Мадонна ў скалах

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Leonardo Da Vinci - Vergine delle Rocce (Louvre).jpg
Леанарда да Вінчы
Мадонна ў скалах, 1483—1486
La Vergine delle rocce
Дрэва, пераведзенае на палатно, алей.
199×122 см
Луўр, Парыж

«Мадонна ў скалах» (італ.: La Vergine delle rocce) — назва дзвюх карцін Леанарда да Вінчы, якія практычна не адрозніваюцца па кампазіцыі. Адна з іх выстаўлена ў Луўры, а іншая ў Лонданскай Нацыянальнай галерэі.

Варыянты[правіць | правіць зыходнік]

Версія, якая захоўваецца ў Луўры, была напісана паміж 1483—86 гг. ці нават раней. Яна на 8 см вышэйшая за лонданскую версію. Першае згадванне пра гэту карціну адносіцца ў 1625 годзе, тады яна знаходзілася ў французскай каралеўскай калекцыі[1].

«Мадонна ў скалах», Лонданская Нацыянальная галерэя

Практычна ідэнтычная першай лонданская карціна напісана пазней, але да 1508 года. Лічыцца, што над некаторымі яе часткамі працавалі браты дэ Прэдзі (de Predis). Яна пісалася для капэлы ў царквы Сан Франчэска Грандэ ў Мілане. Царква прадала яе хутчэй за ўсё ў 1781 годзе (дакладна раней за 1785 год) мастаку Гэвіну Гамільтану, які і прывёз яе ў Англію. Пасля знаходжання ў некалькіх зборах «Мадонна ў скалах» была набыта Нацыянальнай галерэяй у 1880 годзе[1]. У чэрвені 2005 года пры дапамозе інфрачырвонага даследавання была выяўлена карціна, зверху якой напісана «Мадонна ў скалах». Меркавана там была намалявана ўкленчаная жанчына, якая ў адной руцэ трымала дзіця, а іншую выцягнула. Некаторыя даследчыкі лічаць, што першапачаткова Леанарда планаваў напісаць пакланенне немаўлю Ісусу[2]. Рэнтгенаўскае і інфрачырвонае даследаванні выявілі таксама шмат іншых аўтарскіх паправак да карціны.

Кампазіцыя і стыль[правіць | правіць зыходнік]

На карціне намалявана ўкленчаная Дзева Марыя, якая па-апякунску паклала руку на галаву Іаана Хрысціцеля. Справа ангел прытрымлівае немаўля Ісуса, які падняў руку ў жэсце блаславення. Уся сцэна напоўнена пяшчотай і спакоем, што вельмі кантрастуе з пейзажным фонам, які адлюстроўвае стромыя скалы. Гэты фон і даў назву ўсёй карціне «Мадонна ў скалах». Кампазіцыя твора пабудавана ў выглядзе піраміды. Леанарда перадае глыбіню прасторы не толькі з дапамогай геаметрыі, але і пасродкам распрацаванага ім прыёму сфумата, калі абрысы прадметаў памякчаюцца для акцэнтавання паветранай смугі, якая абвалаквае іх[3].

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Карціна згадваецца ў кнізе Дэна Браўна «Код да Вінчы», дзе аўтар сцвярджае, што нібы на версіі, выстаўленай у Луўры, не Ісус багаслаўляе Іаана Хрысціцеля, а наадварот — ангел падтрымлівае Іаана, а Марыя абдымае Ісуса, які ўшаноўвае Іаана Хрысціцеля. Прадстаўнікі Луўра назвалі гэту версію «нацягнутай», а літаратурны эфект, выкліканы кнігай «Код да Вінчы», — пародыяй на гісторыю мастацтваў[4].

Таксама карціна згадваецца ў фантастычным апавяданні 1957 года Пола Андэрсана «Святло». Амерыканскія астранаўты, упершыню высадзіўшыся на Месяц, выяўляюць сляды чаравік, падбітых цвікамі. Ідучы па іх, адзін з астранаўтаў трапляе у кратар, напоўнены смугой блакітнаватага адцення. На скале, звернутай да Зямлі, астранаўт знаходзіць высечаную выяву крыжа. Уражаны, ён успамінае карціну «Мадонна ў скалах» з Лонданскай Нацыянальнай галерэі, з такім жа «святлом, якое ніколі не ззяла на Зямлі — халодным, бледным, неперадавальна мяккім...» і разумее, што нехта быў на Месяцы да яго.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Martin Davies Catalogue of the Earlier Italian Schools — London: National Gallery Catalogues,, 1961. — ISBN 0901791296.
  2. New Leonardo picture discovered // BBC News. — 01.07.2005.
  3. Даведнік па Луўры — Парыж: Réunion des Musées Nationaux, 2007. — ISBN 2-7118-5134-6.
  4. The Da Vinci Code: A Visit to the Louvre Mixing Fiction and Fact.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons