Пётр Пятровіч Марчанка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пётр Марчанка
Поўнае імя Пётр Пятровіч Марчанка
Дата нараджэння 16 жніўня 1992(1992-08-16) (31 год)
Краіна  Беларусь
Жонка Юлія Анатольеўна Марчанка (Юніцкая)
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі музыкант, гітарыст, палітычны вязень
Інструменты гітара
Жанр Народная музыка, фэнтэзі фолк, Музыка Сярэдневякоўя
Калектыў Irdorath, Shaman Jungle

Пётр Пятровіч Марчанка (нар. 16 жніўня 1992) — беларускі музыка, грае на струнных, былы удзельнік гурта Irdorath і праекта Shaman Jungle. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў вёсцы ў Жлобінскім раёне, дзе дасюль жывуць бацькі Пятра. Мае двух сясцёр, старэйшая з іх — паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева. На яе гітары Пётр самастойна пачаў вучыцца граць.

Пасля школы скончыў абласны ліцэй ў Гомелі, дзе навучаўся ў гістарычным класе, адтуль паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Пазней спрабаваў сябе ў якасці журналіста, працаваў у газеце Менскага трактарнага заводу[2].

За два месяцы да затрымання, у чэрвені 2021, Пётр пабраўся шлюбам са сваёй дзяўчынай Юліяй (у дзявоцтве Юніцкай). Пасля затрымання дома ў Пятра і Юліі засталіся два пацукі і два каты.

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Пётр Марчанка быў затрыманы ўвечары 2 жніўня 2021 на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання дня народзінаў Надзеі Калач разам з іншымі музыкамі і гасцямі свята. Агулам было затрымана 16 чалавек, дзесяць з іх пазней атрымалі суткі арышту і штрафы ў межах адміністрацыйных спраў аб непадпарадкаванні міліцыі. Шэсць чалавек, у тым ліку Пётр і Юлія Марчанкі, былі затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па сведчанні адной з прысутных на святкаванні, Аляксандры Грахоўскай, затрыманне было падобна на спецаперацыю: прысутныя сабраліся на лецішчы, дзе збіраліся адзначыць дзень народзінаў Надзеі, але перад пачаткам святкавання заўважылі людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія беглі з розных бакоў і стралялі. «Было так шмат выстралаў, што не зразумела, чаму пакуль усе жывыя» — сведчыла Аляксандра пазней. Для запісу затрымання выкарыстоўваўся дрон, здымкі з якога пасля былі паказаны МУС у тлумачальным відэа па затрыманні. Прысутных паклалі на зямлю, адабралі тэлефоны, пазней жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сама Аляксандра праз два дні атрымала штраф ў межах адміністрацыйнай справы за тое, што не адчыніла зламаную брамку, якая не была зачынена (таксама за гэта ж былі асуджаны яшчэ дзевяць чалавек)[3].

10 жніўня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Пётр Марчанка і іншыя затрыманныя на святкаванні музыкі быўлі прызнаны палітычнымі зняволеннымі[4].

28 верасня 2021 сімвалічнай «хроснай» Пятра і Юліі Марчанак стала дэпутатка Бундэстагу Філіз Полат  (англ.) [5][6].

Амаль пяць месяцаў, якія ішло следства, Марчанка правёў пад арыштам у СІЗА на Валадарскага ў Мінску. З яго лістоў з СІЗА вядома, што ў зняволенні ён займаўся матэматыкай, вывучаў кнігі па праграмаванні, якія былі у бібліятэцы СІЗА, таксама займаўся распрацоўкаў падручніка-прыкладання для дудароў, якім пачаў займацца яшчэ на волі[7].

24 снежня 2021 у судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Пятра Марчанкі, па адной справе з ім таксама судзілі яго жонку Юлію Марчанку і іншага ўдзельніка гурта Irdorath Антона Шніпа. Як і па справе Калачоў (за 10 дзён да гэтага, 14 снежня, Надзея і Уладзімір Калач былі асуджаны на два гады калоніі) справа Марчанкі спачатку ўключала ў сябе, у тым ліку, і «навучанне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці», але праз адсутнасць доказаў дзяржабвінаваўца адмовіўся падтрымаць гэта абвінавачванне. У выніку музыкаў абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове. Падставай нібыта стаў удзел музыкаў у маршах пратэсту 16 жніўня і 25 кастрычніка 2020 года. 28 снежня 2021 суддзя Анастасія Ачалава вынесла прысуд тром музыкам, дзе пагадзілася з пазіцыяй абвінавачвання і прызначыла ўсім траім падсудным, Пятру і Юліі Марчанкам, а таксама Антону Шніпу па паўтары гады ў калоніі агульнага рэжыму[8].

На пачатку лютага 2022 быў пераведзены з СІЗА-1 у віцебскі СІЗА-2, а 7 красавіка Пётр быў этапаваны ў папраўчую калонію № 3 (Віцьба).

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]