Афрыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Афрыка
Месцазнаходжанне Афрыкі
Месцазнаходжанне Афрыкі
Тэрыторыя30 221 532 км²
Насельніцтва1 032 532 974 (2011) чал.
Шчыльнасць30,51 чал./км²
Этнахаронімафрыканцы,
афрыканец, афрыканка 
Уключае55[1] дзяржаў
Залежныя дзяржавы 
Мовыгл. Мовы Афрыкі 
Часавыя паясыUTC-1 да UTC+4 
Найбуйнейшыя гарады Спіс гарадоў-мільянераў Афрыкі 
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

А́фрыка — другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету, адзіны кантынент, які знаходзіцца ва ўсіх чатырох паўшар'ях Зямлі. Плошча 29,2 млн. км², з астравамі 30,3 млн км², займае 20,3 % сушы ці 5,9 % ад агульнай паверхні планеты. Крайнія пункты: на поўначы мыс Эль-Аб'яд, на поўдні мыс Ігольны (Агульяс), на захадзе мыс Альмады, на ўсходзе мыс Хафун. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, на ўсходзе — Індыйскім акіянам і Чырвоным морам. Берагі пераважна просталінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі.

Гісторыя даследавання[правіць | правіць зыходнік]

Давід Лівінгстан

Паўночныя берагі Афрыкі былі досыць добра вядомыя народам Старажытнай Грэцыі і Фінікіі. Звесткі аб прыродзе і насельніцтве кантынента назапашваліся і пераходзілі ад егіпцян і фінікійцаў да грэкаў і рымлян, ад арабаў да еўрапейцаў.

Для еўрапейскай геаграфіі сапраўдныя даследаванні Афрыкі звязаныя з эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. У пачатку XV ст. партугальскімі мараплаўцамі, якія шукалі марскі шлях у Індыю, быў пракладзены шлях уздоўж заходніх берагоў мацерыка і знойдзены выхад у Індыйскі акіян. У 1497—1498 гг. караван суднаў пад кіраўніцтвам Васка да Гамы на шляху ў Індыю абмінуў кантынент і выйшаў з Атлантычнага акіяна ў Індыйскі. Такім чынам быў завершаны пошук марскога шляху з Еўропы ў Індыю. З XVI ст. еўрапейскія гандляры пачалі вывозіць рабоў у Амерыку.

У канцы XVIII і пачатку XIX ст. узмоцненую цікавасць да даследавання Афрыкі сталі праяўляць еўрапейскія краіны. Розныя мэты вялі вандроўнікаў у дарогу — ваенна-стратэгічныя, навуковыя і каланіяльныя. Сярод даследчыкаў Афрыкі найбольш вядомыя брытанскі падарожнік Д. Лівінгстан (1813—1873), шатландзец М. Парк (1771—1806), немец Г. Барт (1821—1865), амерыканец Г. Стэнлі (1841—1904) і інш. Яны вывучалі ўнутраныя вобласці мацерыка, пранікаючы туды па рэках, шукалі іх вытокі, апісвалі азёры, прыроду і насельніцтва кантынента.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Экватар перасякае Афрыку амаль пасярэдзіне, таму амаль увесь мацярык ляжыць паміж тропікамі. Вялікая частка Афрыкі размешчаная ў экватарыяльным, субэкватарыяльных і трапічных кліматычных паясах, толькі паўночныя і паўднёвыя яго ўскраіны заходзяць у субтрапічны пояс. Пачатковы мерыдыян праходзіць праз заходнюю частку Афрыкі. Асаблівасцю канфігурацыі мацерыка з'яўляецца пашыраная яго паўночная частка (працягласцю з захаду на ўсход на 7500 км) і звужаная амаль у 2 разы паўднёвая частка. Кантынент абмываецца водамі Атлантычнага і Індыйскага акіянаў і іх морамі, ад Еўропы аддзелены Гібралтарскім пралівам. Сухапутная сувязь Афрыкі з Еўразіяй была парушаная пабудаваным у 1869 Суэцкім каналам. Берагавая лінія парэзаная слаба. Даўжыня берагавой лініі — 24 000 км. Вылучаюцца буйны паўвостраў Самалі і вялікі Гвінейскі заліў. Блізу Афрыкі размешчаны востраў Мадагаскар і мноства архіпелагаўКанарскі, Зялёнага Мыса і інш.

