Насельніцтва Ліберыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ліберыя адносіцца да найменш населеных дзяржаў Заходняй Афрыкі. У гістарычным мінулым ліберыйская зямля панесла значныя чалавечыя страты праз гандаль рабамі. Дзве грамадзянскія вайны канца ХХ - пачатку ХХІ ст. забралі 250 тысяч жыццяў і выклікалі моцны міграцыйны адток (таксама каля чвэрці мільёна чалавек). Хоць часам Ліберыя сама прымае мігрантаў: у 2010-11 годзе сюды, ратуючыся ад гвалту, перабраліся 125 000 івуарыйцаў.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Сёння ў Ліберыі налічваецца меней за 5 млн чалавек, пры гэтым краіна дэманструе тыпова афрыканскія тэмпы росту насельніцтва: Нараджаецца 38 чалавек на 1000 (2017), а на адну жанчыну прыходзіцца 5 дзяцей, прырост складае 2,5%.[1]. Ён быў бы яшчэ вышэйшым, каб не эміграцыя (0,6%).

Сярэдні ўзрост ліберыйца ў 2017 складаў 17,8 гадоў, а 60% насельніцтва былі маладзей за 25 гадоў. Вялікіх поспехаў Ліберыя дасягнула ў барацьбе за жыцці немаўлят: нягледзячы на недахоп медыцынскіх работнікаў, узровень дзіцячай смяротнасці з 1990 знізіўся на 70 % і цяпер складае 52 на 1000, што ўсё роўна застаецца адным з найгоршых паказчыкаў у свеце. Дзіцячая смяротнасць павялічваецца ў тых сельскіх раёнах краіны, дзе пасюль практыкуецца жаночае абразанне. Яшчэ горшыя пазіцыі Ліберыі ў мацярынскай смяротнасці, бо роды часта прымаюць не прафесійныя медыкі.

Этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва Ліберыі складаецца з некалькіх этнічных груп. Таксама тут жывуць нашчадкі вызваленых амерыканскіх і карыбскіх рабоў (пераважна з Барбадаса), якіх называюць амерыканаліберыйцамі(каля 5%). Яны па сённяшни дзень займаюць вышэйшыя грамадскія і палітычныя пасады. Астатнія 95% насельніцтва складаюцца з мясцовых плямёнаў: кпеле — буйнейшае, баса, гіё, кру, грэба, мана, крахн, гола, гбандзі, лома, кісі, ваі, дэі, бэла, мандынга і мендэ.

Мова і рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Этнічная разнароднасць ускладняецца існаваннем у краіне каля 20 моў, а таксама распаўсюджанасцю анімізму. Дзяржаўная мова — англійская, ва ўмовах нацыянальнай стракатасці яна служыць сродкам міжэтнічных зносін. Паводле перапісу 2008, 86,5 % ліберыйцаў з'яўляюцца хрысціянамі пераважна пратэстанцкіх кірункаў, 12,2 % — мусульмане.

Размяшчэнне і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Манровія, даўнтаўн

У гарадах жывуць крыху больш за палову ліберыйцаў. У сталічным графстве Мантсерада ў 2017 жылі 1 118 тыс.чалавек, з іх 970 тысяч — у агламерацыі Вялікая Манровія. Як тое вядзецца на чорным кантыненце, роля сталіцы гіпертрафаваная: паводле дадзеных 2008 года ў Манровіі пражывае у 4 разы болей народу, чым у сталіцах усіх астатніх графстваў разам узятых. Другі горад — Гбарнга на паўночным усходзе (56 тыс.), трэці — Бьюкенен (50 тыс.)

Зноскі