Павел Тапузідзіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павел Тапузідзіс
Род дзейнасці бізнесмен
Дата нараджэння 12 верасня 1956(1956-09-12) (67 гадоў)
Месца нараджэння

Павел Георгіевіч Тапузідзіс (нар. 12 верасня 1956, Абхазская АССР) — беларускі прадпрымальнік. Ганаровы консул Грэцыі ў Беларусі[1].

Маці — настаўніца рускай мовы[2]. З’ехаў з Грузінскай ССР, з уласных слоў, праз дыскрымінацыю там грэкаў, каб атрымаць адукацыю пажаданай спецыяльнасці[3]. У адной з мінскіх ВНУ[4] атрымаў адукацыю інжынера-мостабудаўніка[2]. Працаваў у БССР у мостабудаўнічай галіне[3]. У 1987 годзе быў звольнены[2][3]. З партнёрамі арганізаваў у Рудзенску[3] кааператыў «Пластикат», які праіснаваў 12 гадоў і займаўся вырабам штучных кветак і жалобных вянкоў, удзел у прадпрыемстве даў пэўныя сродкі[2].

Займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, у тым ліку вырабам цацак, гандлем цыгарэтамі[3]. На пачатку 1990-х гадоў[3] арганізаваў малое прадпрыемства «Прыма», якое вырабляла цыгарэты «Беломор-канал»[3], а потым і запалкі «Пламя Октября»[2]. Пасля ўвядзення дзяржаўнай манаполіі тытунёвы бізнес Тапузідзіса перапыніўся[3]. У 1996 годзе атрымаў ліцэнзію на выпуск цыгарэт. Станам на 2015 год яго прадпрыемства ТАА «Табак-Инвест», разам з дзяржаўнай фабрыкай «Нёман», манапаліст беларускага цыгарэтнага рынку[3]. Павел Тапузідзіс старшыня праўлення ТАА «Табак-Инвест» (асноўныя актывы — тытунёвая фабрыка і сетка гандлёвых цэнтраў «Карона»)[5], якое шэраг гадоў уваходзіць у дзясятку буйнейшых падаткаплацельшчыкаў Мінска. У 2015 годзе Тапузідзіс прагназаваў, што праз два гады можа стаць першым у Беларусі мільярдэрам[3].

Павел Тапузідзіс займаецца дабрачыннасцю, але канкрэтызацыю яе адрасатаў лічыць недарэчнай[6]. Збірае савецкі фарфор, паводле ўласных слоў, у зборы ёсць дзівосныя, вельмі прыгожыя рэчы, але не лічыць сябе сапраўдным калекцыянерам[6]. Мае вялікую бібліятэку, якую збірае з савецкіх часоў, у маладосці любіў творчасць Эрыха Марыі Рэмарка, што, на яго думку, значна ўплыла на яго, шмат чытаў Льва Талстога, зараз ахвотна чытае фантастыку[6]. Яшчэ адно захапленне — гадзіннікі, сам Тапузідзіс носіць Patek Philippe[6]. Таксама калекцыянуе значкі[3].

Павел Тапузідзіс лічыць асабіста для сябе важнай грамадзянскую пазіцыю і адказнасць[3]. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года быў памочнікам старшыні адной з выбарчых камісій[3]. Паводле меркавання некаторых СМІ, Тапузідіс набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі[5]. Па некаторых сцвярджэннях, Тапузідзіс блізкі да другога сына Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя[7]. Згодна з прадстаўленымі Кіберпартызанамі звесткамі, у 2016 годзе Тапузідзіс лётаў на грэчаскі курорт з Дзмітрыем Лукашэнкам, яго жонкай, дзецьмі і маці[8]. Тапузідзіс — дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу. У час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў старшынёй участковай выбарчай камісіі № 26 (Мінск, вул. Панчанкі, 56, СШ № 23) у склад якой прапанаваны працоўным калектывам бухгалтэрыі ТАА «Табак-инвест»[5].

Мае катэдж у Драздах, рэзідэнцыю на возеры Мядзел (пабудавана ТАА «Табак-инвест» як аздараўленчы цэнтр)[3]. Таксама Тапузідзісу прыпісваюць сядзібу на тэрыторыі Robinson Club. Паводле гарадской легенды, яму ж належыць сядзіба побач «Кароны» на вуліцы Кальварыйскай у Мінску.

Брат — Віталій Тапузідзіс, вядомы са СМІ затрыманнем па падазрэнні ў дачы хабару. Жонка — Ірына Тапузідзіс, кіраўнік дабрачыннага фонду «Родник доброты». Трое дзяцей, у тым ліку сын Георгій Тапузідзіс.

Санкцыі[правіць | правіць зыходнік]

У 2022 годзе Тапузідзіс трапіў пад санкцыі Канады[9].

5 снежня 2023 года Тапузідзіс, «Табак-инвест» і яго дырэктар Віктар Пятровіч былі ўнесеныя ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША[10][11].

Зноскі

  1. http://mfa.gov.by/upload/19.05.04_handbook.pdf
  2. а б в г д TimeCity Magazine, № 2 2012, с. 68..
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н Марціновіч Я. Павел Тапузідзіс: «Выдам загад…»
  4. «Крупным планом»…
  5. а б в Наша Ніва, № 28 2011, с. 8..
  6. а б в г TimeCity Magazine, № 2 2012, с. 69..
  7. «Алексін — гэта Віктар, Тапузідзіс — гэта Дзмітрый». Захапляльная гісторыя бізнэсу Паўла Тапузідзіса. Наша Ніва (2 студзеня 2024). Праверана 19 красавіка 2024.
  8. Аляксандр Ярашэвіч. З «Каронай» на чале. Як Павел Тапузідзіс далучыўся да «фальшывага транзіту» і пабудаваў бізнес-імперыю. Беларускі расследавальніцкі цэнтр (1 сакавіка 2022). Праверана 19 красавіка 2024.
  9. Канада ўвяла санкцыі супраць Тапузідзіса, Баскіна, Шакуціна і Пефціева. Новы Час (6 красавіка 2022). Праверана 12 красавіка 2023.
  10. Russia-related Designations; Belarus Designations; Issuance of Belarus General License (англ.). Міністэрства фінансаў ЗША (5 снежня 2023). Праверана 6 снежня 2023.
  11. Тапузідзіс, Шаўцоў, Шакуцін… ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асоб Беларусі. Наша Ніва (5 снежня 2023).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]