Беларусы
З пляцоўкі Вікіпедыя.
| Беларусы | |
|---|---|
| Агульная колькасць | больш за 10 мільёнаў |
| Найбольшыя разселенні | Беларусь |
| Мова | беларуская |
| Рэлігія | праваслаўе, каталіцтва, пратэстанства |
| Блізкія этнічныя групы | |
БЕЛАРУ́СЫ — нацыя, асноўнае насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Саманазва "беларусы" замацавалася ў канцы 19 — пачатку 20 ст. Да гэтага выкарыстоўваліся саманазвы "русь", "літвіны", "русіны", "тутэйшыя" і інш.
Змест |
[правіць] Рассяленне
Паводле апошняга перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь (1999), колькасць беларусаў склала 8159 тыс. (81,2% насельніцтва краіны). Беларусы жывуць таксама ў Расіі, Украіне, Латвіі, Польшчы (пераважна ў Падляскім ваяводстве), Літве, Эстоніі, Малдове, Казахстане, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Германіі, Чэхіі, Бельгіі і інш. краінах.
[правіць] Мова
Мова беларусаў — беларуская, належыць да ўсходняй падгрупы славянскай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і. У Рэспубліцы Беларусь 85,6% беларусаў падчас апошняга перапісу насельніцтва назвалі яе роднай[1], 41,3% — мовай, на якой яны пераважна размаўляюць дома. Сярод беларусаў Рэспублікі Беларусь распаўсюджаны білінгвізм (з выкарыстаннем рускай мовы, гл.таксама: трасянка).
[правіць] Фарміраванне беларускага народу
Пачатак фарміравання беларускай народнасці звязваецца з каланізацыяй земляў сучаснай Беларусі ў 5—8 ст. славянскімі плямёнамі — дрыгавічамі, полацкімі крывічамі, радзімічамі, таксама валынянамі, драўлянамі, севяранамі. Паўднёва-заходнія землі Беларусі, на думку сучасных даследчыкаў, маглі ўваходзіць у г. зв. прарадзіму славян, і належалі да пражскай культуры (тыпу Карчак).
Рассяленне славян суправаджалася актыўнымі кантактамі з мясцовымі балцкімі плямёнамі ў месцах іх засялення. Асіміляцыя балтаў адбылася хуткімі тэмпамі – культурная і гаспадарчая перавага славян садзейнічалі гэтаму працэсу. Але і балты таксама паўдзельнічалі ў стварэнні новага народа – славяне пераймалі геаграфічныя назвы ад мясцовага насельніцтва, некаторыя рэлігійныя адметнасці і прадметы матэрыяльнай культуры. У выніку такой асіміляцыі да IX ст. на тэрыторыі Усходняй Еўропы ўтварылася 15 этнічных славянскіх аб’яднанняў (протанароднасцяў ці протадзяржаў) – згодна з летапісамі – “княжэнняў”. З іх на Беларусі – 3 аб’яднанні: дрыгавічы, радзімічы і крывічы (дакладней – крывічы-палачане).
Крывічы мелі этнавызначальную прыкмету – драцяныя скроневыя (вісочныя) кольцы дыяметрам 5-11 см з завязанымі канцамі. Крывічы рассяляліся на поўначы Беларусі. Этнавызначальная прыкмета дрыгавічоў – спіральныя скроневыя кольцы. Дрыгавічы насялялі паўднёвыя і цэнтральныя раёны сучаснай Беларусі. Радзімічы насялялі паўднёва-усходнія раёны сучаснай Беларусі і іх этнавызначальная прыкмета – сяміпромневыя скроневыя кольцы.
З развіццём гістарычнай навукі (беларускай і суседніх дзяржаў) былі распрацаваны канцэпцыі паходжання беларусаў. Старажытнаруская канцэпцыя распрацавана на прыканцы XIX – пачатку XX cтст. рускімі і беларускімі гісторыкамі А. А. Шахматавым, М. У.Токаравым, Я. І.Карнейчыкам. Яна з’яўлялася пануючай у савецкай гістарыяграфіі, атрымала падтрымку Сталіна. Асноўным палажэннем гэтай канцэпцыі было існавала так званай старажытнарускай народнасці ў межах адзінай старажытнарускай дзяржавы – Кіеўскай Русі. Менавіта са старажытнарускай народнасці растуць карані трох усходнеславянскіх народаў – рускіх, украінцаў і беларусаў. Недахопы гэтай тэорыі: не даказана існаванне гэтай адзінай старажытнарускай народнасці, больш таго, паміж існаваннем Кіеўскай Русі і станаўленнем рускіх, украінцаў і беларусаў як народнасцяў пралягае некалькі стагоддзяў.
