Тырамісу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўтарства
Краіна паходжання
Кампаненты
Асноўныя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тырамісу (італ.: tiramisù, літаральна — «узнясі мяне») — італьянскі шматслаёвы дэсерт, у склад якога ўваходзяць наступныя інгрэдыенты: сыр маскарпонэ, кава (звычайна эспрэса), курыныя яйкі, цукар і пячэнне саваярдзі. Як правіла, дэсерт прыпудрываюць какава-парашком.

Тырамісу — адзін з найбольш папулярных дэсертаў у свеце. Існуюць адаптацыі рэцэпту, згодна з якім какава-парашок замяняюць цёртым шакаладам, саваярдзі — бісквітам, кававае начынне — садавіной або алкаголем (звычайна марсала або мадэра), а ў некаторых варыяцыях тырамісу можа нагадваць пудынг ці кекс.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэцэпт не прадстаўлены ў кулінарных кнігах, апублікаваных раней першай паловы XX стагоддзя.

Першае пісьмовае згадванне зафіксавана ў артыкуле Джузэпэ ды Клементэ і датавана 1971 годам. У 1981 годзе Джузэпэ Мафіёлі, у штоквартальным часопісе «Vin Veneto» пісаў, што тырамісу быў створаны кандытарам Раберта Лінгуанота ў канцы 60-х гадоў у рэстаране «Alle Beccherie» (горад Трэвіза). Джузэпэ Мафіёлі падкрэсліў, што сваёй назвай тырамісу (іт. tira mi sù — ўзнясі мяне) абавязаны аднаўляльным і пажыўным якасцям інгрэдыентаў, якія ўваходзяць у яго склад.

Рэцэпт таксама сустракаецца ў кнізе «I dolci del Veneto» (1983 год). Далейшыя згадкі можна сустрэць ужо ў пазнейшых тэкстах, такіх як «Cucina e tradizioni del Veneto», дзе пішуць, што тырамісу быў створаны ў пасляваенны час у рэстаране «Alle Beccherie» шэф-кухарам, які меў досвед працы ў Цэнтральнай Еўропе.

Разам з вышэйназванымі пісьмовымі сведчаннямі існуе мноства легенд. Так, адна з іх паведамляе, што папулярны італьянскі дэсерт ўпершыню падрыхтавалі ў Сіене (Таскана) адмыслова для Вялікага герцага Тасканы Казіма III Медычы.

Таксама існуюць версіі, паводле якіх аўтарства прыпісваецца рэстаранам «El Toulà» і «Al Fogher». Акрамя гэтага, 8 кастрычніка 2006 г. газета Baltimore Sun апублікавала артыкул, у якім сцвярджаецца, што пастаўшчыком дэсертаў для рэстарана «Beccherie» быў Кармінантоніа Янаконэ, які жыве ў цяперашні час у Балтыморы, штат Мэрыленд, ЗША, і што тырамісу вынайшаў менавіта ён.