Горад Полацк
З Вікіпедыя.
| Горад
Полацк
|
ПОЛАЦК — горад абласнога падпарадкавання ў Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Полацкага раёна, на р. Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. У 100 км ад Віцебска. Вузел чыгунак, лініі на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтамабільных дарог. Насельніцтва 82,4 тыс. чалавек (2006). Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацка, разам з якім складае гэтак званы Полацкі рэгіён.
|
[правіць] Гісторыя
Полацк (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск, паводле скандынаўскіх саг Paltesjuborg) упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862-865, дату цяжка дакладна акрэсліць, бо ў пачатковым летапісе даты вызначаны вельмі умоўна праз 200-250 гадоў пасля падзей. Звычайна першую згадку Полацка звязваюць з паведамленнем «В лето 6370 (862) и прия власть Рюрик, и раздал мужем своим грады, овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро.», але гэта ўстаўка пазнейшага летапісца, бо ў 9 ст. яшчэ не існавала Растова (з'явіўся у кан. 10 ст.), які згадваецца разам з Полацкам. Верагодная згадка Полацка датычыць паходу на палачан, паводле «Аповесці мінулых гадоў», кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, які адбыўся ў тыя ж 862-865 гады «Того же лета воеваша Асколд и Дир Полочан и много зла сътвориша».
У 9 ст. Полацк размяшчаўся на гарадзішчы (плошча часткі, якая захавалася каля 1 га) на правым беразе Палаты (адсюль назва). Хуткаму развіццю Полацка спрыяла яго выгоднае размяшчэнне на гандлёвым шляху з Рыжскага заліва да Кіева і Чорнага мора, праз вярхоўі Заходняй Дзвіны і Волгі да краін Усходу (частка шляхоў з вараг у грэкі і з вараг у арабы). У 10—13 ст. цэнтр Полацкага княства. У 11 ст. на тэрыторыі сёнешняга Верхняга замка пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная школа дойлідства, пабудаваныя Полацкі княскі храм і княскі палац, Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр, заснаваны Полацкія Спаскі і Багародзіцкі манастыры і інш. У 12 ст. тут працавалі майстар-ювелір Лазар Богша (стварыў крыж Еўфрасінні Полацкай) і дойлід Іаан, які пабудаваў Полацкую Спаскую царкву. З сяр 13 ст. Полацак у складзе ВКЛ, самы вялікі яго горад у 14—16 ст., меў адмысловыя правы («Полацкія прывілеi»). Тут былі створаныя Полацкія Евангеллі 12—14 ст., у горадзе пры Сафійскім саборы з 11 ст. была бібліятэка. Каля 1490 у Полацку нарадзіўся дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф. Скарына. У 1498 Полацак атрымаў магдэбургскае права. З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў свой герб. Падчас вайны 1654—1667 заняты рускімі войскамі, паводле Андрусаўскага перамір'я (1667) вернуты Рэчы Паспалітай. У 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. прыйшоў у заняпад. У 1772 да Расіі адыйшла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная частка горада. З 1776 цэнтр Полацкай губерніі, у 1778—1796 — намесніцтва, з 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 Віцебскай губерніі. З 1924 Полацак — цэнтр раёна, у 1924—1930 і 1935—1938 цэнтр акругі. З 1938 у Віцебскай вобласці. У 1944—1954 цэнтр Полацкай вобласці. У 1989 Полацак стаў першым у Беларусі гісторыка-культурным горадам-запаведнікам.
[правіць] Дэмаграфія
- 2006 — 82,4 тыс. чал.
- 2007 — 81,7 тыс. чал.
[правіць] Эканоміка
Прадпрыемствы хімічнай, машынабудаўнічай і металаапрацоўчай, лёгкай, харчовы, будаўнічых матэрыялаў, паліграфічнай прамысловасці. Полацкая ЦЭС. Полацак — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцінічны комплекс «Славянскі», гасцініца «Дзвіна».
[правіць] Культура
У горадзе створаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае стала дзеючыя музеі: Полацкі краязнаўчы музей, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, Полацкі музей-бібліятэку Сімеона Полацкага, Полацкі музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я, Полацкі музей баявой славы, Полацкі музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музей, музей Тусналобавай-Марчанка, Полацкі дом Пятра I, Полацкую стацыянарную выставу «Прагулка па Ніжнепакроўскай», Мастацкую галерэю.
З 2003 працуе філіял Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.
У Полацку месціцца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага Дзяржаўнага Універсітэту (астатнія — ў Наваполацку).
[правіць] Выдатныя мясціны
- гарадзішча і паселішча 9 — 10 ст.
- Барысаў камень (помнік эпіграфікі 12 ст.)
- руіны Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра (12 ст.)
- Полацкая кірха
- Езуіцкі калегіюм (18—19 ст.)
- Полацкі дом Пятра I
- Полацкі Крыжаўзвіжанскі сабор
- Полацкі Багаяўленскі мужчынскі манастыр
- Полацкі Сафійскі сабор
- Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр
- Полацкі «Чырвоны мост»
- фрагменты жылой забудовы (17—19 ст.)
- Ніжні замак (вядомы як «Вал Івана Грознага») і інш. Да помнікаў археалогіі ставяцца
[правіць] Вядомыя асобы
- Еўфрасіння Полацкая (12 ст.)
- Францыск Скарына (каля 1490 — каля 1551)
- Сімяон Полацкі (1629—1680)

