Помнік Францыску Скарыну (Мінск, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Помнік Францыску Скарыну
53°55′56″ пн. ш. 27°38′47″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Скульптар А. Дранец
Архітэктар Аляксандр Камлюк і Яраслаў Ліневіч
Дата пабудовы 2006 год
Map

Помнік Францыску Скарыну — помнік у Мінску, размешчаны каля галоўнага ўвахода ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі па праспекце Незалежнасці. Другі помнік у сталіцы, прысвечаны беларускаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыну. Устаноўлены ў 2006 годзе. Аўтарамі помніка з’яўляюцца скульптар Алесь Дранец[1], архітэктары Аляксандр Камлюк і Яраслаў Ліневіч[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Імпульсам для ўвасаблення вобраза беларускага гуманіста XVI ст. у пластыцы стаў арганізаваны ў 1991 г. рэспубліканскі конкурс праектаў на помнік Францыску Скарыну для Мінска. За перыяд правядзення трох этапаў конкурсу вызначаліся розныя пляцоўкі пад устанаўленне помніка, сярод якіх тэрыторыя Верхняга Горада (схіл ля Свята-Духавага кафедральнага сабора), а таксама пешаходная зона перад будынкам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Па выніках конкурса перамогу атрымаў зусім малады на той час скульптар Алесь Дранец[3][1]. Помнік быў адліты ў бронзе, завершаная манументальная выява першадрукара захоўвалася на Мінскім скульптурным камбінаце[4]. Устаноўлены перад будынкам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў 2006 годзе.

Праект мастака заснаваны на аўтарскім прачытанні вобраза першадрукара. Гэта паказчык таго, што за дзесяцігоддзе, такі кароткі ў гістарычным плане адрэзак часу, у нашай краіне адбылося шмат значных змен, у тым ліку і ў творчым асяроддзі. Прыйшло новае пакаленне скульптараў, якое атрымала магчымасць сказаць сваё гучнае слова ў манументальнай пластыцы. Кардынальна змянілася пластычная мова іх твораў, якія захавалі грунтоўнасць у распрацоўцы тэмы, але сталі ўспрымацца найперш асацыятыўнымі, сімвалічнымі, знакавымі акцэнтамі ў сучасным горадзе[3][1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Ф. Скарыну быў адліты з бронзы. У помніку Ф. Скарыну аўтар імкнецца ўзмацніць экспрэсіўнасць вобразу, звяртаецца да абагульнення форм, іх лаканічнасці. Выразны сілуэт будуецца на архітэктурнай канструкцыі манументальнай фігуры, вертыкальная калонападобная постаць асветніка з шырока разведзенымі, узнесенымі да гары рукамі, нібы ахінае, благаслаўляе беларускую зямлю. Ф. Скарына трымае кнігу — нязменны атрыбут у вырашэнні вобраза гуманіста. Строгія вертыкалі фігуры канцэнтруюць увагу на партрэтнай выяве героя. Скульптуры ўласціва дакладная прапрацоўка дэталяў. Пастамент помніка ўпрыгожваюць тры ажурныя рэльефы, якія прадстаўляюць краявіды Полацка, Прагі і Падуі, у якіх жыў і спыняўся ў сваіх падарожжах Францыск Скарына[1].

Помнік Ф. Скарыну, устаноўлены каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, разлічаны на два этапы і два ракурсы ўспрымання: з адлегласці выразны, набліжаны да знака сілуэт фігуры, а блізка — рэльефы на п’едэстале, ілюстрацыі падзей з жыцця і дзейнасці героя. Дакладна характарызуе помнік І. Мятліцкая[5][1]:

" Ідэйна-вобразная структура перадае імкненне скульптара да шырокага абагульнення, да стварэння вобраза-сімвала, які ўвасабляе спрадвечнае імкненне чалавека да адкрыцця новых шляхоў пазнання. Дзякуючы буйному маштабу, лаканічнасці форм, якія нібы канцэнтруюць духоўную энергію, помнік арганічна ўваходзіць у архітэктурны кантэкст, візуальна і сэнсава ўзбагачае вялікую прастору. "

Зноскі

  1. а б в г д М. П. ЧАЙКО. З НАГОДЫ 500-ГОДДЗЯ БЕЛАРУСКАГА І ЎСХОДНЕ-СЛАВЯНСКАГА ПІСЬМЕНСТВА: ВОБРАЗ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ Ў ТВОРАХ МАНУМЕНТАЛЬНАЙ СКУЛЬПТУРЫ Архівавана 2 лістапада 2018.
  2. Памятнику нужна прописка
  3. а б Мятліцкая, І. Гісторыя ствараецца тут і цяпер. Мастакі ў храме кнігі. Скульптура / І. Мятліцкая // Мастацтва. — 2006. — № 6. — С. 44
  4. Шаламіцкая Яўгенія Аляксандраўна. 31 студзеня 2017 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Валянцінавіча Дранца (1962), скульптара, педагога, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002)
  5. Мятліцкая, І. Гісторыя ствараецца тут і цяпер. Мастакі ў храме кнігі. Скульптура / І. Мятліцкая // Мастацтва. — 2006. — № 6. — С. 45

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]