Магілёўская скульптура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Магілёўская скульптура — працэс станаўлення самабытнай культавай разной скульптуры Магілёўшчыны адбываўся ў першай палове XVII стагоддзя і супаў па часе з фарміраваннем славутых нацыянальных школ у Галандыі, Іспаніі, Фландрыі і інш. У выніку сталых культурных сувязей узнікла самабытная непаўторная школа беларускага разьбярства — магілёўская скульптурная школа, якая стала сінтэзам заходне-еўрапейскага і мясцовага мастацтва. Магілёўскія майстры актыўна ўспрынялі пануючы ў Заходняй Еўропе стыль барока і ўключыліся ў агульна-еўрапейскі мастацкі працэс. Іх творы будаваліся на кантрастах, асіметрыі, дынамізме кампазіцыі, крывалінейнасці абрысаў, своеасаблівай дэкаратыўнасці, выяўлялі чалавечую дуалістычную прыроду, барацьбу нябеснага і зямнога пачаткаў.

Анёл з в. Гарадзец Быхаўскага раёна, першая паловая XVII ст., Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Драўляная магілёўская скульптура, што адносіцца да «высокага» барока, вызначалася вялікай стылістычнай свабодай, лаканічнай пластычнай мовай, цікавасцю да ўнутранага стану персанажаў, абагульненай трактоўкай фігуры і адзення («Ян Багаслоў» і «Марыя» з магілёўскай Спаскай царквы, пачатак XVII ст.). Для той часткі скульптур, якую часта называюць «нізавое» барока, было характэрна шырокае выкарыстаннне розных дэфармацый фігуры, частак цела, такіх як вялікія кісці рук, несуразмерныя з тулавам галовы («Анёл лятучы» з в. Гарадзец Быхаўскага раёна, першая паловая XVII ст.). Яны адлюстроўвалі простанародны тыпажы і мелі канкрэтныя (зямныя) рысы.

Яшчэ большым дэмакратызмам выдзялялася драўляная пластыка шматлікіх прыдарожных капліц, крыжоў і скульптур, што ўсталёўваліся на могілках. Традыцыйна скульптурныя творы выразалі з дрэва, радзей выкарыстоўвалі камень і стука (сумесь вапны, пяску, гіпсу, мармуровай крошкі і клею). Драўляныя скульптурныя выявы, за выключэннем рук і твараў, пакрывалі залатой ці сярэбранай фарбай, або рабілі паліхромнымі. Асноўнымі заказчыкамі скульптур у гэты час з’яўляліся ўніяцкія цэрквы і каталіцкія касцёлы. Большая іх частка стваралася і размяшчалася ў галоўных і бакавых алтарах, якія ўражвалі пышнасцю і хараством, стваралі ілюзію заможнасці.

Скасаванне Брэсцкай уніі падчас Полацкага сабору 1839 прывяло да рэзкага зніжэння попыту на драўляную пластыку і знішчэння многіх твораў уніяцкай магілёўскай сакральнай скульптуры. У выніку прафесійная магілёўская школа разьбярства заняпала, а яе традыцыі найбольш поўна захаваліся толькі у народнай разьбе па дрэве.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]