Оціс (ураган)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ураган «Оціс» 25 кастрычніка

Ураган «Оціс» (англ.: Hurricane Otis) — самы моцны трапічны цыклон у Заходнім паўшар’і Зямлі з пачатку метэаназіранняў, які перасягнуў ураган «Патрысія»  (руск.) 2015 года. Сфарміраваўся ў сярэдзіне кастрычніка 2023 года. Усяго за 12 гадзін да 25 кастрычніка 2023 года ўраган дасягнуў пятай катэгорыі разбуральнасці па шкале Сафіра-Сімпсана і абрынуўся на Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Мексікі ў раёне горада Акапулька. Парывы ветру на піку інтэнсіўнасці дасягалі 270 км/г, інтэнсіўныя ападкі выклікалі паводкі і апоўзні[1][2].

Паводле даных на 29 кастрычніка 2023 года загінула 48 чалавек, яшчэ 36 лічацца зніклымі без вестак. Ураган нанёс значны матэрыяльны ўрон, пакінуўшы без электрычнасці і сувязі горад Акапулька з насельніцтвам 900 тысяч чалавек[3].

Метэаралагічная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Шлях урагана.

Першае паведамленне Нацыянальнага ўраганнага цэнтра аб фарміраванні вобласці паніжанага ціску на поўдзень ад Гватэмалы і Сальвадора з’явілася 15 кастрычніка 2023 года. Да 21:00 UTC 22 кастрычніка сфармаваўся трапічны цыклон, які атрымаў назву «Оціс»; цыклон павольна рухаўся ў паўночным кірунку. 24 кастрычніка пачалася хуткая інтэнсіфікацыя цыклона, чаму спрыяла высокая тэмпература паверхні акіяна (29-31 °C); да 21:00 UTC цыклон ужо дасягнуў 3-й катэгорыі, а да 3:00 UTC 25 кастрычніка — 5-й катэгорыі. За суткі хуткасць ветру ўзрасла з 85 км/г да 260 км/ г, пры гэтым «Оціс» заставаўся параўнальна невялікім цыклонам, моцны вецер назіраўся толькі ў радыусе 110 км ад цэнтра.

У 06: 25 UTC 25 кастрычніка ўраган на піку сваёй інтэнсіўнасці дасягнуў ўзбярэжжа Мексікі ў раёне горада Акапулька. Хуткасць ветру паблізу цэнтра дасягала 270 км/г (75 м/с), атмасферны ціск у цэнтры — 923 гПа (692 мм рт. сл.). Па хуткасці ветру «Оціс» стаў самым моцным трапічным цыклонам на ціхаакіянскім узбярэжжы Мексікі і саступаў толькі тром на атлантычным узбярэжжы («Джанет» 1955 года, «Аніта» 1977 года і "Дзін"2007). Пасля выхаду на сушу цыклон пачаў хутка губляць сілу і разбурыўся на працягу 25 кастрычніка.

Ураган «Оціс» стаў буйным пралікам метэаслужбаў, яшчэ за 16 гадзін да ўдару па Акапулька лічылася, што «Оціс» застанецца проста трапічным штормам, некаторыя мадэлі прагназавання наогул меркавалі, што цыклон паверне на захад і не выйдзе на сушу[4].

Разбурэнні і наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Урад Мексікі выпусціў папярэджанне аб урагане ў 9:00 UTC 24 кастрычніка (за 21 гадзіну да ўдару ўрагану па Акапулька). Былі зачыненыя порт і аэрапорт горада, а таксама школы. У выніку ўрагану ў штаце Герэра былі пашкоджаныя 1 электрастанцыя, 26 падстанцый, 37 ліній электраперадач, 10 тысяч ліхтарных слупоў; каля 500 тысяч жыхароў засталіся без электразабеспячэння. Пашкоджанні атрымалі не менш за 220 тыс. дамоў, у тым ліку 600 гатэляў і кандамініюмаў; на высокіх паверхах сілай ветру выціскала вокны і выломлівала сцены[5].

29 кастрычніка паведамлялася, што колькасць ахвяр удару стыхіі склала 48 чалавек, яшчэ 36 лічыліся зніклымі без вестак[3]. На прэс-канферэнцыі 30 кастрычніка губернатар штата Герэра Эвелін Сальгада заявіла, што ўраган «Оціс» забраў жыцці 45 чалавек, 47 — прапалі без вестак[6].

Папярэдне траты ацэньваюцца ў 10-15 млрд даляраў, што больш за ўсіх папярэдніх ураганаў у Мексіцы[7].

Зноскі

  1. Mexican president blasts critics after deadly hurricane (англ.). Reuters (28 кастрычніка 2023). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  2. Hurricane Otis' Category 5 'nightmare scenario' knocks out all communications in Acapulco, Mexico. CNN (25 кастрычніка 2023). Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2023. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  3. а б Mexico throws troops, aid into Acapulco as hurricane death toll rises hurricane (англ.). Reuters (29 кастрычніка 2023). Праверана 30 кастрычніка 2023.
  4. Nightmare scenario: Category 5 Hurricane Otis devastates Acapulco (25 кастрычніка 2023). Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2023. Праверана 30 кастрычніка 2023.
  5. Acapulco reels from catastrophic damage in the wake of Hurricane Otis. Yale Climate Connections (27 кастрычніка 2023). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2023. Праверана 30 кастрычніка 2023.
  6. В Мексике ураган Отис унес жизни не менее 45 человек. РИА Новости (30 кастрычніка 2023). Праверана 31 кастрычніка 2023.
  7. "Hurricane Otis kills at least 27, hammers Acapulco as damage seen in billions". Reuters [англійская]. 2023-10-27. Праверана 2023-10-27.