Будова паверхні[правіць | правіць зыходнік]

Будова паверхні мацерыка даволі аднастайная. Пераважаюць раўніны і пласкагор'і вышынёй ад 200 да 1000 м, нізін мала. Найболей шырокія пласкагор'і — Усходне-Афрыканскае і Паўднёва-Афрыканскае. Прыпаднятыя ўчасткі чаргуюцца з катлавінамі, найбольш шырокія з якіх — катлавіна Калахары, ўпадзіна Конга і інш. Найвышэйшы пункт — вулкан Кіліманджара (5895 м), самы нізкі — возера Асаль (-150 м). Сярэдняя вышыня — 600 м над узроўнем мора.

Вулкан Кіліманджара

Асаблівасці рэльефу звязаныя з гісторыяй развіцця мацерыка. У аснове кантынента ляжыць старажытная Афрыкана-Аравійская платформа — частка расколатай Гандваны. Платформа сфарміравалася ў археі і пратэразоі і за 2—3 млрд гадоў набыла вялікую ўстойлівасць. Толькі Атласкія горы на поўначы і Капскія на поўдні былі створаныя пазнейшымі рухамі зямной кары. Велізарная Афрыканская груда была ўзнімалася і апускалася, пры гэтым паўночная частка мацерыка часцей апускалася, чым падымалася, залівалася морамі. Крышталічны падмурак платформы перакрыты асадкавымі пародамі і толькі ў цэнтры Сахары і на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва выходзіць на паверхню. Рэльеф Усходняй і Паўднёвай Афрыкі фарміраваўся інакш — пераважалі ўзняцці зямной кары, утвараліся гіганцкія разломы, горсты і грабены. Актыўна развівалася вулканічная дзейнасць. Тут шмат лававых раўнін, грабены занятыя азёрамі. Вывяржэнні вулканаў, землетрасенні адбываюцца і ў нашы дні. У паласе рыфтаў размяшчаюцца вулканы, у тым ліку вулкан Кіліманджара.

