Закарпацкая нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Закарпацкая нізіна ва Украіне

Закарпацкая нізіна (Прыцісянская нізіна; укр.: Закарпатська низовина, Притисяньска низовина) — нізіна на паўднёвым захадзе Украіны ў Закарпацкай вобласці, частка Сярэднедунайскай раўніны, абмежавана з паўночнага ўсходу Вулканічным хрыбтом. Даўжыня 80-90 км, шырыня 22-35 км. Вышыня 102—120 м. У межах Закарпацкай нізіны выдзяляюцца ўзвышаныя Берагаўскія нізкагор’і.

У геаструктурных адносінах тэрыторыя ляжыць у межах Закарпацкага прагіна, які характарызуецца развіццём саляна-дыяпіравых структур. З гэтым звязаны саляны пакрыты і голы карст. Маюцца крыніцы лекавых мінеральных вод.

Паверхня плоская, спадзістая, слаба нахіленая ад перадгор’яў Усходніх Карпат на паўднёвы захад. Складаецца галоўным чынам з вулканічных парод і маласаў, перакрытых глінамі, галечнікамі і лёсамі. Пераважаюць ландшафты нізкатэрасных слабадрэнаваных раўнін, шматлікія западзіны.

Клімат умераны, вільготны, атмасферных ападкаў 620—700 мм у год. Улетку здараюцца моцныя залевы. Зіма мяккая, устойлівае снегавое покрыва фарміруецца рэдка. Нізіна дрэнуецца ракой Цісай і яе прытокамі — Баржавай, Латарыцай, Ужам. Сярод глебаўтваральных парод найбольш пашыраны алювіяльна-дэлювіяльныя сугліністыя і жвірова-пясчаныя адклады. Глебы пераважна буразёмныя (ападзоленыя і аглееныя) і алювіяльныя, месцамі лугава-балотныя і балотныя. Пераўвільготненыя глебы штучна дрэнаваныя. Створаны вадасховішчы і сажалкі. Для барацьбы з паводкамі ўздоўж рэк узведзены дамбы.

Закарпацкая нізіна густа заселена. Значная частка тэрыторыі разарана і занята пасевамі збожжавых (пшаніца, кукуруза) і тэхнічных культур (сланечнік, тытунь), а таксама садамі і вінаграднікамі. Месцамі сустракаюцца невялікія гаі дубова-грабавых лясоў, чорнаалешнікі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]