Існуе таксама дзве выключаючыя адна адну тэорыі паходжання беларусаў – вялікаруская і вялікапольская, складзеныя на хвалі супрацьстаяння польскай і рускай нацыянальнай ідэй у барацьбе за беларускія землі (канец XIX – пачатак XX стст.). Аўтары гэтых канцэпцый – славянафілы А. Сразнеўскі, А. Сабалеўскі і інш. і палякі Я. Галембоўскі, А. Рыпінскі. Пастулаты гэтых тэорый вельмі падобныя. Адны сцвярджалі, што беларусы – гэта рускія, а беларуская мова – гэта дыялект мовы рускай, але “пашкоджанай” польскім уплывам, другія –наадварот.
Аўтары крывічскай тэорыі – В. Пагодзін, В. Ластоўскі, М. Кастамараў – сцвярджалі, што продкі сучасных беларусаў – гэта крывічы-палачане. Аднак аўтары праігнаравалі ўдзел у станаўленні беларускага этнасу дрыгавічоў і радзімічаў. Гэтую акалічнасць улічылі аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай тэорыі (Я. Карскі, У. Пічэта, М. Доўнар-Запольскі, М. Грынблат). Аднак і тут ёсць недакладнасці: беларуская народнасць склалася значна пазней, чым узніклі этнічныя суполкі крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў. Да таго ж, аўтары не ўлічылі ўплыву суседзяў-балтаў у фармаванні беларусаў.
Аўтары балцкай канцэпцыі Г. Штыхаў і В. Сядоў сцвярджалі, што беларусы з’явіліся шляхам змяшэння славян і балтаў. Але ў выніку гэтых працэсаў утварыліся дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Яшчэ больш фантастычная фінская тэорыя паходжання беларусаў. На падставе існавання на Беларусі фінскай тапанімікі (геаграфічныя назвы) аўтар – І.Ласкоў сцвярджаў, што беларусы пайшлі ад змяшэння славян і фіна-уграў. Але фіна-угры былі выцеснены з Беларусі балтамі значна раней, чым тут з’явіліся славяне. Усё, што засталося ад іх у час рассялення славянаў – гэта назвы некаторых геаграфічных аб’ектаў.
Сучасная канцэпцыя, якая ўлічвае амаль усе акалічнасці этнічных працэсаў на Беларусі, распрацавана М. Піліпенкам. Яна спалучае выкарыстанне дзвюх этнічных працэсаў – эвалюцыйнага і дыфузійнага. На першым этапе, калі ішло рассяленне славян на Беларусі, у выніку дыфузійных працэсаў (асіміляцыя балцкіх плямёнаў) узніклі крывічы, дрыгавічы і радзімічы. На другім этапе (X – XI ст.ст.) у выніку эвалюцыйнага працэсу адбылася кансалідацыя насельніцтва ў адзіную славянскую этнічную супольнасць. На трэцім этапе адбываліся дыфузійныя працэсы з заходнімі славянамі, балцкімі і цюркскімі элементамі.
Аб'яднанне на працягу XIII-XIV ст. раздробленых зямель у складзе Вялiкага княства Лiтоўскага, падначаленне адзiнай вярхоўнай уладзе прывяло да iх тэрытарыяльнай кансалiдацыi i паслужыла штуршком для складвання этнiчнай тэрыторыi беларусаў, якая адпавядала арэалам распаўсюджвання асноўных старажытных продкаў беларусаў (лiтвы, дайновы, яцвягаў, крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў) i ўяўляла сабой у XIV-XVI стст. ужо дастаткова аднародную ў этнiчным сэнсе (монаэтнiчную) зону. У выніку да сярэдзіны XVI ст. узнік беларускі этнас. Менавіта ў гэты час з’яўляецца назва тэрыторыі “Белая Русь”.
[правіць] Сучаснае рассяленне беларусаў
| Агульная колькасць, тыс.ч. | Беларусь | Расія | Украіна | Казахстан | Латвія | Літва | Эстонія | Польшча | |
| Перапіс у СССР (1979) | 9463[2] + ~1000[3] | 7569 | 1052 | 406 | 178 | 112 | 58 | 23 |
|
| Перапісы 2000-х гадоў | 8159[1] | 808 | 276 | 112 | 97 | 43 | 16 | 48 |