Маладзечанскае павятовае дваранскае вучылішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маладзечанскае павятовае дваранскае вучылішча
Заснаваны 26 жніўня 1811
Тып вучылішча
Адрас Маладзечна, Мінская губерня

Маладзечанскае павятовае дваранскае вучылішча — навучальная ўстанова ў Маладзечне Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XIX ст. расійскія ўлады распачалі ў Бабруйску, дзе знаходзілася павятовае дваранскае вучылішча, будаўніцтва шматлікіх ваенных аб’ектаў: быў пабудаваны шпіталь, харчовыя склады, пасля чаго і крэпасць. Ва ўмовах ваеннага будаўніцтва месца для вучылішча ў Бабруйску не знайшлося, таму Віленскі ўніверсітэт стаў шукаць памяшканне для вучылішча, пры гэтым разглядаліся такія варыянты, як Паставы Віленскай губерні, Глуск Мінскай губерні і Свіслач Гродзенскай губерні[1]. На дапамогу ўніверсітэту прыйшоў маладзечанскі граф Францішак Ксаверый Агінскі і прапанаваў змясціць вучылішча пры Маладзечанскім кляштары трынітарыяў, пры гэтым паабяцаў адвесці кватэры для настаўнікаў, забяспечыць вучылішча кнігамі, прыборамі і г. д.

26 жніўня 1811 года маёмасць Бабруйскага вучылішча была перавезена ў Маладзечна[2], пры гэтым пераехала і 26 вучняў[1]. Быў зроблены набор мясцовых вучняў, і 15 верасня прайшлі першыя заняткі[1]. Для двух класаў вучылішча граф Агінскі даў памяшканні ў кляштары[3], а для астатніх адвёў шэраг хатаў, якія былі раскіданы па ўсім мястэчку, але ў лютым 1812 года расійскі ўрад уладкаваў у кляштары паштовую станцыю буйнага памеру, падпарадкаваўшы яе наглядчыку вучылішча і ўсклаўшы на яго выкананне ўсіх, тады нескладаных, паштовых аперацый[1]. Пасля вайны 1812 года палітыка расійскіх уладаў была скіравана на насаджэнне расійскай культуры праз вучылішча, так у вучылішчы пачалі насаджвацца расійскія кнігі, развешваліся партрэты цара[1].

З 1814 года кіраўніцтва вучылішча стала адкрываць парафіяльныя пачатковыя школы пад апякунствам вучылішча. Апякун павятовага вучылішча, ён жа павятовы правадыр дваранства, быў абавязаны назіраць за адкрыццём школ і ўтрыманнем іх з прыбыткаў адукацыйных маёнткаў[1]. На працягу 10 гадоў былі адкрыты парафіяльныя школы ў Маладзечне, Краснаселлі, Дунілавічах, Мядзеле, Будславе, Задзеве, Крывічах, Хоўхлаве і Куранцы, на тэрыторыі Віленскай і Мінскай губерні[1]. Настаўнікамі прызначаліся выпускнікі Маладзечанскага дваранскага павятовага вучылішча[1]. Пасля 1815 года ў кляштары знаходзілася таксама мастацкая семінарыя[2].

У 1825 годзе міністэрства народнай асветы ў дваранскіх вучылішчах увяло новыя штаты для настаўнікаў рускай мовы праваслаўнага веравызнання, справаводства вучылішча было пераведзена на рускую мову. Парафіяльныя школы, дзе сярод вучняў і настаўнікаў сталі пераважаць беларусы-ўніяты, сталі хутка зачыняцца[1]. Хутка высветлілася, што ў вучылішчы моцныя антырасійскія настроі, якія падаграваліся незадаволенасцю насельніцтвам усяго мястэчка расійскай уладай.

14 красавіка 1831 года паўстанцкі атрад Міхала Ходзькі, што ішоў з боку Вільні, вызваліў Маладзечна з-пад расійскай улады. Маладзечанцы, у тым ліку навучэнцы і настаўнікі вучылішча, падтрымалі паўстанцаў. Навучэнцамі былі арганізаваны паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам І. Гіцэвіча і А. Валадковіча. Навучэнцы, якія не маглі прыняць удзел у паўстанні з-за ўзросту, вучыліся стральбе, а таксама дапамагалі мясцовым жыхарам забяспечваць паўстанцаў харчамі і фуражом. Грашовую дапамогу паўстанцам аказваў плябан маладзечанскага вучылішча Дульскі, ён ахвяраваў паўстанцам 1413 рублёў[1]. Але ўжо 22 красавіка 1831 года расійскія карнікі занялі Маладзечна, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. Маладзечанскае вучылішча зачынілі, настаўнікі вучылішча былі арыштаваны і адпраўлены ў мінскую турму.

Пасля шматлікіх рэпрэсій і канчатковага падаўлення паўстання, вучылішча была адчынена нанова. Цяпер вучэбны працэс быў цалкам накіраваны на русіфікацыю. У 1843 годзе павятоваму дваранскаму вучылішчу быў цалкам перададзены жылы корпус кляштара з 5 драўлянымі пабудовамі і 7 дзесяцінамі зямлі[2]. У 1860 годзе вучылішча была пераўтворана ў пяцікласную гімназію для дзяцей шляхты каталіцкага веравызнання[2].

Тамаш Зан[правіць | правіць зыходнік]

Тамаш Зан, фрагмент малюнка Р. Жукоўскага (1814—1886).

Звесткі пра вучобу паэта ў Маладзечанскім вучылішчы захаваліся збольшага ў дакументах следчай камісіі працэсу над філаматамі.

Напрыклад, абвінавачанне ў «непажаданым кірунку думак» абгрунтоўвалася тым, што Тамаш «яшчэ з дзяцінства, з павятовай маладзечанскай школы зневажаў урад і пісаў нядобранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства»[4]. Пад згаданым таварыствам мелі на ўвазе ваенную гульню, што вымагала ад хлапчукоў дзяліцца на дзве «арміі»: расійскую — армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалона, бога любові. На чале арміі Апалона часта быў Тамаш Зан, які карыстаўся павагаю паплечнікаў за «мінскую вучонасць»[4]. Да справы таксама быў далучаны верш, напісаны Занам у 1815 годзе пад назвай «Марш для студэнтаў, апалонавага войска», дзе быў прамы заклік да падрыхтоўкі вайны супраць «маскаля», і незакончаная камедыя «Сталасць у сяброўстве», што таксама накіроўвалася супраць царскага самадзяржаўя.

Саміх «маладзечанскіх» твораў Тамаша Зана не захавалася. Адзінае сведчанне пра іх — рапарт сенатара Мікалая Навасільцава вялікаму князю Канстанціну ў маі 1824 года, які потым апублікаваў Фёдар Вяржбоўскі ў брашуры «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи» (Варшава, 1898)[5].

Будынак[правіць | правіць зыходнік]

Будынак вучылішча захаваўся і знаходзіцца ў Маладзечне па адрасе вуліца Замкавая, 19. Цяпер гэта тэрыторыя станкабудаўнічага завода.

Будынак занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Учительская семинария(недаступная спасылка) Архівавана 20 кастрычніка 2014.
  2. а б в г Касцёл святога Казіміра і кляштар трынітарыяў // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 215.
  3. Цвірка К. Дарогамі Тамаша Зана // Полымя. 1992. № 6. С. 152—153.
  4. а б Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі. — Мн., 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  5. Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.