, канавы, азёры, сажалкі, балоты. Часта жарлянкі жывуць у адных вадаёмах з зялёнымі жабамі. Жарлянкі могуць пакідаць на нейкі час асноўныя месцы пражывання, рассяляючыся па дробных лужынах у пошуку корму. Пераходы ажыццяўляюцца звычайна ўначы ці пасля дажджу (калі вільготнасць надглебавага слою паветра самая высокая). Са знаходжаннем у актыўны перыяд у вадаёмах звязана кармавая спецыфіка жарлянак. Часцей за іншых амфібій яны жывяцца вадзянымі беспазваночнымі: у корм трапляюць лічынкі камароў, а таксама малюскі. Пасля дажджоў ля вадаёмаў жарлянкі могуць паядаць выпаўзлых дажджавых чарвякоў. Нярэдка ў часе міграцый між вадаёмаў або пры выхадзе на бераг у корме жарлянак пераважаюць наземныя формы. На сушы часцей за ўсё гэта камары, мухі, тля, блохі.

Пры небяспецы жарлянкі выдзяляюць сакрэт скурных залоз у выглядзе белай пены, з рэзкім пахам. У чалавека гэта выклікае чханне, нярэдка смыленне ў скуры пальцаў, не кажучы ўжо пра слізістыя. Атрутны сакрэт жарлянак мацнейшы, чым у іншых нашых амфібій, ён служыць для адпужвання ворагаў. У выпадку небяспекі жарлянка моцна закідвае ўгару галаву, выгінаецца ў тулаве і выварочвае канечнасці так, што відаць чырвона-аранжавыя бакі тулава і ніжняя паверхня канечнасцей. Мяркуюць, што такая афарбоўка служыць сігналам для магчымых ворагаў і папярэджвае пра атрутнасць жывёліны. Нягледзячы на гэта, дробныя асобіны становяцца ахвярай зялёных жаб, змей (вужы і гадзюкі). Сярод птушак, якія часам нападаюць на жарлянак, можна назваць малога і вялікага бугая, малога падворліка, сарыча, няясыць звычайную, жулана, грака, сароку, варону. Палююць на жарлянак і некаторыя сысуны — вожык, хахуля, янотападобны сабака, тхор, барсук, выдра.

Перыяд сутачнай актыўнасці чырванабрухай жарлянкі залежыць ад умоў надвор'я. У большасці выпадкаў ва ўмовах ціхага цёплага надвор'я (20 °C) жарлянкі актыўныя на працягу ўсяго светлавога перыяду сутак і нават у прыцемкі, а часам і ўначы.

Жывучы вясною і летам у вадзе, жарлянка на зіму ідзе на сушу (хоць бываюць выпадкі, калі жарлянкі зімуюць і ў вадаёмах). Для зімовак прыдатныя розныя норы, пясчаныя ямы рыхлая глеба па берагах вадаёмаў, склепы, падвалы. Жарлянкі даволі позна ідуць на зімоўку (не раней, чым у кастрычніку) і даволі рана (на Палессі ў канцы сакавіка) выходзяць з яе.

Увесну пачынаецца размнажэнне. 3 сярэдзіны красавіка можна пачуць крык самцоў жарлянкі, які нагадвае мінорнае «ук» ці «унк», што манатонна паўтараецца. Самцы трымаюцца на паверхні вады, унутраныя рэзанатары раздзімаюцца пад скурай вельмі моцна, робячы самца падобным на шар. Шлюбны перыяд цягнецца да чэрвеня-ліпеня. У гэтым часе ў самцоў для ўтрымання самак развіваюцца шлюбныя мазалі чорнага колеру на першым і другім пальцах пярэдніх лапак і на ўнутранай частцы перадплечча.

Дзеля нераставання жарлянка выбірае мелкія зарослыя ўчасткі вадаёма, якія добра праграваюцца. Звычайна самкі адкладваюць ікру ўначы. Яны кладуць порцыі ікрынак па 20-80 штук, прымацоўваючы іх да вадзяной расліннасці. Пладавітасць жарлянак значна меншая, чым у рапух і жаб. Адна самка адкладвае не больш за 300 ікрынак, а звычайна каля 80-100.

Апалонікі жарлянак адрозніваюцца параўнальна шырокім хваставым плаўніком. Яны аддаюць перавагу больш глыбокім месцам, дзе шмат рухаюцца. Корм апалонікаў жарлянак вельмі разнастайны: водарасці, трупы водных жывёлін (уключаючы амфібій), прасцейшыя, калаўроткі, ракападобныя. Лічынкавае развіццё доўжыцца каля 3 месяцаў.

Зноскі

  1. Пікулік, 1992.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00383-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]