Нетры Афрыкі багатыя мінеральнымі рэсурсамі. Размяшчэнне радовішчаў цесна звязана з геалагічнай гісторыяй і тэктанічнай будовай. Усходняя і Паўднёвая («высокая») Афрыка, дзе на паверхні пераважаюць магматычныя крышталічныя і метамарфічныя пароды, вядомая рудамі чорных і каляровых, высакародных і рэдкіх металаў. Радовішчы дыяментаў прымеркаваныя да кімберлітавых вулканічных трубак у нетрах платформы. У тоўшчах асадкавых парод Паўночнай і Заходняй Афрыкі назапасіліся запасы фасфарытаў, нафты і прыроднага газу (вобласць Сахарскай пліты), кухоннай солі, каменнага вугалю (Нігерыя). Нафту і газ здабываюць не толькі на сушы, але і на шэльфе Атлантычнага акіяна. У Паўднёвай Афрыцы значныя запасы каменнага вугалю, медных, уранавых руд.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Афрыка — самы гарачы мацярык планеты. На большай яе частцы сярэдняя тэмпература любога месяца вышэй +20 °С, што тлумачыцца размяшчэннем большай часткі мацерыка паміж тропікамі, дзе сонца на працягу года стаіць высока над гарызонтам, а два разы ў год бывае ў зеніце. Сезоны года больш адрозніваюцца паміж сабой па ўмовах увільгатнення. Асаблівасці клімату вызначаюцца цыркуляцыяй паветраных мас, ад якой шмат у чым залежыць колькасць ападкаў і рэжым іх выпадзення. Над экватарыяльнай часткай мацерыка фарміруецца пояс нізкага ціску, а ў трапічных шыротах — паясы высокага ціску. Гэтыя паясы перамяшчаюцца ўслед за зенітным становішчам Сонца і абумоўліваюць рух над мацерыком экватарыяльных, трапічных і ўмераных паветраных мас. Амаль увесь кантынент знаходзіцца пад дзеяннем пастаянных вятроў — пасатаў. Паўночна-ўсходнія пасаты, што прыходзяць з сушы, амаль не прыносяць вільгаці, а паўднёва-ўсходнія нясуць яе з Індыйскага акіяна. У субтрапічных шыротах у зімнія месяцы ападкі выпадаюць з умераных паветраных мас, у якіх пануе заходні перанос паветра з Атлантычнага акіяна. На размеркаванне ападкаў уплывае і рэльеф. Стромкія і высокія берагі кантынента замінаюць пранікненню вільготных вятроў з акіяна ў глыб мацярыка. На наветраных схілах гор ападкаў выпадае больш. На Эфіопскім нагор'і, на схілах гары Камерун іх колькасць дасягае 10 000 мм у год. Самыя сухія вобласці размешчаныя не толькі ўсярэдзіне мацерыка, але і ў яго прыакіянскіх частках. Так, заходняе ўзбярэжжа мацерыка ў трапічных шыротах абмываецца халоднымі цячэннямі. Паветра над імі робіцца халаднейшае, чым у верхніх слаях, таму яго канвекцыя ўскладняецца. Акрамя расы і туманаў ападкаў тут амаль няма. На мацерыку вылучаюць экватарыяльны, два субэкватарыальныя, два трапічныя і два субтрапічныя кліматычныя паясы. Усярэдзіне некаторых з іх існуюць адрозненні, якія вызначаюцца колькасцю ападкаў і іх рэжымам.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ніл у Егіпце

Размеркаванне ўнутраных вод цесна звязана з рэльефам і кліматам. Прыкладна 1/3 частка кантынента адносіцца да абласцей унутранага сцёку, бо велізарныя тэрыторыі мацерыка атрымліваюць мала ападкаў.

Там, дзе ападкаў выпадае шмат, рачная сетка густая. Іншымі словамі, рачная сетка размеркаваная на мацерыку нераўнамерна. Усходне-Афрыканскае пласкагор'е з'яўляецца водападзелам, таму вялікая частка рэк сцякае ў Атлантычны акіян. На рэках Афрыкі мноства парогаў і вадаспадаў, і яны малапрыдатныя для суднаходства, аднак валодаюць велізарнымі запасамі гідраэнергіі. Амаль усе рэкі маюць у асноўным дажджавое жыўленне. У абласцях з экватарыяльным кліматам яны паўнаводныя круглы год і ўтвараюць густую рачную сетку. У субэкватарыяльных паясах рэкі паўнаводныя толькі ў сезон дажджоў. Тэрыторыі з сухім трапічным кліматам амаль пазбаўленыя паверхневых вод, аднак там ёсць артэзіянскія басейны. Часта сустракаюцца сухія рэчышчы — вадзі, якія напаўняюцца вадой ад выпадковых дажджоў. На рэках у субтрапічным поясе ўзровень вады паднімаецца толькі ў перыяд дажджоў, на ўзбярэжжы Міжземнага мора гэта адбываецца зімой.

Рака Замбезі ў нацыянальным парку Мана-Пулс

У Афрыцы працякаюць самая доўгая рака мацерыка — Ніл (6671 км) і самая паўнаводная рака Усходняга паўшар'я — Конга (Заір) (4320 км), якая выносіць у акіян вады ў 15 раз больш, чым Ніл. Рака Нігер (4160 км) — трэцяя па даўжыні і плошчы басейна рака Афрыкі. Іншыя буйныя рэкі — Замбезі (2660 км) і Аранжавая (1860 км). Рака Замбезі знакамітая адным з найбуйных у свеце вадаспадаў — Вікторыя (вышыня 120 м, шырыня 1800 м), які адкрыў Д. Лівінгстан у 1855 г.

