Рэспубліка Вострава Ружы
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Востраў Ружы, поўная назва Рэспубліка Вострава Ружы (эспер.: Insulo de la Rozoj, Respubliko de la Insulo de la Rozoj; англ.: Republic of Rose Island) — мікрадзяржава, якая кароткі час існавала на штучнай платформе ў Адрыятычным моры за 11 км (7 міль) ад берага італьянскай правінцыі Форлі.
Узнікненне
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя пачалася ў 1964 годзе, калі італьянскі інжынер Джорджыа Роса атрымаў дазвол на выпрабаванне новай тэхнікі, каб пабудаваць вялікую платформу плошчай 400 квадратных метраў у Адрыятычным моры, на адлегласці 7 міль ад італьянскага берага. Гэтую штучную выспу падтрымлівалі 7 моцных калон, усталяваных на марскім дне.
Незалежнасць
[правіць | правіць зыходнік]26 чэрвеня 1968 года была абвешчана незалежнасць вострава як самастойнай дзяржавы. Яго афіцыйная назва была эсперантамоўнай, каб падкрэсліць ідэю міжнароднасці. Ружы былі выбраныя з-за імя стваральніка, Джорджыa Роса (прозвішча Rosa перакладаецца з італьянскай мовы як Ружа). Гісторыя пабудовы платформы і яе ўжыванне ў навуковых і турыстычных мэтах вядомы слаба, але здаецца, што там былі рэстаран, начная танцавальная пляцоўка, крама для продажу сувеніраў, пошта. Магчыма існавала радыёстанцыя, друкавалі паштовыя маркі і былі ўласныя грошы. Здаецца, што нейкія асобы набылі права ўласнасці на выспу.
Знішчэнне вострава
[правіць | правіць зыходнік]Улады Італіі палічылі, што мэты дзяржавы-вострава — збіраць грошы з турыстаў, пазбягаючы падаткаў. Неўзабаве на востраў прыбылі Карабінеры і падатковыя інспектары, якія пачалі кантраляваць востраў. Пасля гэтай сустрэчы платформа-дзяржава даслала ўладам Італіі тэлеграму, пратэстуючы супраць «парушэння яе суверэнітэту і нанясення шкоды мясцоваму турызму ваенным уварваннем», але тэлеграму праігнаравалі. Неўзабаве платформу разбурылі.