З пляцоўкі Вікіпедыя.
Жоўтагаловы каралёк[1] (Regulus regulus) — дробная пеўчая птушка сямейства каральковых, распаўсюджаная ў зоне лясоў Еўразіі. Гэта самы маленькі прадстаўнік арнітафауны ў Еўропе і Беларусі (гутарковая назва "еўрапейскі калібры"). Іншая адметная асаблівасць гэтай птушкі - яркая залаціста-жоўтая палоска на цемені, «карона», дзякуючы якой птушка набыла сваю навуковую і беларускую назву.
Вельмі рухомая птушка, пастаянна пырхае з адной галіны на другую, на тонкіх галінках рухаецца жвава, у тым ліку і ўніз галавой. Як правіла, трымаецца ў верхняй частцы кроны дрэў і малапрыкметныя з зямлі. Гняздуе ў іглічных і змяшаных лясах, у тым ліку глухой цёмнахваёвай тайзе, а таксама ў вялікіх садах і парках з удзелам старых яловых дрэў. Узімку збіваецца ў змешаныя зграйкі з дробнымі сініцамі, і вандруе па-за межамі гнездавых біятопаў, сустракаючыся ў лісцяных лясах і ў хмызняковых зарасніках. У гнездавы перыяд скрытная птушка, у астатні час года вельмі даверлівая і падпускае чалавека на блізкую адлегласць. Вандроўны, часткова пералётны від, сваім ладам жыцця шмат у чым нагадвае сініц. Нацыянальная птушка Люксембурга.
Зноскі
- ↑ Напісанне Жоўтагаловы каралёк ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.6. Мн., 1998, С.440