Леанарда да Вінчы
З пляцоўкі Вікіпедыя.
Леана́рда да ВІ́НЧЫ (іт.: Leonardo da Vinci; 15 красавіка 1452, Вінчы – 1519), італьянскі навуковец, мысліцель-гуманіст, жывапісец і скульптар, архітэктар, інжынер-вынаходнік.
Быў вучнем вядомага мастака Андрэа дэль Верок'ё, працаваў у яго майстэрні. У 1472 уступіў у гільдыю мастакоў. Як мастак стаў вядомы ў 1470-я гады (карціны «Дабравешчанне», «Мадонна Бенуа» і інш.). Вакол Леанарда да Вінчы у Мілане склалася група вучняў і паслядоўнікаў (г.зв. Ламбардская школа). Але ў 1500 ён вымушаны быў пакінуць Мілан, працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Рыме, Францыі.
З’яўляўся пачынальнікам Высокага Адраджэння. Спалучаючы распрацоўку новых сродкаў мастацкай мовы з тэарэтычнымі абагульненнямі, стварыў гарманічны вобраз чалавека, які адпавядае гуманістычным ідэалам эпохі Адраджэння, — поўны жыцця, духоўнай прыгажосці і фізічнай дасканаласці. Напісаў усяго каля 15 жывапісных работ, астатнія працы засталіся незавершанымі. Леанарда да Вінчы распрацаваў своеасаблівы мастацкі прыём — «сфумата» (ад лац.: sfumato — смуга), што дазваляла змякчаць абрысы, контуры розных прадметаў з дапамогай жывапіснага ўзнаўлення светлапаветранага асяроддзя. Найбольш яскрава гэты прыём выявіўся ў адным з яго самых вядомых твораў - «Мона Ліза» («Джаконда»; 1503), які з’яўляецца вышэйшым дасягненнем сусветнага партрэтнага мастацтва, дзе напаўфантастычны пейзаж тонка гармануе з характарам і інтэлектам жанчыны. Яшчэ адным вышэйшым дасягненнем творчага генія Леанарда да Вінчы з’яўляецца «Тайная вячэра» (1498) — вялізная фрэска трапезнай кляштара Санта-Марыя дэла Грацые ў Мілане.
Леанарда да Вінчы (сучаснікі называлі яго «геніем ад Бога») правёў даследаванні і зрабіў адкрыцці, якія намнога апярэдзілі свой час. Напрыклад, распрацаваў праекты гідраканалаў і ірыгацыйных сістэм, металургічных пячэй, пракатных станаў, ткацкіх і друкарскіх станкоў, прадзільных і землярыйных машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў, парашута, кулямёта, выбуховых прыстасаванняў, вадалазнага касцюма і інш. Ствараў планы «ідэальнага горада», займаўся тэхнічным канструяваннем, у час службы ў правіцеля Мілана арганізоўваў незвычайныя прыдворныя святы, рабіў шматлікія малюнкі млыноў, эскізы касцюмаў, сцэнічныя дэкарацыі, праводзіў эксперыменты па выдаленню розных органаў у жывёл, даследаваў рух сокаў у раслін, упершыню падрабязна апісаў шэраг касцей і нерваў чалавека. Яму не было роўных у маляванні з натуры розных рэчаў са шматлікімі дэталямі. Быў добрым імправізатарам вершаў, сачыняў казкі пра жывёл, пісаў сатырычныя гісторыі, накіраваныя супраць манахаў і свяшчэннікаў. Наблізіўся да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы, аспрэчваў ідэю аб тым, што Зямля знаходзіцца ў цэнтры Сусвету. Леанарда ставіў навуковае пазнанне вышэй хрысціянскай веры, хаця верыў у Бога як стваральніка ўсяго Сусвету. Вынікі яго навуковых даследаванняў захаваліся ў запісных кніжках і рукапісах (каля 7 тыс. аркушаў), якія пры жыцці не выдаваліся, але пазней паўплывалі на развіццё еўрапейскай культуры.
Асоба Леанарда да Вінчы — рэальнае ўвасабленне гуманістычнага ідэалу ўсебакова развітай асобы, універсальнага генія. Ён імкнуўся на практыцы ўвасобіць спасцігнуты ім прынцып адзінства тэорыі і практыкі, мастацтва і навукі, прыгажосці і карысці. Як вялікі мастак ён па-філасофску глыбока разумеў дзейную, практычна-стваральную сутнасць чалавека, называў яго «найвялікшай прыладай прыроды». Як навуковец-прыродазнаўца, інжынер-вынаходнік ён выказаў надзвычайныя здагадкі.
Леанарда да Вінчы // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. —Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6. • Леанарда да Вінчы // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. —Мн: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7.