Мячэць Селіміе (Лежа)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Мячэць Селіміе
41°46′57″ пн. ш. 19°38′35″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мячэць Селіміе (алб.: Xhamia e Selimijës) або царква Святога Мікалая (Kisha e Shën Kollit) — збудаванне ў горадзе Лежа на поўначы Албаніі. Гэта былая царква, пераробленая асманамі ў мячэць. Яе руіны былі зачыненыя дахам і пераабсталяваны ў мемарыял албанскага нацыянальнага героя Скандэрбега (1405-1468)[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1459 годзе на месцы папярэдняга будынка XIV стагоддзя была пабудавана царква Святога Мікалая — галоўны сабор горада Лежа[2]. Яна знаходзіцца ля падножжа замкавага пагорка непадалёк ад Дрына. Яе памеры складалі прыкладна 18 на 8 метраў. Аднанефная гатычная[3] пабудова мела апсіду на ўсходзе, па тры невялікіх вокны ў паўночнай і паўднёвай сценах, а на заходнім фасадзе — дзверы і адно круглае акно[2].

У 1468 годзе ў царкве Святога Мікалая быў пахаваны правадыр антыасманскага албанскага паўстання Скандэрбег[4]. У 1478 годзе пасля заваёвы Лежы султанам Мехмедам II магіла была апаганена асманскімі салдатамі, а косткі з яе былі выкарыстаны ў якасці талісманаў. Пры султане Селіме I (1512-1520) царква была перабудавана ў мячэць. У гонар султана яна атрымала назву мячэць Селіміе. У XVII стагоддзі да разбуранай пабудовы здзяйснялі паломніцтва албанцы, каб ушанаваць памяць Скандэрбега[5]

Мячэць паміж дамамі горада Лежа на фатаграфіі першай чвэрці XX стагоддзя

У канцы XVIII стагоддзя пры султане Селіме III мячэць была адрэстаўраваная[3]. У мячэці быў міхраб, а на паўднёвым захадзе — высокі мінарэт, пабудаваны ў XVIII стагоддзі[3].

У 1966 годзе было праведзена археалагічнае даследаванне мячэці, дзякуючы чаму было ўстаноўлена, што раней гэта была царква Святога Мікалая[5]. Будынак выкарыстоўвалася як мячэць да 1968 года. Пасля таго, як лідар Народнай Сацыялістычнай Рэспублікі Албанія Энвер Ходжа абвясціў у 1967 годзе «першую ў свеце атэістычную дзяржаву», яна была зачынена.

У 1978 годзе ў мячэці была знойдзена магіла Скандэрбега. У 1979 годзе рэгіён закрануў моцны землятрус. Пры гэтым абрынуўся мінарэт і мячэць была сур'ёзна пашкоджана. Падчас рэстаўрацыі ўсе асманскія дапаўненні былі выдаленыя, каб па магчымасці аднавіць вонкавае аблічча часоў Скандэрбега[2]. Руіны былі ператвораны ў мемарыял нацыянальнага героя[3]. Руіны царквы Святога Мікалая былі прызнаныя нацыянальным культурным помнікам[6].

Інтэр'ер з бюстам Скандэрбега і сімвалічнай магілай

У 1981 годзе новы мемарыял Скандэрбега быў адкрыты. Канструкцыя з дахам абараняе старыя сцены, усярэдзіне якіх устаноўлены бюст працы Адзісе Паскалі і мемарыяльная пліта з рэплікай мяча і шлема Скандэрбега (арыгіналы знаходзяцца ў Вене). На сцяне вісяць шыльды, якія нагадваюць аб баях Скандэрбега і гербы княстваў Лежскай лігі[5].

Вакол руінаў мячэці знаходзяцца яшчэ адны руіны антычных часоў.

Зноскі

  1. Zani i Naltë.
  2. а б в Guntram Koch: DuMont-Kunst-Reiseführer Albanien. DuMont, Köln 1989, ISBN 3-7701-2079-5, S. 143 f.
  3. а б в г Machiel Kiel: Ottoman architecture in Albania (1385—1912). In: Research Centre for Islamic History, Art and Culture (Hrsg.): Islamic art series. Band 5. Istanbul 1990, ISBN 92-9063-330-1, Selimiye Mosque, S. 193.
  4. Oliver Jens Schmitt: Skanderbeg — der neue Alexander auf dem Balkan. Pustet, Regensburg 2009, ISBN 978-3-7917-2229-0, S. 290.
  5. а б в Feride Papleka (Hrsg.): Grabgedenkstatte Georg Kastrioti — Skanderbegs. 8 Nëntori, Tirana 1987.
  6. Objekte Fetare Monument Kulture(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2015. Праверана 24 красавіка 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Feride Papleka (Hrsg.): Grabgedenkstatte Georg Kastrioti — Skanderbegs. 8 Nëntori, Tirana 1987.