На возеры Танганьіка

Большасць буйных азёр ляжыць на ўсходзе мацерыка. Яны займаюць вузкія выцягнутыя катлавіны ў паласе разломаў зямной кары, маюць стромкія берагі і вялікія глыбіні. Найвялікшыя азёры — Танганьіка (найглыбейшае з афрыканскіх) і Ньяса. Возера Вікторыя (самае вялікае па плошчы) размешчана ў прагіне зямной кары. Возера Чад ляжыць у плоскай катлавіне. Яно мелкаводнае і мяняе свае абрысы ў залежнасці ад прытоку вод.

Унутраныя воды Афрыкі маюць вялікае значэнне для забеспячэння насельніцтва вадой, для арашэння палёў, атрымання таннай электраэнергіі.

Прыродныя зоны[правіць | правіць зыходнік]

У размяшчэнні прыродных зон выразна прасочваецца шыротная занальнасць, што звязана з раўнінным рэльефам, размяшчэннем мацерыка паміж тропікамі, нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. У басейне Конга і ўздоўж узбярэжжа Гвінейскага заліва растуць вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы. Ва ўмовах гарачага і раўнамерна вільготнага клімату ў верхнім пласце горных парод адбываюцца хімічныя працэсы, якія ўтвараюць злучэнні, багатыя жалезам і алюмініем. Пры гэтым глебы набываюць чырвоную і жоўтую афарбоўку, за што іх называюць чырвона-жоўтымі фералітнымі. Яны не адрозніваюцца ўрадлівасцю, бо арганічныя рэчывы раскладаюцца хутка, назапашвацца не паспяваюць, а паглынаюцца раслінамі або вымываюцца багатымі ападкамі. Раслінны полаг утвараўся ва ўмовах высокай вільготнасці, багатых ападкаў, аднак расліны добра прыстасаваліся да гэтых умоў: утвараюць шмат ярусаў, маюць цвёрдыя, шчыльныя, часта бліскучыя лісты, карані-падпоркі і г. д. Разнастайнасць відаў раслін велізарная, шмат парод дрэў з каштоўнай драўнінай і ядомымі пладамі. У лясах сустракаюцца некалькі відаў пальмаў, у тым ліку алейная. Растуць фікусы, дрэвападобная папараць, кававае дрэва, банан, шматлікія ліяны. Жывёльны свет лясоў таксама надзвычай разнастайны. У лясным подсціле і друзлай глебе мноства мікраарганізмаў і бесхрыбтовых, пад полагам лясы насяляюць лясныя свінні, дробныя капытныя (алянёк), лясныя сланы, блізкія да жырафаў акапі, ля вадаёмаў — карлікавыя бегемоты, сустракаюцца гарылы. Шматлікія жывёлы жывуць на дрэвах: малпы (макакі, шымпанзэ і інш.), птушкі, грызуны, казуркі. Самы буйны драпежнік — леапард. Шырока распаўсюджаныя мурашкі і тэрміты. Экватарыяльныя лясы змяняюць пераменна-вільготныя лясы, а затым пачынаюцца саванны.

Саванны займаюць каля 40 % плошчы кантынента. Саваны характарызуюцца спалучэннем травянога полага з асобнымі дрэвамі або іх групамі, зараснікамі хмызнякоў. Змена сухога і вільготнага сезонаў года ў саванах звязаная з рухам паветраных мас. Глебы тут урадлівейшыя, чым у вільготных экватарыяльных лясах. Перагной назапашваецца ў сухі сезон, фарміруюцца чырвона-бурыя глебы. Дрэвавая расліннасць прадстаўленая баабабамі, акацыямі з парасонавымі кронамі, мімозамі, пальмамі. У сухіх саванах растуць дрэвападобныя багаткі, альяс з мясістым калючым лісцем. Уздоўж рэк цягнуцца гадэрэйныя лясы. Багацце травяністай расліннасці — умова існавання шматлікіх відаў капытных жывёл: антылоп, буйвалаў, зебр, насарогаў. У саванах жывуць сланы, жырафы, бегемоты; шмат драпежнікаў — львы, гепарды, леапарды, гіены, шакалы; з птушак сустракаюцца страусы, марабу, птушка-сакратар і інш. Шмат тэрмітаў, якія робяць трывалыя высокія пабудовы.

