Мяшчанская слабада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мяшчанская слабада  — гістарычны раён Масквы, які быў месцам кампактнага пражывання беларусаў у другой палове XVII — пачатку XVIII ст.

Утворана ў верасні 1672 паводле царскага ўказа на тэр. «дварцовай» Напруднай слабады і Троіцкага падвор’я спецыяльна для беларускіх рамеснікаў, вывезеных з Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. У 1676 годзе ў слабадзе было 565 двароў, у 1684 — 679, у 1695 — 787. Слабадой кіравалі асобыя стольнікі, прызначаныя Пасольскім прыказам. Сюды былі пераведзены тыя беларусы, якія, пасяліўшыся у Маскве, мелі свае двары. Бяздворных і некаторых майстроў, якія працавалі пры царскім двары і жылі ў дварцовых і чорных слабодах і сотнях, у Мяшчанскую слабаду не ўзялі. Каля 200 сем’яў беларусаў з-за недахопу зямлі ў слабадзе, жылі ў іншых слабодах. У 1680-я г. беларусы складалі каля 20 % насельніцтва Масквы, палова з іх жыла ў Мяшчанскай слабадзе. Паводле перапісу 1676 года, у Мяшчанскай слабадзе жылі рамеснікі больш як 60 спецыяльнасцей. Каля 36 % жыхароў слабады былі пісьменныя, тут працавала школа для дзяцей (трымаў беларус Якаў Якаўлеў) і багадзельня.

Адметную ролю слабада адыграла ў станаўленні расійскага тэатра[ru]: 26 дзяцей жыхароў слабады ў 1675 годзе паставілі спектакль «Жалосная камедыя», пасля чаго трупа пашырана да 60 чалавек і створана спецыяльная артыстычная школа, 20 акцёраў займаліся ў асобнай балетнай школе. У 1676 годзе пастаўлены спектакль «Пра Давыда і Галіяфа» і «Пра Бахуса і Венус». Аднак пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча ў 1676 годзе трупа распушчана.

Баярскім «прыгаворам» 23 жніўня 1682 года вызначана асобнае становішча Мяшчанскай слабады, паводле якога жыхары яе як іншаземцы атрымалі розныя льготы і прывілеі, што спрыяла пашырэнню гандлёвай дзейнасці мяшчан, 17 з якіх былі прыняты ў Гандлёвую сотню.

Мяшчанская слабада знікла пасля пажару 1712 года[ru].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]