Сядзібна-паркавы комплекс Свяцкіх (Полымя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сядзібна-паркавы комплекс
Сядзіба «Беліца»
Рэшткі сядзібнага дома ў 2012 годзе
Рэшткі сядзібнага дома ў 2012 годзе
54°41′07,84″ пн. ш. 29°37′01,42″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Полымя
Архітэктурны стыль неакласіцызм[1]
Архітэктар У. Мічкоўскі[1]
Будаўніцтва 1909 — 1911[1]
Будынкі
рэшткі парка • рэшткі сядзібнага дома
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000750шыфр 212Г000750
Map

Сядзібна-паркавы комплекс Свяцкіх — часткова захаваны помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў аграгарадку Полымя Сенненскага раёна, пабудаваны ў 1909—1911 гадах[1].

Сядзіба ў Старой Беліцы, пабудаваная ў пачатку XIX стагоддзя і перабудаваная Каралем Свяцкім у пачатку XX стагоддзя, з'яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сядзібны дом Свяцкіх. Здымак да 1914 года.

Свяцкія пабудавалі, верагодна, у пачатку XIX стагоддзя, цагляны, у стылі класіцызму палац, які пазней быў рэканструяваны і мадэрнізаваны.

У 1909—1911 гадах Караль Свяцкі дабудаваў да левага крыла палаца васьмікутную вежу. З імем гэтага прадстаўніка старадаўняга роду звязаная легенда аб скарбе Напалеона: нібы Караль знайшоў золата і каштоўнасці агульнай вагай амаль 800 пудоў, якія, пакідаючы Маскву, французскі імператар утапіў у Стаялым або, як яго яшчэ завуць, Семлеўскім возеры.

У дваранскім гняздзе Свяцкіх у 19031904 гадах працаваў прыганятым і пачаў сваю творчую дзейнасць Іван Луцэвіч — будучы класік беларускай літаратуры Янка Купала. Напярэдадні 90-годдзя са дня нараджэння паэта на будынку сядзібы была ўсталяваная мемарыяльная дошка.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ў палацы месцілася сельскагаспадарчая школа, падчас Другой сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі палац у якасці казармы. Пасля вайны тут была школа, дом культуры, бібліятэка. А ў гаспадарчых пабудовах сядзібы быў спіртзавод саўгаса «Полымя».

У 1976 годзе сядзіба ў Старой Беліцы была прынятая пад дзяржаўную абарону — выканкам Віцебскага абласнага савету дэпутатаў улучыў яе ў «Збор помнікаў БССР. Віцебская вобласць». Кіраўніцтва саўгасу «Полымя» выступіла з ініцыятывай правесці рэканструкцыю помніка архітэктуры, у якім жыў знакаміты паэт. Але з-за адсутнасці фінансавых сродкаў рамонт будынка ажыццёўлены не быў, а мемарыяльную дошку са згадваннем імя Янкі Купалы з будынка сядзібы знялі і змясцілі на захоўванне ў мясцовы сельсавет.

У цяперашні час амаль усе будынкі ў руінах.

29 сакавіка 2009 года паміж Сенненскім райвыканкамам і замежным таварыствам з абмежаванай адказнасцю «БелФ'ючэрс» (Латвія) быў падпісаны пратакол аб намерах адрадзіць сядзібна-паркавы комплекс дваран Свяцкіх і стварыць там культурна-дзелавы цэнтар. Ад адной з некалі найпрыгажэйшых у Беларусі сядзіб захаваліся толькі разваліны сядзібнага дома з васьмікутнай вежай і зарослы, часткова высечаны парк. Плануецца, што былая сядзіба будзе адноўленая з максімальным набліжэннем да арыгіналу. На месцы цяперашніх руін з'явіцца сучасны культурна-дзелавы цэнтр з гасцінічным комплексам і зонай адпачынку — кафэ, саўнай, паляўнічай хаткай. Вышукальніцкія працы павінны былі пачацца ў красавіку, адмыслоўцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта павінны правесці ацэнку тэхнічнага стану захаваных частак сядзібы для азначэння аб'ёму будаўнічых прац і выдаткаў на рэканструкцыю. Затым да працы прыступяць латвійскія архітэктары[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі сядзібнага дома і парка

Паводле першапачатковага плану гэта быў сіметрычны, аднапавярховы будынак, пабудаваны ў плане як падоўжаны прамавугольнік, з высокімі, светлымі паверхамі. Толькі ў цэнтральнай частцы, акцэнтаваны рызалітам, быў двухпавярховы. Фасадам у рызаліце быў порцік з чатырма паўкруглымі тасканскімі калонамі. Над уваходам была ўвянчаны трохкутным шчытом з картушам уладальнікаў. З боку саду цэнтральны рызаліт меў паўкруглую форму.

У 1909—1911 гадах Караль Свяцкі дабудаваў для левага крыла палаца васьмікутную вежу, спраектаваную познаньскім архітэктарам Уладзіславам Мічкоўскім. На першым паверсе вежы быў прасторны ванны пакой, на першым паверсе — вялікая скульптурная майстэрня Станіслава, сына Караля. Кожная цагліна збудаванай Каралем часткі была пазначана яго манаграмай («KS»).

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Валянцін Ваньковіч. Напалеон ля вогнішча  (польск.)

Арганізацыя інтэр'еру палаца была першапачаткова двухсекцыйнай, пазней стала нерэгулярны. У агульнай складанасці было 18 памяшканняў рознага памеру.

Сярод калекцый, якія знаходзіліся ў палацы было некалькі каштоўных карцін, у тым ліку пэндзля Валянціна Ваньковіча (стрыечнага дзеда Караля) (карціна, што паказвае Напалеона, які глядзіць на пажар Масквы, ацалела і цяпер знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага Музея ў Варшаве), Леана Вычулкоўскага  (руск.), Рамана Швайніцкага  (польск.), Уладзіслава Маеўскага і Артура Бартэльса. Бібліятэка налічвала 3 тысячы тамоў.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Невялікі парк меў характар ландшафтнага сада, закрытага квадратам ліпавых алей, па старапольскім узоры. Па абодва бакі палаца былі вялікія газоны.

Зноскі

  1. а б в г Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 355. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  2. Латвийский инвестор хочет возродить дворянскую усадьбу в Сенненском районе Архівавана 31 сакавіка 2009. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]