Пяскі Сахары

Трапічныя пустыні і паўпустыні займаюць на мацерыку таксама велізарныя абшары (каля 30 %). Клімат тут засушлівы, дажджы нерэгулярныя і здараюцца эпізадычна. Паветра сухое, тэмпература высокая днём, рэзка зніжаецца ўначы; частыя пыльныя і пясчаныя буры. Расліннасць сустракаецца рэдка, а месцамі адсутнічае зусім. На поўначы кантынента ляжыць найвялікшая пустыня Землі — Сахара, на паўднёвым захадзе мацерыка — бясплодная пустыня Наміб. Глебы ў пустынях не ўтвараюць суцэльнага покрыва, утрымліваюць мала арганічных рэчываў, але шмат мінеральных солей. У тых месцах, дзе грунтавыя воды блізка падыходзяць да паверхні, развіваецца багатая расліннасць. Гэта аазісы. У пустынях расліннасць бедная, суцэльнага полага не ўтварае, добра прыстасавалася да жыцця ў сухіх умовах. Растуць пучкі травы, калючыя хмызнякі, на камянях — лішайнікі. У аазісах Сахары распаўсюджаная фінікавая пальма. У паўпустынях Паўднёвай Афрыкі расце своеасаблівая расліна — вельвічыя. Яна мае кароткі ствол (50 см) і вельмі доўгія лісты (ад 3 да 8 м), якія растуць на працягу ўсяго жыцця, што доўжыцца некалькі стагоддзяў, а ў некаторых каліваў 2000 гадоў і больш. Своеасаблівы і жывёльны свет гэтай зоны. Адны жывёлы могуць падоўгу абыходзіцца без вады, іншыя здольныя пераадольваць велізарныя адлегласці ў яе пошуках. Для пустынь характэрныя дробныя антылопы, змеі, яшчаркі; у Сахары водзяцца гіены, шакалы, львы, страусы.

Зона субтрапічных жорсткалістных вечназялёных лясоў і хмызнякоў займае крайнюю поўнач і поўдзень мацярыка. Колькасць ападкаў змяняецца па сезонах, лета гарачае, а зіма цёплая і вільготная. У гэтых умовах сфарміраваліся ўрадлівыя карычневыя глебы.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Па ацэнках 2009 года ў Афрыцы пражывае 1 млрд. чалавек, што складае каля 14,8 % насельніцтва Зямлі. Рост афрыканскага насельніцтва імкліва паскорыўся ў апошнія 40 год, таму ва ўзроставай структуры адносна пераважае моладзь. У асобных афрыканскіх краінах больш за палавіну насельніцтва маладзей за 25 год.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Карта, якая паказвае традыцыйныя моўныя сем'і, прадстаўленыя ў Афрыцы:      афразійская (семіта-хаміцкая)      аўстранезійскія (малайска-палінезійскія)      індаеўрапейскія      кайсанскія Нігера-кангалезскія:      банту      цэнтральныя і усходнія суданскія      цэнтральныя бантоідныя      усходнія бантоідныя      гвінейскія      мандэ      заходнія бантоідныя Ніла-сахарскія:      кануры      нілоцкія      сангаі

Па большасці ацэнак, у Афрыцы гавораць больш чым на тысячы моў (па ацэнках ЮНЕСКА каля двух тысяч)[2]. Большасць з іх афрыканскага паходжання, хоць некаторыя паходзяць з Еўропы ці Азіі. Афрыка з'яўляецца найбольш шматмоўным кантынентам у свеце, і тут не рэдкасць, калі людзі свабодна гавораць не толькі на некалькіх афрыканскіх мовах, але і на адной ці некалькіх еўрапейскіх. Існуюць чатыры асноўныя моўныя сям'і, карэнныя для Афрыкі.

Пасля заканчэння каланіялізму, амаль усе афрыканскія краіны прынялі афіцыйныя мовы, якія ўзніклі за межамі кантынента, хоць некаторыя краіны таксама надалі афіцыйны статус мовам карэнных народаў (напрыклад, суахілі, ёруба, ігба і хаўса). У многіх краінах, англійская і французская (гл. афрыканская французская мова) выкарыстоўваюцца для зносін у такіх грамадскіх сферах, як кіраванне, камерцыя, адукацыя і сродкі масавай інфармацыі. Арабская, партугальская, афрыкаанс і іспанская мовы з'яўляюцца прыкладамі моў неафрыканскага паходжання, якія выкарыстоўваюцца мільёнамі афрыканцаў сёння, як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектарах. Італьянская мова ўжываецца ў былых італьянскіх калоніях у Афрыцы. Нямецкая ўжываецца ў Намібіі, якая некалі была германскім пратэктаратам.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на вялікія прыродныя багацці, Афрыка застаецца самым бедным і найменш развітым кантынентам сучаснага свету. Паводле справаздачы ПРААН аб чалавечым развіцці 2003 года, 25 апошніх па ўзроўню развіцця краін (са 151-й па 175-ю) знаходзяцца ў Афрыцы.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

У розныя гістарычныя эпохі народы афрыканскіх дзяржаў (імперый, каралеўстваў) стваралі самабытныя культурныя творы, шмат у чым непадобныя на культурныя здабыткі заходняй і ўсходняй цывілізацый. Для афрыканскай культуры заўсёды былі ўласцівы даволі высокая ўстойлівасць, стабільнасць, кансерватыўнасць культурных традыцый, а таксама адносна нізкія, невысокія тэмпы культурнага развіцця. У стварэнні разнастайных культурных каштоўнасцей надзвычай важную ролю адыгрывалі не столькі рацыянальныя, колькі эмацыянальна-інтуітыўныя ўяўленні, погляды і схільнасці. Таму афрыканцы (у адрозненне ад больш рацыянальных еўрапейцаў) не змаглі дасягнуць прыкметных поспехаў у навуцы, філасофіі, стварыць арыгінальныя тэорыі, зрабіць вялікія адкрыцці. У афрыканскіх культурах звычайна вельмі значную ролю адыгрывалі рэлігійныя погляды, што праяўлялася ў пашыранасці політэізму (шматбожжа), абагаўленні розных прыродных з'яў і стыхій, трываласці культу продкаў. Адметнай рысай культурнага развіцця афрыканскіх народаў было тое, што практычна ўсе яны не стварылі сваёй уласнай пісьменнасці і распрацаванай сістэмы лічэння. Аднак гэтыя непісьменныя (ці, дакладней, беспісьменныя) народы з'яўляліся стваральнікамі такіх культурных каштоўнасцей (напр., скульптурных, архітэктурных твораў), некаторыя з якіх па свайму мастацкаму ўзроўню і майстэрству выканання не саступалі найлепшым узорам мастацтва цывілізаваных краін свету. Значную ролю ў духоўна-культурным жыцці афрыканцаў ва ўсе часы займалі рытуальныя танцы і песні, дзякуючы чаму многія мясцовыя жыхары маюць прыроджаныя музычныя здольнасці (аб чым сведчыць вялікая колькасць знакамітых музыкантаў, спевакоў з афрыканскімі каранямі). Традыцыйная афрыканская музыка стала адным з вытокаў джазу, моцна паўплывала на такія музычныя стылі, як соўл, рэп і інш.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. How many countries in Africa? How hard can the question be?
  2. Africa. UNESCO (2005). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2008. Праверана 1 сакавіка 2009.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]